Для мяне чарнаплодная рабіна ці, як яе яшчэ называюць, аронія – гэта ўспамін. Цікава, але ягада не карысталася попытам у маіх аднавяскоўцаў, і сказаць, што яна расла ў кожным двары, я таксама не магу. Таму ў свой час, мы з сябрамі, яшчэ зусім малыя жэўжыкі, не былі распешчаны яе празмернасцю, ды і адносіліся да дзіва-ягады з пэўнай насцярогай. Так амаль і не кранутыя нікім, налітыя сокам цёмна-гранатавыя гронкі, віселі на кусціках у школьным садзе ажно да самай зімы. Аж пакуль не аблюбуюць іх нашы зімовыя госці: чырванагрудыя снегіры ды сойкі. Прыцярушаная снегам смаката вабіла сяброў нашых меншых што ёсць моцы, бо некалькі мерзлых яблыкаў, якія засталіся на дрэвах з восені, яны даўно ўжо здзяўблі.
А цяпер, завітаўшы ў сад СВП “АграМір”, я не ўтрымалася ад спакусы пакаштавать даўно забытую ягаду. Тут, як кажуць, накрыла… На першых секундах адчуваеш прыемны пах, пасля — саладкавата-церпкі смак, затым — непаўторны прысмак. Хочацца насалоджвацца гэтым імгненнем некалькі гадзін. Але магчыма ў іншы раз…
У сельгаспрадпрыемстве з 178 га, адведзеных пад розныя саджанцы, чарнаплодная рабіна займае каля 17 гектараў, парэчка – 84, яблыні – 75, маліна і агрэст – 0,9 і 0,7 гектара адпаведна. Са зборам парэчкі і агрэсту ў СВП “АграМір” шчасна справіліся, зараз чарга маліны ды чарнаплоднай рабіны. Уборка ароніі тут пачалася яшчэ 16 жніўня, і на 23 жніўня ўжо сабраны добры ўраджай – гэта прыкладна 20 тон ягад, з якіх рэалізавана больш за 13.
Начальнік участка Андрэй Кучун расказаў, што ў гаспадарцы ягады не замарожваюць, яны адразу “з колаў” ідуць на патрэбы ўнутранага рынку, пэўная частка адпраўляецца за мяжу – у Расійскую Федэрацыю. Для насельніцтва кошт складае 55 капеек за кілаграм.
— Чарнаплодная рабіна багатая на карысныя макра- і мікраэлементы (жалеза, медзь, бор), — працягвае мой суразмоўца, — яна насычаная вітамінамі C, B1, B2, E, утрымлівае сахары (глюкоза, цукроза, фруктоза) і многія іншыя рэчывы неабходныя арганізму чалавека. Таму страціць такую “скарбніцу” здароўя проста не дапушчальна. Увогуле, на якасць будучага ўраджаю адмоўна ўплывае засуха. У выніку ягады не насычаюцца дастатковай колькасцю вільгаці, дрэнна зрываюцца з пладаножкі. Усё гэта замаруджвае і тэмпы збору. Добра, што сёлета, падобная праблема нас абмінула і мы маем шчодры ўраджай. З аднаго саджанца атрымліваем ад 6 кілаграмаў пладоў. Зберагаем сабраны ўраджай у невялікай тары – гэта скрыні змяшчальнасцю ад 12 да 16 кілаграмаў. Калі не атрымліваецца рэалізаваць ягады адразу, то дзень-другі яны чакаюць свайго часу ў маразільнай камеры фруктасховішча.
Дарэчы, збор рабіны ў сельгаспрадпрыемстве аўтаматызаваны. Ён “працякае” пад пільным вокам механізатара Ігара Вяргейчыка (на здымку) і камбайнера Андрэя Сідарчука. А іх надзейны памочнік у гэтай справе – камбайн JAREK, які абсталяваны адным страсальнікам з павялічанай сілай і частатой стрэсвання і спецыяльна змененым дзельнікам куста, што дазваляе максімальна эфектыўна збіраць плады чарнаплоднай рабіны. А той невялікі адсотак ягад, што часам застаецца на галінках, збіраецца працаўнікамі ўручную.
У хуткім часе ягады ці прадукты іх перапрацоўкі (джэмы, морсы і іншыя) з’явяцца на паліцах айчынных крамаў, каб “падсілкоўваць” нас ажно да наступнага сезона, карыснымі вітамінамі. І мы з задавальненнем будзем насалоджвацца гэтым смакам.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара