Кніга жыцця Таццяны Марцішэвіч

Лента новостей

img_6551Кожны з нас – аўтар. Аўтар уласнай кнігі пад ідэнтычнай для ўсіх назвай “Жыццё”. Толькі пішацца гэта кніга па-рознаму. Таму і атрымоўваецца, што ў адных яна тоўстая і змястоўная, а ў другіх – пустая. Але сёння не пра апошнюю.
У Таццяны МАРЦІШЭВІЧ “Жыццё” – гэта чатыры тамы. “Радзіма”. “Праца”. “Сям’я”. “Зямля”. І змест кожнага з іх непадобны да іншага. Там і падзейнасць, і эмоцыі, і пачуцці, прасякнутыя жаночай сентыментальнасцю.
Што дарма гаварыць? Лепш пераканацца ў гэтым кожнаму асабіста. Таму аб усім па парадку.
“Радзіма”
Хвойнае – вёсачка на астраўку, як параўноўвае яе ў рамане “Людзі на балоце” Іван Мележ. А вакол дрыгва, дрыгва і дрыгва. Менавіта там, у Хойніцкім раёне, што на Гомельшчыне, прайшло дзяцінства Таццяны Марцішэвіч. А было яно ў тыя далёкія 60-ыя гады мінулага стагоддзя не зусім дзіцячым. Бацькі штодзённа былі занятыя на здабычы торфу для торфапераапрацоўчага завода, які знаходзіўся ў Хойніках, а Таццяна разам з дзвюма сёстрамі, як і ўсе дзеці, хадзілі ў школу, пасвілі хатнюю жывёлу, дапамагалі бацькам па гаспадарцы.
– Мы дарма час не гублялі, пры магчымасці бралі кнігі з сабою і разам з сяброўкамі чыталі іх уголас, гэтак сказаць, арганізоўвалі гучныя чытанні. Часцей за ўсё гэта былі творы Мікалая Гогаля. Вольны час бавілі на рэчцы ў лесе, дзе ласаваліся дарамі прыроды, гулялі ў свае дзіцячыя гульні.
Месца пражывання (недалёка ад весачкі Хвойнае праходзіць украінская мяжа) не толькі ўплывала на літаратурны густ жыхароў, а і расстаўляла прыярытэты у кулінарыі.
– У доме на абедзенным стале заўсёды стаяла саламаха з вішні і мукі, квасоўка, прыгатаваная на пшанічнай крупе і сушаных яблыках, бульбяныя галушкі, гарбузовая каша. Такіх прысмакаў, калі пазней прыехала жыць у заходнюю частку Беларусі, ужо не ела. Тут другая кухня, другія стравы, другія звычкі.
Усплываюць у памяці Таццяны Дзмітрыеўны з дзіцячых часоў і тыя эмоцыі, і на вуснах з’яўляецца той непаўторны смак салодкай пенкі з варэння, якую яны малымі здымалі прама сабе ў рот, калі мама варыла ягадны дэсерт на кастры ля дома.
Цяпер толькі і застаецца жыць аднымі ўспамінамі аб тых гадзінах маленства, праведзеных на радзіме. Сёння са сваякоў у Хвойным нікога не засталося. Няма да каго наведацца, дзе спыніцца, каб прайсціся сцежкамі дзяцінства. Балючы 1986 год адабраў гэту магчымасць.
“Праца”
Лёсавызначальнай у жыцці Таццяны Марцішэвіч стала любоў да кнігі, якая прыйшла да яе не толькі праз творчасць Мікалая Гогаля, а і праз творы Івана Мележа, Янкі Маўра, Льва Талстога і Аляксандра Дзюма. Кнігі гэтых пісьменнікаў заўсёды поруч з жанчынай і на працы, і па-за ёю. Больш таго, яны для Таццяны Дзмітрыеўны сапраўдныя лекі ад сапсаванага настрою. Кажа, разгортвае любімае выданне на любой старонцы і забывае пра ўсё астатняе.
Нягледзячы на цесную сувязь з кнігай, мэтанакіравана звязваць сваё жыццё з бібліятэчнай справай Таццяна Марцішэвіч не збіралася. Воляю лёсу пасля заканчэння школы яна не паступіла ў педагагічны інстытут, таму працаўладкавалася на швейную фабрыку ў Гомелі.
– За год працы там у мяне кардынальна змяніліся погляды на сваю будучую прафесійную занятасць. Увогуле, надумала звязаць рабочую дзейнасць са швейнай вытворчасцю.
Тут зноў жа лёс перайграў чаканні і жаданні Таццяны Дзмітрыеўны. Кепскі зрок перашкодзіў стаць спецыялістам у гэтай галіне.
– Адкрыла даведнік для абітурыента і сярод усіх навучальных устаноў адзначыла для сябе Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя Пушкіна. А чаму і не? Кнігу я люблю.
Працаваць малады спецыяліст прыехала на Гродзеншчыну. Адразу была размеркавана ў Слонімскі раён, а калі паехала туды і пабачыла, што месца для яе там няма, калектыў ужо быў укамплектаваны, накіравалася ў Бераставіцу.
– Еду ўжо на аўтобусе сюды і збіраюся зыходзіць на прыпынку ў Малой Бераставіцы. Добра людзі сказалі, што ёсць яшчэ і Вялікая Бераставіца, куды неабходна мне было трапіць. Дарэчы, бераставіцкая зямля стала для мяне другой радзімай. Яна захапляе прыгажосцю мясцін, веліччу архітэктурных збудаванняў, працавітымі людзьмі, што жывуць побач са мной.
Падчас працы ў раённай бібліятэцы Таццяна паралельна вучылася ў Інстытуце культуры. Яна з настальгіяй успамінае свае першыя крокі ў працы, з вялікай павагай і ўдзячнасцю гаворыць аб тых людзях, што былі побач з ёю і вучылі прафесіі. Гэта Ганна Геда, Тамара Сцяпавая, Алена Кузікевіч, Тамара Крук, Мікалай Пацэнка. У выніку, 25 гадоў работы ў дзіцячай бібліятэцы, дзесяць з якіх загадчыкам, з 2005 года на пасадзе дырэктара цэнтральнай раённай бібліятэкі імя В.Кавалеўскага.
– У жыцці кожнага чалавека настае той момант, калі трэба нешта змяніць. Таму прапанова заняць пасаду дырэктара для мяне стала той самай магчымасцю, каб перайначыць сваю бытнасць. Пра мэтанакіраваны кар’ерны рост тут не ідзе гаворка. Хутчэй, прафесійны поспех звязаны з тым, што я займаюся любімай справай. Здаецца, не іду на працу, а лячу на крылах.
“Сям’я”
Першая сустрэча з будучым мужам Станіславам Тадэушавічам у Таццяны Дзмітрыеўны адбылася ў раённай паліклініцы. Ён праходзіў медагляд на працу, а яна – для паступлення ў інстытут. Але ў той момант мужчынскай рашучасці пазнаёміцца з прывабнай маладой дзяўчынай не хапіла. А калі з’явілася другая магчымасць завязаць гутарку з незнаёмкай, Станіслаў ёю ўжо скарыстаўся.
– Гляджу, хлопец ідзе мяне на танец запрашаць. А! Гэта той, якога я нядаўна ў паліклініцы бачыла і які не прапусціў мяне ў чарзе да ўрача. Сунецца!
Дзесьці праз год маладыя згулялі вяселле. Неўзабаве нарадзілася дачка Марына і сын Павел.
– Дзяцей стараліся выхоўваць на ўласным прыкладзе. Заўсёды давалі магчымасць самастойна спраўляцца з пытаннямі, якія былі ім пад сілу. Таму што, калі не навучыш сваё дзіця абыходзіцца без сябе, значыць, ты яго нічому не навучыў. Таксама як і ўсе бацькі марылі даць ім добрую адукацыю, выхаваць годнымі людзьмі. Цяпер можна смела сказаць, што мары збыліся. Дачка Марына закончыла Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, а потым атрымала вышэйшую адукацыю. Павел, наш сын, працуе і завочна вучыцца ў Магілёўскім інстытуце Міністэрства ўнутраных спраў.
Акрамя мудрых падыходаў у выхаванні дзяцей у Таццяны Дзмітрыеўны ёсць таксама свае сакрэты ў захаванні шчаслівых адносін з мужам. Ужо 34 гады яны разам ідуць па жыцці.
– Трэба чалавека кахаць. Ідзеш побач з ім, міма мільгацяць іншыя мужчыны, а ты думаеш: “А мой лепшы!” Павага, клопат, неабыякавасць да таго, чым займаецца твой чалавек – нічога асаблівага. Звычайныя адносіны.
“Зямля”
Для Таццяны Марцішэвіч корпацца на агародзе і ў садзе – адзін са спосабаў адпачынку. Любяць яе рукі адчуць мяккасць і пушыстасць урадлівай зямлі. У гаспадыні такі ўчастак – грэх слова лішняе сказаць: усё расце, што ні пасадзіш. Кажа, гэта дзякуючы яе Станіславу – ён ведае ўсё у зямельнай справе. Побач з імі дапамагаюць спраўляцца з агародам матуля Таццяны Дзмітрыеўны, сын, дачка, зяць і маленькая ўнучачка Янінка.
– Я з пашанай стаўлюся да людзей, якія маюць справу з зямлёй. Гэта вялікая праца і адказны занятак.
Вось такое яно, жаночае “Жыццё” Таццяны Марцішэвіч. Поўнае, яскравае, непаўторнае…
А аб чым, паважаныя чытачы, ваша кніга?
Алена Карпук, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *