Вандроўка ў глыбінку. Бергелі

Лента новостей

Ужо колькі разоў упэўнівалася, што аднолькавых вёсачак не бывае, кожная мае свае непаўторныя рысы і адметнасці. Вось і цяперашняя вандроўка ў Бергелі гэта пацвердзіла. Бергелі – зусім невялікая вёска, хутчэй гэта нават хутар з некалькіх дамоў, якія арганічна аб’ядналіся ў адным месцы. Сёння тут чатыры хаты, толькі дзве з якіх яшчэ заселеныя. Адзін дом – на два канцы, яго калісьці пабудавалі родныя браты, а цяпер тут жывуць іх дзеці. На адной палове – сям’я Мар’яна і Цэцыліі Леванеўскіх, а ў другой жыве дваюрадная сястра гаспадара Станіслава Каханская. Яшчэ адзін дом належыць 56-гадоваму Багдану Апазнанскаму, самаму малодшаму з жыхароў Бергелей.

Вёсачка знаходзіцца ў вельмі маляўнічым месцы, яна амаль схаваная ад чужых вачэй за густымі зараснікамі кустоў і дрэў, а яшчэ, што адметна, з усіх бакоў агароджана брукаваным каменным плотам. Праўда, цяпер ад яго застаўся, можна сказаць, толькі невялікі падмурак, камяні разабралі на будаўніцтва іншых аб’ектаў, а ў ранейшыя часы, як мне расказалі жыхары вёскі, гэта брукоўка дасягала амаль паўтара метра ў вышыню. Ні карова, ні конь яе не мог пераскочыць, таму хатняя жывіна свабодна хадзіла па вёсцы і ніхто не перажываў, што яна дзесьці згіне.
І нават цяпер, калі я ішла па сцежцы да дому Леванеўскіх, першымі, каго я сустрэла, былі кралі (ведаю, што трэба называць гэтых хатніх жывёл трусамі, але ніхто ў нашых мясцінах іх так не заве), якія свабодна бегалі па падворку разам з курамі. Гэта адразу стварыла ідылічную карціну вясковага жыцця, якую арганічна дапоўнілі і самі жыхары Бергелей – простыя, адкрытыя людзі, якія ахвотна згадзіліся расказаць пра сваё жыццё і пра сваю вёску.
Мы прыселі на лавачцы каля дома самага старэйшага жыхара Бергелей Мар’яна Вацлававіча Леванеўскага, месца на якой, дарэчы, хапіла ўсім чатыром вяскоўцам. І вось так разам, дапаўняючы і ўдакладняючы адзін аднаго, мясцовыя жыхары пазнаёмілі мяне са сваёй вёскай.
Мар’ян Вацлававіч нарадзіўся ў 1938 годзе, усё жыццё яго, калі не лічыць гады службы ў арміі, практычна і прайшло ў родных Бергелях. Дзяцінства было цяжкім, прыйшлося рана стаць дарослым, бо бацька загінуў на вайне, і ўжо з дзесяцігадовага ўзросту Мар’ян Леванеўскі працаваў на сваёй гаспадарцы.
— У 1948 годзе я ўжо з коньмі рабіў, і гараць, і баранаваць басяком хадзіў, — уздыхае Мар’ян Вацлававіч. — Пальцы як паб’еш, дык трохі зямлёй замажаш і далей пайшоў. Плакаць і жаліцца не было каму. Сеяць, праўда, яшчэ не мог, бо малы быў, а фартух з зернем цяжкі, многа не паднясу, і нераўнамерна зерне кідаў. Таму сусед Бронюсь Апазнанскі пасее сваю палоску і ідзе мне сеяць, а я ўжо яму бараную, а потым яшчэ трэба і свой надзел паспець забаранаваць.
У 1949 годзе ў Бергелях сталі арганізоўваць калгас. Вёска і ў тыя часы была невялікай, тут было ўсяго 6 хат, але затое ў кожнай хаце было пяцёра ці шасцёра дзяцей. Ну і хутары бліжэйшыя далучылі да гэтага калгаса.
— Восенню справа была, — успамінае Мар’ян Леванеўскі, — прыехалі з Канчан старшыня сельсавета Чаргейка і Горлаў, ён там сакратаром быў. Яны тут пару дзён прыязджалі, сходы збіралі, але ніхто не хацеў уступаць першым. А матка мая была адна і дзяцей трое, дык так на яе населі, ужо і раскулачваць хацелі, ледзь мы не паехалі ў “белыя мядзведзі”. А потым падатак такі вялікі налажылі, што не было куды дзецца, мусіла першай уступіць у калгас. Тады яшчэ ўсе суседзі напалі на матку, казалі, што праз яе і ім цяпер трэба ўступаць. Я і сам не раз пугай атрымліваў па плячах: пайду з коньмі, а старэйшыя дзядзькі як завядуцца праз што, дык на мне злосць за гэты калгас зганяюць.
— Калгас той называўся імя Ракасоўскага, — удакладняе Багдан Апазнанскі, — а мой дзядзька дваюрадны, Віктар Апазнанскі, быў яго старшынёй.
— А мой татка, Станіслаў Іосіфавіч Леванеўскі, у калгасе быў бухгалтарам, — далучаецца да размовы Станіслава Каханская. – Ён вучаны быў, у Вярэйкі ў школу хадзіў. А мы з мамай калгасных курэй і гусей даглядалі. Я спачатку ў школу хадзіла, да сёмага класа давучылася, а затым захварэла на запаленне лёгкіх, два месяцы ў школу не хадзіла, адстала і ўжо больш не пайшла вучыцца. Мама якраз тады ў калгасе куры калгасныя і гусі глядзела, дык і мяне на падмогу да сябе ўзяла. Мы гусянят у хаце кармілі, праз вокны да іх лазілі, каб не наступіць на іх, бо многа было, галоў можа сто, ды і курэй два курнікі. Кожны дзень трэба было пачысціць пад імі, пяску прынесці, гэта ўжо была мая работа. А яйкі ў калгас забіралі, праз дзень ці два чалавек прыязджаў за імі.
Потым я ўжо на працу ў калгас хадзіла. Мы з жанчынамі і палолі, і сеялі, і жалі, і салому стагавалі, трохі на ферме папрацавала, можа, з паўгода.
А як сталі бацькі хварэць, не хадзіла на работу, іх глядзела, ды і куды дойдзеш зімой, калі ўсё завее навокал. З-за гэтага і 10 гадоў перарванага стажу маю, таму і пенсія цяпер невялікая.
— А мне таксама на пенсію гадоў не хапала, — гаворыць аб набалелым і Мар’ян Леванеўскі, — хоць усё жыццё ў калгасе прарабіў. З 1954 года як сеў на трактар, так да самай пенсіі на ім працаваў. Год прыцэпшчыкам быў, прыгледзеўся трохі, а потым мне трактар даверылі, сам на ім і вучыўся, адразу нават не ведаў, дзе якая хуткасць на рычагу. Мы тады па двух рабілі на трактары: суткі адзін, потым — другі. А як прыйшло на пенсію ісці, дык толькі дні палічылі, і атрымалася, што выхадаў не хапае і год прападае. Хоць я з таго трактара і не злазіў, лічы, званне заслужанага калгасніка маю.
Цікаўлюся, як ён пазнаёміўся з жонкай, Цэцыліяй Адольфаўнай, адкуль яе ў Бергелі прывёз?
— О, гэта доўгая гісторыя, — смяецца Мар’ян Вацлававіч. — Я ажаніўся толькі ў сорак год, не было калі жонку шукаць, без выхадных працаваў. А потым гляджу, час бяжыць, ужо і сорак гадоў падыходзіць, трэба штосьці думаць. Сваяк мой па маці з Пяцельчыц кажа: “Усё, паехалі сватацца!” Жонку знайшоў у Ігнатавічах, гэта Макараўскі сельсавет быў. Яна з бацькам жыла, бо маці ўжо памерла.
На Каляды прыехаў у сваты, а 8 красавіка 1978 года пажаніліся, Цэцыліі маёй тады быў 31 год, амаль на дзесяць гадоў за мяне маладзейшая.
— Ну і як Вас сустрэлі Бергелі?– звяртаюся да Цэцыліі Адоль­фаўны.
— Прыехала — глуш, не тое, што ў нас у вёсцы 60 чалавек было, — жартуе жанчына. — Мая родная цётка казала: “Кідай па дарозе палачкі, каб ведала куды ўцякаць назад”. Але прывыкла, тут прыгожа! Цяпер зусім не тое, вось каб вы вясной да нас прыехалі, вачэй не адвесці ад гэтай прыгажосці!
Першыя дзесяць гадоў пасля замужжа Цэцылія Адольфаўна нідзе не працавала, дома дзяцей гадавала, іх у Леванеўскіх трое – два сыны і дачка. У 1990 годзе пайшла працаваць прыбіральшчыцай у школу ў Стары Дворац, там і дарабіла да пенсіі. Дзеці ўжо выраслі, дачка Дана на хлебазаводзе ў Гродне працуе, адзін сын — Андрэй — таксама жыве ў Гродне, ён дальнабойшчык, а Міраслаў у Бераставіцы ў камунгасе працуе.
— Я таксама 20 гадоў замужам прабыла, — расказвае пра свой лёс Станіслава Каханская. – Але, дзяцей, праўда, не займела. У 1979 годзе замуж выйшла, ужо 37 гадоў мне было, а муж з Ваўкавыску, Франц Іосіфавіч. Толькі я не пайшла ў горад, не хацела, а ён сюды не хацеў пераходзіць. Так і жылі: трохі тут, трохі там, а як да пенсію пайшла, то ўжо нікуды больш не ездзіла. Цяпер я тут, а ён у горадзе. Як кажуць, дзе нарадзілася, там і згадзілася. Сёстры клічуць мяне ў Гродна, але я і туды не хачу. Пакуль яшчэ вочы бачаць і ногі ходзяць, тут буду. Пляменнікі прыязджаюць, і сястрыны дзеці, і братоў. Я гэтага брата, што ў Каленіках жыў, 10 гадоў глядзела. Жонка яго памерла, і ён злёг, інсульт здарыўся. Дзеці яго ў Гродне, працуюць, папрасілі мяне, я і глядзела, бо на пенсіі ўжо была. А цяпер яны мне дапамагаюць, прыязджаюць сюды.
Не склалася асабістае жыццё і ў яшчэ аднаго жыхара Бергелей Багдана Апазнанскага, ён сваёй палавінкі наогул не знайшоў. Спачатку жыў з бацькамі, потым з маці, а ўжо 8 гадоў як яна памерла і застаўся адзін. У Багдана Зігізмундавіча інваліднасць 2-й групы, да яе прывяла хвароба: у дзіцячым узросце ён захварэў на менінгіт, паўгода ляжаў у бальніцы, але след па сабе хвароба ўсё ж пакінула. Таму і вучыўся ў Ваўкавыску ў спецшколе. Пасля яе заканчэння займаўся рамонтам абутку ў атэлье ў Ваўкавыску, потым ў Гродне, некаторы час рамантаваў абутак і ў Бераставіцы. А з 2001 года вярнуўся ў родную вёску, працуе на сваёй гаспадарцы, разводзіць курэй і качак, так і жыве ў мірным суседстве са старэйшымі аднавяскоўцамі.
Цяпер гаспадаркі ў жыхароў Бергелей невялікія, вядома ж, узрост не той. А ў былыя часы і па пяць кароў трымалі ў сям’і. Ля кожнай хаты і зямлі нямала, агарод і сад у кожнага.
— Касіць вельмі многа трэба, — кажа Мар’ян Вацлававіч. – Мне раней травы, што каля хаты накашу, на адну карову хапала. А што ж, тады ў калгасе сена не давалі, трэба было неяк самаму думаць, дзе кармоў раздабыць. Што накосіш сам, тое і маеш, але не хапала гэтага, яшчэ прыходзілася і ноччу па салому калгасную хадзіць.
— Ну ты яшчэ прызнайся, што салому ў калгасе краў, — перапыняе мужа Цэцылія Адольфаўна. – Усё ж у газеце напішуць!
— Хай пішуць, — махае рукою Станіслава Станіславаўна, — і я па салому хадзіла, ды і ўсе тут таксама, што ж было рабіць, калі жывіна есці просіць.
— Вы зараз раскажаце, як і самагонку гналі, — не супакойваецца Цэцылія Адольфаўна. – Усё ж у газеце будзе!
— Хай будзе! – Станіслава Станіславаўна настроена рашуча. — А што мы, не жывыя людзі? І ў жыцці ўсяго бывала. І самагонку гналі, бо купіць не было дзе. І не спіўся ніхто, і не кадзіраваўся…
На перспектыву сваёй вёскі жыхары Бергелей глядзяць не вельмі аптымістычна.
— З мапы знікнуць, як я кажу, — уздыхае Станіслава Станіславаўна. – А ведаеце, што такое “мапа”? Так карту мы называем… Хто з вёскі пайшоў у горад, не надта хоча вяртацца. Цяпер яшчэ дзеці і ўнукі едуць, пакуль мы тут ёсць. І бульбы набяруць, і сад вялікі, а як нас не будзе, Бог яго ведае, ці загляне хто. Хоць сястрын хлопец старэйшы то хоча сюды, ён тут яблынек маладых панасаджваў, грушак.
— І наш сын пабудаваў тут сабе альтанку, возера выкапаў, — расказвае Цэцылія Адольфаўна, — арэлі зрабіў, кампазіцый розных напрыдумваў. Раней часта тут у нас маладыя збіраліся, цяпер ужо пажаніліся, не так ахвотна едуць.
— А ведаеце, была ў нас тут і прадпрымальніца, — успамінае раптам Станіслава Каханская, — купіла хату на краю вёскі і турызмам хацела займацца, возера выкапаць, пляж зрабіць. Планы былі вялікія, кароў купіла, і авечак, і свіней — усё трымала, але яна адна была, без мужчыны, дык хіба адной бабе гэта па сіле? Я ёй так тады і казала, як яна купляла гэту хату. Дык так і выйшла, гады два яна тут пабыла і ўцякла, прадала хату нейкаму мужчыне з Гродна, цяпер гэта яго дача.
Самі ж жыхары Бергелей вёску сваю кідаць не збіраюцца. Іх тут ўсё задавальняе.
— Каб толькі не пагоршала, няхай ужо будзе так, як ёсць, — выказваюцца амаль аднагалосна. — Што нам лепшага ўжо чакаць? Пенсію даюць, зерне курам выпісваюць, дровамі забяспечваюць, бульбу 10 сотак за паўцаны пасадзяць. Няма чаго наракаць. Толькі вось шкада, што ўцякае жыццё, каб яшчэ трохі пажыць, на дзяцей і ўнукаў паглядзець.
У маладосці ўсё было добра, куды задумаў – паляцеў, а цяпер – кульбачку ў рукі і думай, як дзе дайсці. Але хоць вось так, паціхеньку-памаленьку, ды на сваёй зямлі, а іншага месца нам і не трэба…
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *