АБ НАЗВЕ БЕРАСТАВІЦКАГА КАСЦЁЛА

Из истории земли Берестовицкой Культура

Новы касцёл у Вялікай Бераста­віцы па вуліцы Леніна быў пабудаваны ў 1912 годзе за кошт сродкаў тагачасных уладальнікаў мястэчка Юзэфа і Марыі (з Хадкевічаў) Касакоўскіх і ў гэтым жа годзе асвечаны пад тытулам Перамянення Пана.
Аб чым гаворыць гэтая прыгожая і загадкавая назва? Пера­мяненне Пана (рус. Преображения Господнего) – падзея з жыцця Хрыста, апісаная ў Бібліі трыма евангелістамі – Мацвеем, Маркам і Лукой. Змест падзеі наступны. На шосты дзень Збавіцель, забраўшы з сабой вучняў Пятра, Якуба і Яна, рушыў на высокую гару Табор, каб паразмаўляць на ёй з Богам. Там на вачах апосталаў ён змяніў свой знешні выгляд (перамяніўся) – твар Хрыста заззяў, як сонца, а вопратка зрабілася асляпляльна белай. Побач з’явіліся прарокі Майсей і Ілля і пачалі з Ісусам размаўляць. Апостал Пётр прапанаваў зрабіць для іх шатры. Нечакана з аблокаў данёсся голас Айца нябеснага: „Гэта мой Сын умілаваны, слухайце Яго”. Вучні, спалохаўшыся, пападалі на зямлю ніцма. Ісус падышоў да іх і сказаў: „Устаньце і не бойцеся”. Калі апосталы паднялі галовы, акрамя Збавіцеля побач ужо нікога не было. Ідучы з гары, Ісус папярэдзіў вучняў: „Нікому не кажыце пра гэтае бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне”. Падзея гэтая знайшла сваё адлюстраванне ў іканаграфіі. У яе гонар асвячалі не толькі хрысціянскія храмы, але давалі назвы разнастайным рэлігійным згуртаванням і аб’яднанням, вуліцам і плошчам гарадоў па ўсім свеце і, нават, асобным воінскім часткам. Дастаткова прыгадаць Прэабражэнскі полк у расійскай арміі.
У бераставіцкім касцёле Перамянення Пана некалі мелася адпаведная пячатка. Аверс яе меў круглую форму дыяметрам 40 мм. На пячатцы прадстаўленая біблейская сцэна Перамянення Пана. У яе цэнтры паказаны Ісус з раскладзенымі рукамі ў светлай вопратцы, ад якога зыходзяць промні святла. Па яго правую руку знаходзіцца Майсей, трымаючы перад сабой табліцу з 10-цю Божымі Запаведзямі, па левую – прарок Ілля. Унізе паказаны вучні Ісуса. З правага боку – малодшы вучань Ян, у цэнтры – прыкрываючы рукою твар Пётр, а злева – Якуб, які стаў першым пакутнікам за веру. Усе постаці святых на пячатцы прадстаўлены згодна з агульнымі правіламі іканаграфіі. Па берагу бераставіцкую пячатку аточвае скарочаны надпіс на лацінскай мове: “SIGIL.[UM] ECCL.[ESIAE] PAROCHIAL.[IS] WIELKA BRZOSTOWICA”, што азначае: “ПЯЧАТКА ПАРА­ФІЯЛЬ­НАГА КАСЦЁЛА. ВЯЛІКАЯ БЕРАСТАВІЦА”. Варта адзначыць, што па старой традыцыі касцёльныя, манастырскія і асабістыя пячаткі духоўных асобаў, за рэдкім выключэннем, афармляліся менавіта на лацінскай мове.
Кожная парафія абавязана была мець сваю пячатку, якая выкарыстоўвалася для завярэння зыходзячых з касцёла дакументаў, галоўным чынам выпісаў з метрычных кніг.
Сяргей Лушчык



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *