Ганаровы грамадзянін Бераставіцкага раёна Тамара Эйсмант — прафесіянал, адданы сваёй справе

Образование Человек и его дело

На святочным мерапрыемстве да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, якое праходзіла ў Вялікай Бераставіцы 3 ліпеня, бераставіцкая зямля  “пабагацела” на дваіх Ганаровых грамадзян    раёна – гэтае пачэснае званне атрымалі навуковы супрацоўнік музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы Мікалай Пацэнка і настаўнік гісторыі, кіраўнік гісторыка-краязнаўчага народнага  музея “Вытокі” Малабераставіцкай сярэдняй школы Тамара Эйсмант. Сёння мы бліжэй пазнаёмім нашых чытачоў з Тамарай Іванаўнай Эйсмант.

1 верасня   2017 года Тамара Іванаўна адзначыць своеасаблівы юбілей – 45 гадоў працы ў Малабераставіцкай сярэдняй школе. А калі ўлічыць яшчэ дзесяць гадоў, якія яна вучылася ў гэтай школе, дык дата атрымаецца яшчэ больш значнай!

За гэтыя гады зроблена нямала і дасягнута нямала. Настаўнік вышэйшай катэгорыі, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат  прэміі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “Чалавек года Гродзеншчыны”  ў невытворчай сферы  — гэта толькі невялікі пералік самых  значымых рэгалій Тамары Эйсмант.  А колькі  іншых узнагарод, аб якіх настаўніца сціпла маўчыць, бо, як прызнаецца, не любіць, калі на гэтым акцэнтуюць увагу.

— Я проста працую так, як мяне некалі вучыў мой бацька, Іван Іванавіч Арэшкін: “Калі ўзяўся за працу, то трэба выканаць яе на “выдатна”. А да ўзнагарод ніколі не імкнулася, проста неяк так атрымліваецца, што яны знаходзяць мяне самі.

Я цікаўлюся ў Тамары Іванаўны, з якім адчуваннем яна ўспрыняла вестку аб прысваенні ёй звання Ганаровага грамадзяніна Бераставіцкага раёна?

— Для мяне гэта было досыць нечакана, я нават і не спадзявалася, што такое  і магчыма, — узрушана гаворыць мая субяседніца. – Вядома, з аднаго боку, гэта прыемна. Асабліва тое,  што людзі, якія мне акружаюць і ведаюць, успрынялі гэта станоўча: падыходзяць, віншуюць, кажуць, што рады гэтай падзеі  і ганарацца мною. Але, з другога боку, я разумею, што гэта вялікая адказнасць. Адразу ўзнікла адчуванне, што трэба працягваць актыўна працаваць, гэта званне да многага абавязвае. Да адказнасці я ўжо прывыкла,  бо быць настаўнікам – гэта заўсёды адказна, асабліва ў сельскай мясцовасці, дзе ты пастаянна на віду. Ну а пра адпачынак  прыйдзецца, хіба што,  пакуль забыць…

У педагогіку Тамара Іванаўна пайшла па прыкладу свайго бацькі і старэйшай сястры —  настаўніцы матэматыкі, якая таксама ўсё жыццё адпрацавала ў Малабераставіцкай  школе.

— Гісторыю выбрала таму, што мой бацька, Іван Іванавіч Арэшкін, якога больш ведаюць як былога  старшыню мясцовага калгаса,  па другой спецыяльнасці быў гісторыкам, дома было шмат гістарычнай літаратуры, якую і я чытала,  — расказвае Тамара Эйсмант, —  а яшчэ любоў да гэтага прадмета мне прывіла і мая настаўніца гісторыі Вольга Васільеўна Сачок.  Я да гэтага часу памятаю яе ўрокі гісторыі.

У 1972 годзе Тамара (тады яшчэ  Арэшкіна)  закончыла Малабераставіцкую сярэднюю школу і паехала паступаць у Гродзенскі педінстытут. 

— У тыя часы прэстыж гістарычнага факультэта быў вельмі вялікі – конкурс складаў  13 чалавек на месца, — успамінае Тамара Іванаўна. – А  мне не хапіла толькі  паўбала.  Я вярнулася ў родную школу і стала працаваць піянерважатай.   За год я так прывыкла да сваіх піянераў, што нават не ўяўляла, як іх можна пакінуць, калі паступлю вучыцца на стацыянар. Таму і выбрала завочнае аддзяленне.

Сем  гадоў Тамара Іванаўна займалася работай з піянерамі, неаднаразова ўдзельнічала ў конкурсах важацкага майстэрства, як раённых, так і абласных, нават атрымала  высокую ўзнагароду – нагрудны знак  ЦК УЛКСМ.

Але ўрокі гісторыі ўсё-такі цягнулі  яе мацней.

— Гэта работа мне  па душы, ніколі не было шкадавання, што стала педагогам. Шмат маіх вучняў таксама сталі настаўнікамі, з некаторымі і цяпер разам працуем у адной школе. На першым месцы ў мяне заўсёды дзеці. І мяне вельмі радуе, калі яны  не заўважаюць, як мінае ўрок і кажуць: “Тамара Іванаўна, а давайце яшчэ папрацуем!” Гэта найвышэйшая адзнака працы любога педагога. А яшчэ разам з дзяржаўнымі ўзнагародамі я берагу вось гэты дыплом “Самыя цікавыя ўрокі”, які ўручылі мне адзінаццацікласнікі  на выпускным  вечары, магчыма, для мяне гэта і ёсць самая каштоўная ўзнагарода, бо прызнанне вучняў для настаўніка самае дарагое.

Нягледзячы на вялікі педагагічны стаж, Тамара Іванаўна пастаянна займаецца самаадукацыяй, імкнецца ісці  ў нагу з часам, знаходзіць новыя цікавыя  формы работы на ўроку. Яна прызнаецца, што  на пачатку на ўроках  больш арыентавалася на  цікавы эмацыянальны аповед, калі вучні слухалі яе, затаіўшы дыханне, а  цяпер імкнецца  да таго, каб дзеці самі актыўна працавалі і здабывалі веды.

12 гадоў Тамара Эйсмант  адпрацавала і завучам у школе, але  зразумела, што    адміністрацыйная работа, якая дала ёй немалы вопыт,  усё-такі   не яе,  яна перш за ўсё настаўнік і толькі як настаўнік можа па-сапраўднаму рэалізавацца.

А яшчэ —  як кіраўнік школьнага музея, якому таксама аддала шмат гадоў свайго жыцця. З 2004 года, калі было вырашана адрадзіць музей, Тамара Іванаўна з’яўляецца яго нязменным кіраўніком і натхняльнікам гісторыка-краязнаўчай работы ў школе. 

— Калі пачыналі  адраджаць  музей, — успамінае Тамара Эйсмант, —  былі прапановы зрабіць яго вузка профільным.  Але мы палічылі, што ў  школе павінен быць менавіта гісторыка-краязнаўчы музей, які б даваў шырокія магчымасці для выхаваўчага і адукацыйнага працэсу.  Сёння ў музеі знаходзіцца больш за 1170 экспанатаў, і ўсе яны сапраўдныя, не муляжы. Мы вядзём пошукавую работу, арганізуем экспедыцыі, вучні,  бацькі  і проста мясцовае насельніцтва дапамагаюць папаўняць фонды.  Мы многа працавалі над тым, каб гісторыка-краязнаўчы музей “Вытокі” Малабераставіцкай сярэдняй школы  атрымаў статус народнага, і ў 2015 годзе гэта атрымалася.

Я пацікавілася ў Тамары Іванаўны, якія экспанаты музея найбольш рэдкія і ўяўляюць значную гістарычную каштоўнасць?

— Ведаеце, гэта вельмі цяжка вызначыць, — задумалася Тамара Іванаўна. – Кожны экспанат музея мае сваю гістарычную каштоўнасць і па-свойму дарагі. Напрыклад, у нас у музеі знаходзіцца нумар газеты “Красная звезда” ад 10 мая 1945 года, прычым, арыгінал, а не ксеракопія. Гэта, можна сказаць,  адзін з вынікаў конкурсу на лепшы экспанат, які мы штогод праводзім. Дык вось, гады хіба тры назад,  гэту газету прынёс адзін з вучняў, які знайшоў яе ў вёсцы Камянка  ў доме дзядулі на гарышчы  ў драўляным куфары.

Каб зацікавіць вучняў экскурсійнай і навукова-даследчай дзейнасцю, на базе музея працуе гурток “Юныя экскурсаводы”.

— Музей – гэта твар нашай школы, цэнтр грамадзянска-патрыятычнага выхавання, таму стаць экскурсаводам у нашай школе лічыцца вялікім гонарам, — адзначае Тамара Іванаўна, — але мае вучні не толькі праводзяць экскурсіі, яны  пішуць навукова-даследчыя працы і кожны год на раённых і абласных канферэнцыях атрымліваюць першыя месцы. А яшчэ пошукава-даследчая група вучняў працуе над стварэннем

электроннай  кнігі  “Памяць” аб ваенным лёсе воінаў-землякоў,   у яе ўжо ўнесена больш за 220 чалавек, гэта вельмі неабходная праца, і яе абавязкова трэба працягваць.

Да нас ужо нават звяртаюцца людзі і просяць знайсці сваякоў, якія прапалі без вестак.

Тамара Эйсмант падкрэслівае, што над музеем яна працуе не адна: заўсёды падтрымлівалі  і дырэкцыя школы, і аддзел адукацыі, і раённыя ўлады.

А яшчэ яна вельмі ўдзячна і мужу, Збышку Мар’янавічу,  — ён аднадумец і сапраўдная падтрымка для Тамары Іванаўны. Вельмі многа дапамог і з музеем, і, асабліва,  з электроннай кнігай “Памяць”. Ён можа ноч прасядзець і  праглядзець 20 тысяч прозвішчаў, каб знайсці знаёмыя.

— Вучыліся  мы ў адным класе, потым пажаніліся, і ведаеце, чым далей, тым больш цэнім адзін аднаго, – усміхаецца  Тамара Іванаўна. — Па спецыяльнасці муж  аграном, але так склаліся абставіны,  што цяпер  працуе загадчыкам гаспадаркі ў школе.  У нас двое дзяцей, сын Андрэй  і дачка Юлія, трое ўнукаў. Ганаруся сваімі дзецьмі, яны старанныя работнікі, у іх добрыя сем’і, мне ніколі не было сорамна за іх.

На развітанне я запытала ў Тамары Іванаўны, аб чым яшчэ марыць Ганаровы грамадзянін Бераставіцкага раёна?

— Хацелася б пашырыць экспазіцыю музея, — пачынае пералічваць Тамара Эйсмант. — Хацелася б вывесці  сваіх юных даследчыкаў  на міжнародны ўзровень.  Мару выдаць зборнік навукова-даследчых работ сваіх вучняў, якія мы напісалі на мясцовых матэрыялах, аб сваіх людзях і аб падзеях у нашым мікрараёне.  Я думаю, што ён быў бы вельмі  запатрабаваны.  А яшчэ хацелася б знайсці час, каб перачытаць класічную літаратуру, якую я вельмі люблю,  і каб хапала часу на яшчэ адно маё хобі – вырошчванне кветак.

Каб стаць паспяховым чалавекам, упэўнена Тамара Іванаўна, патрэбна нямнога — прафесіяналізм, творчасць, адданасць справе,  павага да людзей, падтрымка родных і блізкіх. Гэтаму яна вучыць сваіх вучняў і гэтым прынцыпам кіруецца ў сваім жыцці.

Ірына МІКЛАШ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *