На Бераставіччыне зялёнае жніво набірае абароты

Лента новостей Сельское хозяйство

Андрэй Панцэвіч
і Міхаіл Янушка

Да заканчэння апошняга веснавога месяца застаюцца лічаныя дні. Для аграрыяў ён з’яўляецца прадвеснікам яшчэ больш напружанай працы на палетках, напамінам аб хуткім старце ўборачнай кампаніі, а для некаторых сельгаспрадпрыемстваў раёна этапам завяршэння чарговага адказнага працэсу – нарыхтоўкі траў першага ўкосу.

Аляксандр Шуміла
і Дзмітрый Грышчанка

“Ліхаманка” кашэння травы і нарыхтоўкі залёных кармоў ахапіла ўсе дзевяць гаспадарак Бераставіччыны без выключэння. Сёлета ў раёне травы першага ўкосу неабходна скасіць на плошчы амаль у 9850 гектараў. І адным з першых сельгаспрадпрыемстваў, у якім касавіца пачалася яшчэ тыдзень таму, а з дня на дзень дасягне кропкі “экватара”, стала камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Варанецкі”. Тут з 1381 гектара плошчаў на 22 мая было скошана 415 гектараў, або 30 працэнтаў ад запланаваных паказчыкаў, а сабрана звыш 350 гектараў, гэта 85 працэнтаў ад плошчаў скошаных траў.
На пазіцыі ўмоўных “лідараў” зялёнага жніва, акрамя КСУП “Варанецкі”, замацаваліся РУСП “Масаляны”, аграфірма “Стары Дворац” і РСУП “Алекшыцы”. У першых двух гаспадарках на 22 мая ўжо скошана больш за 30 працэнтаў траў, а ў апошняй – больш за 20.
Тым часам працэс закладкі зялёных кармоў у КСУП “Варанецкі” ідзе нядрэннымі тэмпамі. Па словах Аляксандра Рыжэўскага, галоўнага агранома названага сельгаспрадпрыемства, ужо нарыхтавана пятая частка сенажу ад намечаных 13500 тон зялёнай масы.
— Якасць атрыманага фуражу ў гэтым годзе задавальняе, — акцэнтуе ўвагу Аляксандр Іосіфавіч. – Таму на дадзены момант наша галоўная задача – скасіць травы і нарыхтаваць травяністы корм у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны. Тым больш, што пры спрыяльных умовах надвор’я тэхнічная забяспечанасць сельгаспрадпрыемства дазволіць завяршыць гэты працэс прыкладна праз тыдзень. Зараз на палетках гаспадаркі задзейнічаны значны арсенал тэхнікі – чатыры касілкі, два камбайны, каля дзесяці адзінак на адвозцы і іншыя. Непасрэдна сам працэс здрабнення і пагрузкі зялёнай масы ў транспартныя сродкі на кормаўборачных камбайнах “Клаас Ягуар” і “Джон Дзір” ажыццяўляюць механізатары Аляксандр Шуміла і Юрый Яскевіч.
Пакуль уважліва слухаю свайго суразмоўцу, адначасова накі­роўваемся да аднаго са згаданых раней работнікаў.
Аляксандра Рамуальдавіча і механізатара Дзмітрыя Грышчанка, што заняты на адвозцы сенажу, застаем якраз на падборы апошняй палоскі скошаных траў. Па словах субяседнікаў, не першая для кожнага з іх корманарыхтоўчая кампанія працякае добра: травастой пацешыў, таму і працуецца з ахвотай…
— Пры гэтым акцэнт пры нарых­тоўцы кармоў, — заўважае галоўны аграном, — робіцца на выкананні ўсіх тэхналогій. Для паляпшэння якасці закладка травяных кармоў ажыццяўляецца з прымяненнем біякансерванту “Сіла-Прайм”, які дазваляе забяспечыць амаль максімальную захаванасць пажыўных рэчываў. Да таго ж якасць прадукту пастаянна адсочваецца спецыялістамі як самой гаспадаркі, так і раённай ветэрынарнай станцыі, якія бяруць пробы корму для аналізаў, правяраюць яго тэмпературу.
Увогуле, работы ў КСУП “Вара­нецкі” не супыняюцца нават ноччу. У гэты час сутак на трамбоўцы траншэй задзейнічаны трактар “К-700”, а днём – два “Амкадоры”, якімі кіруюць механізатары з 20-цігадовым і 18-цігадовым працоўным стажам Міхаіл Янушка і Андрэй Панцэвіч.
Увогуле ж, калі дазволіць над­вор’е, ў гаспадарцы плануюць зняць не менш за тры-чатыры ўкосы, а з першага ўкосу траў у сельгаспрадпрыемствах Бераставіччыны – нарыхтаваць амаль 120 тыс. тон сенажу і 5580 тон сена.

Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *