Прыклад удалага гаспадарання

Лента новостей

Калі глядзіш на гэтую абаяльную, прыгожую жанчыну, нават не адразу паверыш, што трымаюць яны з мужам  аж чатыры каровы і прадалі  ў мінулым годзе дзяржаве каля  20 тон малака. Бухгалтар СВК “Малабераставіцкі элітгас”  Ірына Хоха і яе муж Сяргей — слесар мясцовай  малочнатаварнай фермы,  жывуць у вёсцы Кулі. Абое маюць вясковыя карані. Бацькі іх трымалі таксама не па адной карове, таму справа для іх гэтая добра знаёмая.
Раней у вёсцы той чалавек не лічыўся гаспадаром, які не трымаў карову і свіней. Карова спрадвеку была карміцелькай сям’і, сырадой ад яе быў самым смачным напіткам для дзяцей і дарослых. А дамашнія тварог, сыр і масла! Хто іх спрабаваў і сам родам з вёскі, ніколі не забудзе! Смак натуральны,  такі, што яны літаральна растаюць у роце, і гэта зусім не тое, што, напрыклад, ёгурты са шматлікімі “е” і хімічнымі араматызатарамі.  І якая б ранейшая гаспадыня паверыла б, што маленькая пластыкавая шкляначка такога прывабнага на выгляд ёгурту можа захоўвацца аж 2 месяцы? Зразумела, яна зрабіла б свой правільны вывад: “Там нешта зроблена, дабаўлена туды”.
А між тым ва ўсім свеце людзі згодны плаціць за натуральныя прадукты “ў разы” болей, чым за тую прадукцыю, што сыходзіць са шматлікіх  вытворчых ліній.
Вядома, кожны чалавек мае права на ўласную думку і на свой выбар. Камусьці падабаюцца менавіта такія, амаль штучныя ёгурты, а хтосьці адчувае ранейшую асалоду ад цёплага і духмянага сырадою! І дзяржава зацікаўлена ў тым, каб вяскоўцы трымалі кароў і здавалі больш малака. Для гэтага пастаянна павышаюцца закупачныя цэны, а на месцах акультурваюцца і ўпарадкоўваюцца пашы. Гаспадарам прадстаўляюцца бясплатна, або за невялікія цэны кармы.  Вось і Ірына Хоха ўдзячна роднай гаспадарцы за тое, што тут праяўляюць клопат пра яе каровак. Яна гаворыць, што сена, сянаж,  сілас, мука заўсёды якасныя і прадаюцца  за невялікія  грошы.  Браць іх можна паступова на працягу года, таму што няма дзе захоўваць у такой колькасці.
Даглядае і доіць кароў у асноўным муж, а за даільным апаратам яны ездзілі аж у Гомель. Чатыры гады таму такое прыстасаванне каштавала паўтара мільёна рублёў. Але затое даіць рукамі кароў зараз не трэба, а гэта вялікая палёгка. Любая вясковая жанчына гэта ведае, як кажуць, “па сабе”.
Кожны ранак сям’я Хоха здае  ад пяцідзесяці да пяцідзесяці пяці літраў малака.  Зразумела, гэта ўражвае. Па малако прыязджае малаказборшычык. Для сям’і гэта яшчэ адна крыніца даходу. За год атрымліваюцца добрыя грошы. Бацькі могуць дапамагаць сваім дочкам, якія ўжо абедзве замужам.
Хаця трымаць жывёлу і нялёгка, таму што клапаціцца пра яе прыходзіцца кожны дзень і немагчыма паехаць, напрыклад, куды-небудзь адпачываць, справа гэтая выгадная і пачэсная. Людзі ўносяць свой уклад у развіццё эканомікі краіны. У рэспубліцы зараз вяскоўцы ўсё менш трымаюць кароў. Даглядаць такую  жывёлу  нялёгка. Тэндэнцыя па краіне – змяншэнне колькасці хатняй жывёлы — гэта адна з прыкмет урбанізацыі. Вясковага насельніцтва паўсюдна становіцца менш. Але, магчыма, нехта зацікавіцца добрым прыкладам удалага гаспадарання. У Год прадпрымальнасці, які аб’яўлены ў дзяржаве,  і пры падтрымцы сельгаскааператываў  для працавітых людзей гэта дастойны занятак. Ёсць у ім і яшчэ адзін важкі “плюс”. Свой падворак, уласная жывёла, якую любіш, якую  можна палашчыць – гэта справа і для душы.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *