Першае ў гэтым годзе пасяджэнне клуба творчых людзей “Бераставіцкае зямляцтва” раённага Дома культуры дало старт новым цікавым ідэям, далейшым творчым дасягненням удзельнікаў, падарыла ім некалькі гадзін пазітыўнага настрою, які ўласцівы сустрэчам з аднадумцамі, аб’яднанымі агульнымі інтарэсамі.
Удзельнікі клуба шчыра парадаваліся творчым дасягненням сваіх “калег па цэху” — мясцовай паэткі Алы Іванаўны Лагады і музыканта Сяргея Хілюты. Пры фінансавай падтрымцы Таварыства Чырвонага Крыжа Аўстрыі, Германіі, Швецыі і міні-праекта “Свет захапленняў” абласной і раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа выйшаў зборнік вершаў Алы Іванаўны “С любовью к людям”, куды ўключаны паэтычныя творы, напісаныя ў розныя гады яе жыцця. Некаторыя з іх друкаваліся ў “раёнцы” і мелі станоўчыя чытацкія водгукі за шчырасць, пранікнёнасць, лірызм, якімі пранізаны кожны вершаваны радок Алы Іванаўны.
Сяргей Хілюта, вядомы як саліст гурта S.Нill і аўтар песняў, прыняў удзел у цікавым музычным праекце пецярбургскай кампаніі “Бомба- Питер”, вынікам якога стала ўключэнне яго твора ў выпушчаны арганізатарамі дыск “Охота!-30”.
Кампанія “Бомба-Питер” выпускае зборнікі незалежных выканаўцаў з 1999 года. Мэта праекта — пазнаёміць прадстаўнікоў расійскіх музычных СМІ з маладымі перспектыўнымі калектывамі. Дыскі дасылаюцца ў вядучыя радыёстанцыі, прадзюсарскія, прамоўтарскія і гуказапісваючыя кампаніі Расіі, арганізатарам фестываляў, аптовым распаўсюджвальнікам музыкі і медыйным прадстаўнікам шоу-бізнесу. Частка экзэмпляраў выдаецца як дадатак да часопіса “Пецярбургскі музыкант”. Аднак, перш, чым твор трапіць у такі зборнік, ён прадстае на суд інтэрнэт-карыстальнікаў на сайце кампаніі. І толькі пасля онлайн-галасавання трэк уключаецца для запісу на дыск.
Менавіта прэзентацыям паэтычнага і музычнага зборнікаў нашых землякоў было прысвечана пасяджэння клуба, а таксама абмеркаванню плана работы на год, у які было вырашана ўключыць правядзенне аўтарскіх вечароў, выхад у шырокую аўдыторыю ў форме выстаў, творчых сустрэч з гледачамі, а таксама арганізацыю культурных паездак і інш. Былі абраны новы старшыня клуба — Марына Аляксандраўна Дзегцярова і сустаршыня — Мікалай Іванавіч Пацэнка.
Святлана Ганчарова