У фае Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў пад назвай “Душы чаруючая ніць” дзейнічае персанальная выстава вышываных карцін Веры Рыгораўны Лукашэвіч. Адкрыццё экспазіцыі адбылося пры падтрымцы аддзела культуры райвыканкама і прайшло ва ўрачыстай атмасферы, у прысутнасці шматлікіх гасцей, прыхільнікаў творчасці жанчыны. У адрас народнай майстрыхі і яе таленту прагучала шмат цёплых слоў ад арганізатараў мерапрыемства—начальніка аддзела культуры райвыканкама В.І.Ляховіча, дырэктара Бераставіцкага Дома рамёстваў Т.М.Касьян, дырэктара Бераставіцкай РЦБС Т.Д.Марцішэвіч, М.І.Пацэнкі–старшыні клуба творчых людзей РДК, удзельніцай якога з’яўляецца Вера Рыгораўна, саслужыўцаў, што прыйшлі падтрымаць сваю калегу. А сябра па творчаму цэху паэтэса Святлана Пракопік нават прысвяціла такой значнай падзеі ў культурным жыцці раёна прыгожыя вершаваныя радкі.
Веру Рыгораўну Лукашэвіч бераставічане ведаюць як інжынера-будаўніка. Жанчына працуе начальнікам вытворча-планавага аддзела ААТ “Бераставіцкая ПМК-141”. І для кагосьці, напэўна, стала адкрыццём тое, што яна ўжо даўно захапляецца вышыўкай і стварае з дапамогай іголкі і ніткі прыгожыя, напоўненыя радасцю і святлом карціны. Здаецца, як у адным чалавеку можа сумяшчацца тэхнічная, патрабуючая дакладнасці прафесія, і такая рамантычная, лірычная цяга да творчасці, да стварэння прыгажосці “не па праекту”– як выдатна ахарактарызавала дзейнасць Веры Рыгораўны калега–“а па загаду душы”? Аўтар выставы расказала гасцям, што любоў да вышыўкі ёй перадалася ад матулі—адмысловай майстрыхі, якая не толькі цудоўна вышывала, але і шыла, вязала прыгожыя рэчы кручком. З дзяцінства драмала гэтае захапленне ў Веры Рыгораўны, пакуль, прыкладна дзесяць гадоў таму, не знайшло свайго творчага ўвасаблення ў сур’ёзныя, патрабуючыя шмат часу і цярпення работы.
Вышываных карцін, створаных спачатку з мэтай упрыгожыць свой дом, станавілася ўсё больш. Як пры-зналася жанчына, творчы працэс захапіў яе, стварэнне палотнаў радавала буйствам колераў, хацелася па-дзяліцца гэтай прыгажосцю з іншымі. І са-праўды, часцінка душы аўтара, яе цяга да прыгажосці адчуваецца ў кожнай рабоце. Творы выпраменьваюць святло, радасць і выклікаюць прыемныя эмоцыі. Гэта я пачула ад гледачоў, якія паспелі ўжо ацаніць творчасць майстрыхі. Прыхільнікі ж мастацтва вышыўкі былі знаёмы з некаторымі работамі Веры Рыгораўны ўжо з 2003 года, калі вырабы ўпершыню былі прадэманстраваны ў раённай бібліятэцы. Творы Веры Рыгораўны ў складзе выстаў народных майстроў Бераставіцкага Дома рамёстваў экспаніраваліся ў гарпасёлку падчас святкавання 60-годдзя раёна і 500-годдзя Вялікай Бераставіцы, у Ваўкавыску—на рэспубліканскіх “Дажынках” і 1000-годдзі горада, у Гродна—на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, у Рэспубліцы Польша. Аднак цяперашняя выстава аўтара—найбольш поўная. На ёй прадстаўлены 23 вышываныя творы. Наведайце выставу і вы адчуеце сапраўдную зачараванасць, якую ад усяго сэрца дорыць яе стваральніца!
Святлана Ганчарова