Роздум каля масалянскай брамы

Из истории земли Берестовицкой Культура

Хіба можа не радаваць будаўніцтва на вёсцы! Жыхароў Масалян цешыць рэканструкцыя старых дамоў на цэнтральнай алеі. Яны, пабудаваныя ў 60-я гады без аніякіх выгод, былі прытулкам для 6 сямей. Цяпер жа, адрамантаваныя, з падведзеным прыродным газам, з усімі выгодамі, грунтоўна ўцепленыя, з густам пафарбаваныя, яны падзелены на дзве сучасныя цудоўныя кватэры і амаль ўжо чакаюць сваіх навасёлаў. За імі нанова пабудаваны прыемныя для вока гаспадарчыя пабудовы, перад імі – добраўпарадкаваная тэрыторыя з вымашчанымі пліткай сцежкамі. Уезд у Масаляны набывае святочны, урачысты выгляд.
Шкада толькі, што з цягам часу ўсё менш і менш застаецца пабудоў, якія стваралі гістарычную спадчыну нашага населенага пункта. Змяніўся выгляд брамы, што вядзе да сядзібна-паркавага комплексу, дзе размешчана адміністрацыя РУСП “Масаляны”. Няма ўжо і старожкі, пабудаванай у незвычайным для Гродзеншчыны закапанскім стылі, што некалі была ля гэтай брамы, афіцыны, пабудаванай у вялікапольскім стылі, што стаяла на беразе возера. Няўмольны час знішчыў і аранжарэю, і домік рыбака, непазнавальна змяніў знешні выгляд самога палаца, капліцы за возерам, неўпрыкмет знікаюць і пабудовы былога фальварка. Асабліва шкада прыгажэнных пабудоў з бутавага каменю, годных пэндзля таленавітага мастака! Як мяняюцца іх адценні ў залежнасці ад асвятлення! Якая гульня тонаў і паўтонаў! Сэрца пяе!
З усёй мінулай раскошы засталіся толькі бакавыя крылы палаца, пабудаванага па індывідуальным праекце гродзенскага архітэктара Градзецкага ў стылі класіцызму з моднымі тады рамантычнымі элементамі неаготыкі, ды двухпавярховы флігель у двары, што служыў кухняй ды жыллём для дваровай прыслугі. Флігель гэты, дарэчы, таксама ўяўляе сабой архітэктурную каштоўнасць. Усё больш паглынаецца балотам парк, па класічных канонах спланаваны і пасаджаны амаль два стагоддзі назад, рамантычную нотку якому надалі выспа і жывапісны ставок, выкапаны няздольнымі да земляробства палоннымі туркамі летам 1878 года. Лішняя сырасць бязлітасна скарачае адпушчаны прыродай век паркавых насаджэнняў.
Створаны сёстрамі Біспінг з вялікім размахам і мастацкім густам амаль два стагоддзі назад, сядзібна-паркавы комплекс у Масалянах быў задуманы як цэнтр Масалянскай ардынацыі, праіснаваўшай з 1845 па 1939 г. Ардынацыя (па-руску — заповедное имение) – гэта непадзельная і неадчужальная ўласнасць магнацкага роду на нерухомасць. Пасля Рыжскага дагавору на тэрыторыі Заходняй Беларусі існавалі ўсяго 4 ардынацыі: Нясвіжская, Клецкая і Давыд-Гарадоцкая Радзівілаў, Браніцкіх у Росі і Масалянская Біспінгаў, куды першапачаткова ўвайшлі маёнткі Вярэйкі, Траглі, Скраблякі, Верцялішкі, Кузьмічы, Мацейкаўшчына, Скалубава, Паплаўцы, уласна Масаляны з вёскамі, а ўсяго тысяча дзевяцьсот семдзесят сялян мужчынскага полу ці чатырыста дваццаць восем сялянскіх двароў, 5000 гектараў зямлі. Цікава чытаць імператарскі ўказ ад 1 ліпеня 1845 г. аб высачайшым дазваленні Аляксандры Свечынай і Юзэфе Вайчынскай на заснаванне ардынацыі. Акт складзены так, каб наследаваць ардынацыю маглі ўнучатыя пляменнікі мужчынскага полу, а калі ж гэта будзе немагчымым, то наследаваць могуць і нашчадкі па жаночай лініі з абавязковай умовай – каб спачатку прынялі прозвішча Біспінг. На спадкаемцаў ардынацыі накладаліся строгія абавязкі: яны павінны былі палегчыць баршчынныя павіннасці сялян адным жаночым днём у ты-дзень супроць устаноўленага; у лістападзе кожнаму сялянскаму двару павінны былі выдаць па тры рублі серабром для ўплаты казённых падаткаў; пасля смерці заснавальніц — дараваць сялянам усе іх даўгі; унесці 6000 рублёў серабром на рахунак Гродзенскага Прыказа Грамадскага Догляду для выкарыстання працэнтаў з названай сумы на асабліва вострыя патрэбы сялян; пабудаваць і ўфундаваць праваслаўную царкву ў Дзявоцькаўцах; пры Верцялішкаўскай царкве і Вярэйкаўскім касцёле пабудаваць школы для сялянскіх дзяцей і багадзельні на 3 ложкі для сялян і бедных; пабудаваць у Скрабляках дом для навучання сялянскіх хлопчыкаў святаром Мастаўлянскай царквы; у Масалянах і Паплаўцах пабудаваць прытулкі на 4 бедных; таксама штогод адпускаць грошы на ўтрыманне цэркваў і касцёлаў, помнікаў пры іх, школ, прытулкаў; на Каляды і Вялікдзень раздаваць у Вярэйкаўскім касцёле 300 рублёў серабром сялянам, а 19 сакавіка раздаваць у тым жа касцёле па пятнаццаць рублёў серабром кожнаму сапраўды беднаму чалавеку, хто прыбыў на набажэнства з іншых месцаў, плаціць пажыццёвае ўтрыманне былым служачым у памеры паловы жалавання ад Свечынай і цэлага жалавання ад Вайчынскай і т.п.
Лёс усіх ардынацый, як і ардынатаў, трагічны, і Масалянская – не выключэнне. Першы з іх, Аляксандр, зацкаваны пасля 1863 г. за ўдзел у паўстанні, ва ўзросце 26 гадоў скончыў жыццё самагубствам, другі, Ян, ва ўзросце 52 гадоў памёр ад туберкулёзу нежанатым, трэці, Юзаф, моцна хворы на раўматызм, таксама рана сышоў з жыцця, а жонку яго, жыцця — радасную Алену Галынскую, замучылі уласаўцы ў час Варшаўскага паўстання, іх сыноў Казіміра і Яна заўчасна звялі са свету як ворагаў народа. Жонка апошняга, Марыя Замойская, дачка сапраўднай прынцэсы з Габзбургаў, народзіць у Масалянах 13 дзяцей, якія мусяць пасля
1939 г. шукаць паратунак у Еўропе. Усе яны стануць дастойнымі людзьмі, пазней некаторыя пакінуць успаміны пра Масаляны. А сама яна дажыве ў Францыі да 1961 г.
Балюча сёння назіраць заняпад былых маёнткаў. Ці зразумеюць нашы нашчадкі нашы сённяшнія фінансавыя цяжкасці? Каб захаваць памяць пра іх, можа варта было б устанавіць хоць банеры з выявамі мясцовых сядзібных комплексаў і кароткімі звесткамі пра іх, гэта ў значна большай ступені спрыяла б выхаванню цікавасці моладзі да гісторыі свайго краю, гордасці за Айчыну і адказнасці за яе будучыню.
Галіна Румак,
настаўнік Алекшыцкай СШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *