У той год маленькі Віктар якраз павінен быў ісці ў школу. Але… Ён добра памятае і цяпер, як над іх вёскай з’явіліся нямецкія самалёты з чорнымі крыжамі на крылах. Адзін з іх неўзабаве нізка спусціўся над зямлёй і пачаў страчыць кулямётнай чаргой па жытнёвым полі побач з вёскай. Акурат у той бок незадоўга да гэтага накіраваўся чырвонаармеец, на хаду запытаўшы ў мясцовых жыхароў пра дарогу на Ваўкавыск. Самалёт падняўся вышэй і зрабіў яшчэ адзін круг над тым самым месцам, зноў прашыўшы поле кулямётнай стральбой. На шчасце, і пасля другога заходу чырвонаармеец застаўся жывым, бо відаць было, як праз некаторы час, калі самалёты зніклі з поля зроку, ён падняўся з зямлі і пабег у бок лесу.
Добра памятае Віктар Сцяпанавіч Кіслейка (на здымку), сёння жыхар невялікай вёскі Жабры, як тады, у яго роднай вёсцы Сінькі, у той жа самы дзень з’явіліся немцы на некалькіх матацыклах, спыніліся каля калодзежа і пачалі аблівацца вадой. З гэтага самага моманту пачалі свой адлік нялёгкія часіны не толькі для яго самога, на паўтары гады старэйшага за яго брата Аляксандра і яшчэ старэйшай сястры, але і для ўсіх людзей навокал.
— Першыя гады, калі з намі быў бацька,- успамінае Віктар Сцяпанавіч,- сяк-так перабіваліся. – Бацька хадзіў на работу ў Зайкаўшчыну, у былы некалі панскі маёнтак, якім цяпер валодалі і ўпраўлялі новыя “гаспадары”. Часамі і нас браў з сабой на больш лёгкія работы. А ў 1944 го-дзе, пасля вызвалення, бацька пайшоў на фронт… і дамоў больш не вярнуўся. Ён загінуў у баях за вызваленне польскага горада Гдыня. Толькі медаль “За адвагу”, які мы атрымалі пазней, застаўся нам апошнім напамінкам аб ім з тых страшных часоў.
–Найгорш было, працягвае далей мой суразмоўца,– у другой палове 40-х і пачатку 50-х гадоў. Зямлю мы мелі, ды і нямала, а ні каня, ні бараны, ні плуга не засталося. Яшчэ ў 1940-м годзе бацька аддаў усё ў першы “даваенны” калгас. Таму вельмі ўзрадаваліся мы, калі дастаўся нам “ваенны” конь. Але якія з нас былі аратаі? Плакала, бывала мама, калі ў поле ад-праўляліся. А каб яе крыху падба-дзёрыць, яшчэ і песню заспяваем. Хоць, прызнацца, часамі не да спеваў было. Ідзеш, бывала, за плугам, а конь возьме, ды і ляжа ў баразну. Ніяк яго не падымеш, пакуль не распражэш.
— У 1949 годзе пачалі арганізоў-вацца калгасы. Наша сям’я, а таксама Сягоднікі і Тапчылкі першымі ўступілі ў калгас, якому прысвоілі імя Васілеўскага. У хуткім часе і ўсе астатнія жыхары нашай вёскі сталі калгаснікамі.
Далей настаў этап узбуйнення калектыўных гаспадарак. У 1952 годзе сяляне вёскі Сінькі разам з калгаснікамі навакольных вёсак Жабры, Петраўцы, Кавалікі, Карпаўцы і Леснявічы аб’ядналіся ў калгас “Бальшавік” з цэнтрам у Карпаўцах. Віктару даручылі весці ўлік працаднёў. Але “канторская работа”, па яго словах, не вельмі падабалася, і ў 1954 годзе ён упрасіў старшыню адправіць яго на курсы па падрыхтоўцы механізатараў шырокага профілю, якія арганізоўваліся ў той час непадалёку ад Гродна, у вёсцы Мураванка.
І вось праз год юнак вярнуўся ў свой калгас, зноў прыступіў да добра вядомай яшчэ з дзяцінства справы, але на гэты раз ужо на лепшым – “жалезным” кані, трактары КДП.
— Калі вяртаўся замучаны з поля дамоў з запыленым тварам,- гаворыць Віктар Сцяпанавіч,- маці крадком выцірала слязу. – Аднак, пасля таго, як на працадні атрымаў тры тоны збожжа, твар яе засвяціўся ўсмешкай.
Мала-памалу жыццё сялян пачало наладжвацца. Віктар Кіслейка вельмі любіў тэхніку, увесь час імкнуўся да новага, перадавога. У 1961 годзе ён адным з першых засвоіў актуальны тады квадратна-гнездавы спосаб пасадкі кукурузы, а ў 1967 годзе яго прызналі адным з лепшых сельскіх рацыяналізатараў. Ён разам са сваім напарнікам Міхаілам Мікалутай і слесарам Яўгеніем Апуневічам сканструяваў прыстасаванне да ўнясення мінеральных угнаенняў. Менавіта на базе яго былі распрацаваны ў далейшым добра вядомыя механізатарам РУМы.
— Нават канструктараў прывозілі да мяне на поле параіцца наконт будучага агрэгата,- дадае Віктар Сцяпанавіч.
За свае працоўныя дасягненні В.С.Кіслейка быў узнагароджаны ордэнамі Леніна і «Знак Пашаны», а таксама медалём “За працоўную доблесць”.
Сяргей Хілюта,
фота аўтара