«Рух — аснова здароўя». У Канюхоўскім яслях-садзе-сярэдняй школе рэалізуецца інавацыйны праект

Культура Образование Спорт

Рух – гэта жыццё… Гэтыя словы чуў кожны з нас не аднойчы у сваім жыцці. Неабходнасць руху закладваецца ў нас самой прыродай. Яна загадзя ведае, што наша жыццё павінна праходзіць рухома і дынамічна.

Сёння вельмі важна выхаваць дзіця маральна і фізічна здаровым, навучыць яго быць здаровым, спрыяць фарміраванню ў яго ўсвядомленай запатрабаванасці ў здароўі як залогу будучага дабрабыту і паспяховасці ў жыцці. І школа ў гэтым сэнсе мае асаблівае значэнне: урокі фізічнай культуры і здароўя, спаборніцтвы, спартакіяды і многае іншае.  

Канюхоўскі яслі-сад — сярэдняя школа жыве насычаным спартыўным жыццём, і пацвярджэннем гэтаму служыць той факт, што з верасня 2017 года наша школа ўдзельнічае ў рэалізацыі інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі фарміравання рухальнай культуры суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы». У рамках дадзенага праекта быў запланаваны шэраг мерапрыемстваў спартыўна-масавага і фізкультурна-аздараўленчага характару, накіраваных на забеспячэнне рацыянальнай арганізацыі рухальнага рэжыму вучняў, нармальнага фізічнага развіцця і рухальнай падрыхтаванасці вучняў усіх узростаў, павышэнне адаптыўных магчымасцяў арганізма, захаванне і ўмацаванне здароўя навучэнцаў і фарміраванне культуры здароўя.

Так, 13 кастрычніка быў праведзены лёгкаатлетычны крос. На старт выйшлі вучні і іх мамы. У прызначаны час перад пачаткам спаборніцтваў удзельнікаў павітаў дырэктар школы, і крос пачаўся. Усіх прысутных ахапіў спартыўны задор і жаданне перамагчы. Усе стараліся з усіх сіл, каб прыйсці да фінішу першымі. Гэты дзень стаў сапраўдным святам спорту, здароўя і маладосці!

Не менш запамінальным было спаборніцтва па валейболе сярод каманд школы, бацькоў і супрацоўнікаў Бераставіцкага РАНС, якое прайшло 27 кастрычніка. З першых хвілін спартыўных баталій вылілася сапраўдная барацьба за першынство. «Шаля вагаў» схілялася то ў адзін бок, то ў другі. Валейбол — камандны від спорту, і вынік удзелу ў спаборніцтвах ёсць вынік калектыўных намаганняў членаў каманды. Усе валейбалісты былі падрыхтаваны да спаборніцкай барацьбы і паказалі байцоўскія якасці. Гульня была хвалюючая, удзельнікі каманд імкнуліся не дапускаць памылак, ужываючы магутныя і дакладныя падачы, падманныя хады. Граматамі, морам эмоцый, выдатным настроем і актыўным адпачынкам школа ўзнагародзіла ўсіх удзельнікаў спаборніцтваў.

Валейбол — адзін з любімых відаў спорту ў нашай школе. Ім з задавальненнем займаюцца і вучні, і настаўнікі. Гэты дзень валейбола падарыў усім зарад бадзёрасці, добры настрой і пакінуў яркія ўражанні!

Фізічная актыўнасць чалавека – залог яго поспеху і даўгалецця. Рух – гэта жыццё і ніяк інакш!

Наталля Шмароўская, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Канюхоўскага ясляў-сада – сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *