АД УРОКА БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ДА “КРЫШТАЛЬНАЙ АЛЬФЫ”

Культура Образование

Жыцце чалавека – няспынны рух па шляху пазнання. Кожны крок абагачае нас, калі мы, дзякуючы новаму вопыту, пачынаем бачыць тое, чаго раней не зауважалі і не разумелі. Але пытанні да свету – гэта перш за ўсе пытанні да сябе. Чаму так, а не інакш, што гэта такое, чаму так адбываецца, як гэта зразумець?.. Гэтыя і іншыя пытанні я пастаянна задаю сваім вучням. Разам мы шукаем адказы, вучым, даследуем, спрачаемся, даказваем, прапануем. Гэта значыць, што мы займаемся навукова-даследчай дзейнасцю. Каб дасягнуць поспехаў у дадзеным накірунку, зацікавіць вучняў навуковай працай, у школе працуюць па беларускай літаратуры гурток “Літаратурная творчасць” для вучняў 8 класаў, факультатыў “Выкажыся, каб я цябе ўбачыў!” для вучняў 9 класа і факультатыў для вучняў 11 класа “Шукаем шэдэўры!”.
Працу па падрыхтоўцы вучняў да навукова-даследчай дзейнасці я, як настаўнік беларускай літаратуры, пачынаю з вучнямі 8 класа. Лічу, што вучні павінны асэнсавана далучацца да пошукавай, даследчай дзейнасці. Зразумела, што кіраваць вучнёўскай працай складана. Для гэтага неабходна, каб вучні падабраліся матываваныя, каб яны атрымлівалі задавальненне ад сваей дзейнасці, ад працэсу, ад выніку таго, што атрымаецца.
Выбар тэмы звычайна звязаны з тым , на якую “хваробу” хварэе сам настаўнік. Зразумела, каб кіраваць чымсьці і кімсьці кіраўнік павінен сам дакладна ведаць: чаго ён хоча дасягнуць і чаму ен хоча навучыць. Ужо ў 8 класе мы вучымся працаваць з крытычнымі артыкуламі, адпрацоўваем уменне выказваць свае думкі па прачытаным матэрыяле, будаваць складаныя сказы, рабіць зноскі, запісы. Вучні 9 класа самастойна пішуць даследчыя працы. У гэтым узросце дзеці ўжо здольныя правільна вытрымаць усю структуру працы: актуальнасць абранага даследавання, тэма, мэта, задачы, гіпотэза, навуковасць. Пошук і вырашэнне праблемы, дослед, аналіз і вынік – гэта творчы працэс. Такая праца дапамагае вучыцца думаць.
У школе наладжана цеснае супрацоўніцтва з выкладчыкамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Гэтае супрацоўніцтва дапамагае вучням правільна, з навуковага боку падыходзіць да той ці іншай літаратуразнаўчай гіпотэзы і праблемы.
У студзені кожнага навучальнага года ў Вялікаэйсмантаўскай СШ праходзіць навуковая канферэнцыя, дзе вучні маюць магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі выкладчыка-аратара. Школьнае мерапрыемства садзейнічае развіццю ўмення выступаць перад аўдыторыяй, выказваць свае думкі і погляды па абранай тэме, адказваць на пытанні дарослых адукаваных людзей, аргументаваць і даказваць свой пункт погляду.
На працягу ўжо чатырох гадоў вучні Вялікаэйсмантаўскай СШ прадстаўляюць Бераставіцкі раён на абласным конкурсе (канферэнцыі) “Крыштальная Альфа” на секцыі “Беларуская літаратура”. У гэтым годзе работа вучаніцы 9 класа Караліны Анжаеўскай “Эвалюцыя мастацкага бачання свету Алеся Разанава (на прыкладзе зборнікаў “Назаўжды” і “Воплескі даланёю адною“) была адзначана Дыпломам 3 ступені.
Тэма працы вельмі цікавая, складаная. Пачынаючы працу над тэмай, мы ставілі перад сабой мэту прасачыць эвалюцыю паэтычна-мастацкага бачання свету паэта, акрэсліць багацце і разнастайнасць яго творчых набыткаў. Паэзія Алеся Разанава незвычайная. Менавіта гэта і цікавіць, прыцягвае, застаўляе задумацца, пашукаць адказы. Працуючы над даследаваннем, мы выкарысталі апісальны, тэкстуальна-аналітычны, параўнальны метады. Прааналізавалі паэтычныя зборнікі, якія выйшлі ў друку з розніцай у 36 гадоў, далучыліся да высокага палёту думкі, вызначылі складнікі эвалюцыі творчасці паэта. Мы прыйшлі да высновы, што паэзія Алеся Разанава – індывідуальная і па форме, і па змесце твораў. Але на гэтым мы не збіраемся спыняцца. Праца над дадзенай тэмай дае магчымасць удасканальваць свае даследчыя ўменні, рабіць адкрыцці ў творчасці выдатнага беларускага паэта Алеся Разанава.
Ірына Швек,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Вялікаэйсмантаўскай СШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *