Дэлегацыя з літоўскага горада Укмерге, якая прымала ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды 760-годдзя заснавання Свіслачы, наведала ў мінулыя выхадныя і Вялікую Бераставіцу. Гасцей сустракалі ў Музеі Вавёркі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бераставіцкага райвыканкама Алена Ігнатовіч, дырэктар музея Аляксандр Галавач і супрацоўнікі ўстановы.
У склад літоўскай дэлегацыі ўваходзілі дырэктар адміністрацыі Укмергскага самакіравання Стасіс Яцкунас, член самакіравання Арунас Ясайціс, дырэктар рэгіянальнага музея горада Укмерге Вайдуце Саколнікіене і старшы супрацоўнік аддзела інфармацыйных тэхналогій і сувязяў з грамадскасцю Укмергскага самакіравання Дайва Зімбліене.
Падчас размовы былі абмеркаваны пытанні ўзаемнага супрацоўніцтва ў музейнай справе, гасцей пазнаёмілі з экспазіцыямі музея, расказалі пра Вялікую Бераставіцу і правялі экскурсію.
Нагадаем, што кантакты паміж Музеем Вавёркі і рэгіянальным музеем у горадзе Укмерге завязаліся яшчэ вясной, падчас правядзення ў гэтым літоўскім горадзе першай міжнароднай канферэнцыі “Сучаснасць з’яўляецца гісторыяй. Спадчына Касакоўскіх у сучаснай Еўропе”. Мерапрыемства было арганізавана самакіраваннем Укмергскага раёна, рэгіянальным музеем і Фондам Касакоўскага (Варшава). Удзел у канферэнцыі прымаў тады разам з даследчыкамі з Польшчы, Літвы, Беларусі, Вялікабрытаніі, Францыі і галоўны захавальнік фондаў музея Яўген Волкаў.
Сяргей Хілюта
Фота з архіва Музея Вавёркі