Уборачны канвеер працягвае свой упэўнены шлях па бераставіцкай зямлі. У гаспадарках раёна нарыхтоўваюць кукурузу на сілас. У СВК “Алекшыцы” у гэтым годзе плануюць нарыхтаваць 27489 тон такога запатрабаванага корму. Надой на карову ў гэтай гаспадарцы за 8 месяцаў гэтага года склаў 5812 кілаграмаў, што на 127 кілаграмаў больш, чым за такі ж леташні перыяд. Каб прымнажаць свае здабыткі ў малочнай і мясной жывёлагадоўлі, паўнавартасна карміць жывёлу, аграрыі стараюцца выкарыстаць кожны прыдатны вераснёўскі дзянёк.
Кукуруза – адна з неацэнных раслін, якая крочыць з людзьмі ўжо каля шасці тысяч гадоў, знаходзячы ўсё новых шчырых прыхільнікаў у самых розных краінах свету. Каштоўнае зерне яе, магутнае сцябло з важкай зялёнай масай быццам створаны для таго, каб годна ўзбагаціць кармленне малочных карміцелек, раскрыць іх генетычны патэнцыял, парадаваць руплівых гаспадароў. Менавіта такіх зацікаўленых у далейшым эфектыўным развіцці жывёлагадоўлі аграрыяў мне і давялося пабачыць на гэтым тыдні на кукурузным полі ў СВК “Алекшыцы”. Корманарыхтоўчы канвеер працаваў там на поўную моц, зладжаным ланцужком рухаліся магутныя камбайны і грузавікі, пакідаючы пасля сябе роўна падстрыжаную шчотку рэшткаў “каралевы палёў”. У СВК “Алекшыцы” у гэтым годзе трэба ўбраць 896 гектараў кукурузы, з іх 561 гектар на сілас.
Гаспадарлівыя людзі заўсёды маюць кармоў з запасам, а гэты год для нарыхтоўкі каштоўных траў і кукурузы на Бераставіччыне выдаўся асабліва спрыяльным. Дажджы далі раслінам вільгаць, і зараз захоўваецца інтэнсіўны рост.
Без “дыктату” сучасных тэхналогій не можа быць належнай якасці нарыхтаванага “зялёнага скарбу”. А ён “капрызны”, патрабуе пастаяннай увагі, пачынаючы ад рэгулявання аптымальнай вышыні скошвання кукурузы на сілас вытворчай тэхнікай, расціскання зерня і здрабнення зялёнай масы расліны. Затое як прыемна паглядзець на кузавы з верхам машын, запоўненых роўнымі, быццам пад адзін грабеньчык, нарэзанымі кавалачкамі кукурузы. Скрылікі павінны быць памерам ад 2 да 4 сантыметраў, і такое патрабаванне далёка не выпадковае. Аказваецца, так ловяцца адразу “два зайцы”. І пры трамбоўцы ў траншэях сілас не спружыніць, і спажыўныя рэчывы потым кароўкам спаўна аддасць, выдатна будзе засвойвацца арганізмам.
Цікава было лічаныя хвіліны пагутарыць з майстрамі сваёй справы на нарыхтоўцы кармоў. Механізатар Аляксандр Лашэвіч ганарыцца сваім “Ягуарам-870”. Нездарма кормаўборачны камбайн атрымаў такую эфектную назву! Паслухмяная “разумная тэхніка” і
па шырокім полі лоўка манеўруе, і аддачу дае вялікую. Чацвёрты год Аляксандр на ёй працуе і нарадавацца не можа. Камфортна, вытворча, эфектыўна – што яшчэ трэба? А з вялікіх пераваг вёскі перад горадам камбайнер назваў утульны дом на зямлі. Папрацаваўшы ў сезон амаль 12 гадзін у суткі за штурвалам свайго “жалезнага каня”, аграрый знаходзіць прыемны адпачынак на ўласным дагледжаным падворку. Два сыны яго зараз у арміі, але бацька за іх спакойны – трапілі ў элітныя войскі, значыць, вернуцца сапраўднымі мужчынамі.
А вадзіцель Андрэй Панасюк мае вышэйшую адукацыю, закончыў аграрны ўніверсітэт. За рулём адчувае сябе няблага – гэтая справа яму таксама па душы. Яго магутны МАЗ-555 за адзін рэйс перавозіць 14-15 тон зялёнай масы. І гэтаму вяскоўцу далі выдатнае жыллё – у сям’і трое дзяцей, шасці, чатырох і двух гадоў.
– Мірацца? – жартую на заканчэнне.
– Мірацца, – усміхаецца шчаслівы бацька. – Толькі меншая заяўляе свае правы…
Ніна Наддэ, фота аўтара