Дабрабыт вяскоўцаў–у іх руках

Лента новостей

Нядаўна ў СВК “Пархімаўцы” адбылася традыцыйная абарона мерапрыемстваў. Кожны раз– гэта змястоўная і канструктыўная гутарка, у час якой вызначаюцца паслядоўная стратэгія развіцця гаспадаркі і канкрэтныя рэальныя крокі па ўдасканаленні вытворчага працэсу, накіраваныя на добрую аддачу. Быў зроблены грунтоўны аналіз работы за 2010 год і вызначаны задачы на перспектыву, да якіх трэба ставіцца вельмі адказна, таму што часу “на раскачку” няма.
Калі параўнаць паказчыкі ў раслінаводстве ў гэтай гаспадарцы з карцінай, якая склалася ў мінулым годзе ў цэлым на Гродзеншчыне, дык відавочна, што яны перавышаюць сярэднеабласныя. Але рэзервы ёсць, і іх трэба выкарыстоўваць.
Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых у вазе пасля дапрацоўкі ў СВК “Пархімаўцы” дасягнула 59,4 цэнтнеры з гектара. Гэта больш пазалеташняй на 3,9. Ураджайнасць кукурузы была 94 цэнтнера з гектара, рапсу – 23,8. Парадавалі бульба – 416 цэнтнераў з гектара (плюс 150,7), цукровыя буракі – 536 цэнтнераў з гектара (плюс 22,3). Валавы збор збожжа дасягнуў 8316 тон, што больш, чым у 2009 годзе на 243 тоны.
Выручка ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства ў СВК “Пархімаўцы” была 11 мільярдаў 613 мільёнаў рублёў. Яна перавысіла пазалеташні ўзровень на два з паловай мільярды рублёў.
Рост валавага надою ў гэтай гаспадарцы склаў 5,1%. Але знізіўся надой на карову. Таму ў час абароны мерапрыемстваў было выказана пажаданне зааветэрынарнай службе звярнуць на гэта ўвагу, праводзіць своечасова прафілактыку захворванняў.
Павялічылася рэалізацыя малака вышэйшым гатункам і дасягнула 55,3%. Не ўдалося атрымліваць “экстру” – колькасць яе была зусім нязначная, усяго 0,4%, але пачатак пакладзены.
Мяса буйной рагатай жывёлы ў сельгаскааператыве вырашчана 540 тон, што на 7 больш, чым у 2009 годзе, свіней – 488 тон (плюс 21 тона). Сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы склала 665 грамаў (плюс 30 грамаў), свіней – 436 грамаў. Зразумела, пры рацыянальным кармленні ў свінагадоўлі можна атрымліваць большую аддачу. На гэтым таксама была засяроджана ўвага на абароне мерапрыемстваў.
У сельгаскааператыве атрымана 1016 цялят (плюс 13), 5000 парасят (плюс 50). Тым не менш трэба звярнуць увагу на захаванасць жывёлы. Гэта таксама адзін з рэзерваў павышэння эфектыўнасці вытворчасці.
Рэалізацыя буйной рагатай жывёлы вышэйшай укормленасці дасягнула 87,6%.
Прагнознае заданне па росту валавой прадукцыі ў мінулым го-дзе (111%) было выканана на 103%. Каб выканаць заданне на пяцігодку, а яно вельмі няпростае, трэба неадкладна павышаць эфектыўнасць вытворчасці. Калектыву гаспадаркі пастаўлена задача – рост валавой прадукцыі ў гэтым годзе павінен скласці 113%. Аднак у СВК “Пархімаўцы” вырашылі распрацаваць мерапрыемствы з улікам росту 115,3% (у раслінаводстве – 122,8%, у жывёлагадоўлі – 109,5%). Калі задуманае ўдасца выканаць, гэта будзе значны крок наперад, добры старт для паспяховай пяцігодкі.
Каб выканаць заданне, у гаспадарцы плануюць павялічыць плошчы пад кукурузу на зерне ў два разы. Ураджайнасць цукровых буракоў трэба давесці да 600 цэнтнераў з гектара, рапсу – да 28.
Паўнавартасных кармоў у СВК “Пархімаўцы” дастаткова. Але пры павелічэнні пагалоўя ўзрасце і патрэба ў іх. Неабходна будзе нарыхтаваць кукурузы на сілас больш на 34%, сена на 11%, сенажу на 25%. Больш нарыхтуюць сенажу ў рулонах па новых тэхналогіях, што безумоўна паспрыяе яго якасці.
Валавая вытворчасць малака павінна павялічыцца на 12,4%. Надой на карову за гэты год павінен дасягнуць 6500 кілаграмаў. Не толькі вал, але і якасць сыравіны стане прыярытэтнай задачай. Вышэйшым гатункам трэба будзе здаць 70% малака, “экстрай” –10%.
У СВК “Пархімаўцы” ў гэтым го-дзе плануюць зрабіць рэканструкцыю малочнатаварнай фермы “Даўбянкі”, а на працягу пяцігодкі – пабудаваць яшчэ адзін малочнатаварны комплекс.
Увагу будуць звяртаць таксама на зніжэнне выдаткаў.
Каб стварыць маладым сем’ям камфортныя ўмовы для жыцця і замацаваць кадры на вёсцы, будуюцца тры дамы-асабнякі.
Па словах намесніка начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Бераставіцкага райвыканкама, начальніка аддзела эканомікі і ўліку Віталія Сяўко, за мінулы год у СВК «Пар-хімаўцы» сярэднямесячная заработная плата павялічылася на 24%, што з’яўляецца другім паказчыкам сярод сельгасарганізацый раёна.
***
— Сёння я якраз праводзіў сход з жывёлаводамі, — паведаміў мне ў той дзень, калі я прыехала ў гэтую гаспадарку, старшыня СВК “Пархімаўцы” Уладзімір Анішчык. — Я на сваёй пасадзе тут ужо паўтара года. Калектыў мне ў цэлым падабаецца. Людзі працавітыя, добразычлівыя, самі разумеюць, што трэба старацца. Заданне па росту валавой прадукцыі лічу рэальным.
У гаспадарцы ўведзена ў эксплуатацыю другая чарга малочнатаварнага комплексу “Канчаны”. Новыя тэхналогіі дапамогуць весці вытворчасць на сучасным узроўні. Зараз тут дойны статак – 500 кароў. Тэрыторыя добраўпарадкаваная. А на варотах мясцовы мастак нават намаляваў кароў-карміліц.
Святлана Цымбал спачатку была загадчыцай малочнатаварнай фермы “Канчаны”, а зараз загадвае комплексам. На малака-провадзе на ферме раней даілі 259 кароў, а працавалі там 8 аператараў машыннага даення. Зараз вытворчасць малака вельмі ўдасканалілася і працаваць стала значна лягчэй. У імпартнай даільнай зале “Вестфалія” абслугоўваюцца адразу 32 каровы, прычым робіцца гэта пад прыемную музыку. Са старой фермы на комплекс прыйшлі вопытныя даяркі: Галіна Канаева, Людміла Качаноўская, Наталля Кароль. Наташа захацела павысіць сваю адукацыю. Зараз яна вучыцца завочна ў Ваўкавыскім дзяржаўным аграрным каледжы на заатэхніка. А ўсяго на малочнатаварным комплексе працуюць 4 пастаянныя даяркі і адна падменная. Аплата іх залежыць таксама і ад якасці малака. Жанчыны задаволены.
Над тым, каб жывёла была здаровая, працуюць два ветэрынарныя ўрачы – Мікалай Трухан і Марына Васілька. Яны прыехалі ў гаспадарку маладымі спецыялістамі ды так і засталіся тут працаваць.
Каровы знаходзяцца на круглагадовым стойлавым утрыманні. Заатэхнік Алег Крывапуст адзначыў, што асаблівая ўвага надаецца кармленню жывёлы ў першыя 150 дзён лактацыі. Наогул жа, кармленне паўнацэннае і можа забяспечваць далейшы рост надояў.
Для кожнай секцыі ёсць выгульная пляцоўка. Жывёла карыстаецца мацыёнам. На малочнатаварным комплексе “Канчаны” ўстаноўлены два халадзільнікі на 8 тон 200 кілаграмаў кожны. Малако туды паступае аўтаматычна і ахалоджваецца. Свая кацельня працуе на мясцовых відах паліва. Для працаўнікоў створаны добрыя ўмовы – ёсць індывідуальныя шафы, душавыя, пральная машына-аўтамат. Людзі забяспечаны спецадзеннем, ёсць “чырвоны вугалок”.Тут можна паспяхова працаваць і павялічваць выпуск якаснай сыравіны.
На здымках: загадчык малочнатаварнага комплексу “Канчаны” Святлана Цымбал і аператары машыннага даення Наталля Кароль і Тамара Казлова; цялятніца Алена Кулеш.

Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *