Педагогі Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці аг. Пагранічны ў сваёй дзейнасці актыўна звяртаюцца да культурных здабыткаў беларускага народа, старажытных абрадаў, традыцый з мэтай выхавання ў падрастаючага пакалення лепшых чалавечых якасцей. У гадавым коле народных абрадаў і святаў асобае месца займаюць Каляды. Яны традыцыйна праходзілі з 7 па 19 студзеня. У Калядныя вечары адбываліся святочныя гулянні – па дварах хадзілі натоўпы калядоўшчыкаў, спявалі песні, у якіх славілі гаспадароў, жадалі ім добрага здароўя, багатага ўраджаю. Святкаванне Каляд праводзілася радасна і весела. Лічыцца, што калі весела правесці пачатак Новага года, то ўвесь год будзе шчаслівым.
Штогод у нашай установе дашкольнай адукацыі адбываецца святкаванне традыцыйнага беларускага абрада — калядаванне. Такім чынам, далучэнне дашкольнікаў да спадчыны беларускага народа адбываецца не толькі на занятках, але і праз непасрэдны ўдзел у цікавай падзеі. У музычнай зале была створана атмасфера беларускай хаткі, дзе сабраліся дзеці усіх узроставых груп. Да іх завіталі калядоўшчыкі. Добры эмацыянальны настрой падарылі калядоўшчыкі дзецям і супрацоўнікам дашкольнай установы. Яны выконвалі калядныя песні, услаўляючы Каляду. Вадзілі карагоды, гулялі ў народныя гульні, танцавалі. Напрыканцы свята Зіма і яе госці нагадалі ўсім дабрабыту і шчасця на ўвесь наступны год і пачаставалі дзяцей прысмакамі. Свята атрымалася цікавым, вясёлым і зычным.
Дзеці атрымалі не толькі яркія ўражанні, але і змаглі далучыцца да вытокаў культуры свайго народа, яго традыцый.
Марыя Кавальчук, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці аг. Пагранічны