Конкурс “Юныя таленты” праводзіцца ў Бераставіцкай дзіцячай школе мастацтваў пяты год і з’яўляецца своеасаблівай музычнай “пляцоўкай”, дзе перспектыўныя вучні могуць прадэманстраваць свае творчыя здольнасці. Чарговая такая дэманстрацыя дасягненняў юных музыкантаў адбылася ў мінулую суботу, 12 лютага, у канцэртнай зале школы мастацтваў. Удзел у конкурсе “Юныя таленты-2011” прыняў 21 вучань школы.
Падтрымаць канкурсантаў прыйшлі іх бацькі, бабулі і дзядулі, сябры. Безумоўна, у большай ці меншай ступені, але хваляваліся ўсе ўдзельнікі. Першакласнікам і другакласнікам, якіх было найбольш прадстаўлена ў конкурснай праграме, не заўсёды ўдавалася справіцца з хваляваннем, што, зразумела, сказвалася на ігры. Вучні ж, якія ўжо не адзін год удзельнічаюць у падобных конкурсах, выглядалі на сцэне больш упэўнена і дэманстравалі сапраўды дастойны ўзровень падрыхтоўкі. Тым не менш, асобныя выступленні юных музыкантаў былі настолькі яркія і жывыя, што члены журы пры падвядзенні вынікаў конкурсу, не маглі не вылучыць іх сярод іншых. Першае месца было аднагалосна аддадзена вучаніцы 5-га класа скрыпкі Марыі Яхантавай. Дзяўчынка штогод удзельнічае ў конкурсе “Юныя таленты”, яе навыкі ігры на скрыпцы пастаянна шліфуюцца, і сёлета эмацыянальнае выступленне Марыі стала сапраўдным упрыгожваннем конкурснай праграмы. Другое месца, па меркаванні журы, падзялілі першакласнік-дамрыст Ілля Бутрыла і трацякласніца па класу фартэпіяна Ксенія Карпач. Трэцімі сталі таксама дзве ўдзельніцы—вучаніца 2-га класа фартэпіяна Надзея Рыгосік і вучаніца 3-га класа баяна Анастасія Мартыш. Канкурсанты-пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі адпаведных ступеняў і падарункамі. Акрамя іх, падзяку і грашовую прэмію атрымалі вучні мастацкага аддзялення Дар’я Коўган, Кацярына Кажэцкая, Елізавета Лукашэвіч, Паліна Місюля і Раман Пронін за паспяховы ўдзел у рэспубліканскім конкурсе плакатаў “Небяспека-СНІД”.
Напрыканцы творчага мерапрыемства выступіў вакальны ансамбль дзіцячага ўзорнага духавога аркестра “TUTTI” пад кіраўніцтвам В.Б.Антоненкі, а таксама асобныя выканаўцы Карэн Саакян, Андрэй Русілка, Павел Сізоў, якія падарылі слухачам цудоўны настрой сваёй эмацыянальнай ігрой, выдатным выкананнем папулярных мелодый.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара