У адным са сваіх гістарычных артыкулаў, апублікаваных у “Бераставіцкай газеце”, я ўжо адзначаў, што ўладальнік Вялікай Бераставіцы граф Станіслаў Казімір Касакоўскі (1837-1905) быў актыўнай і камунікабельнай асобай. Нават напрыканцы жыцця, будучы хворым, ён часта наведваў свае ўладанні, вандраваў па краі і неаднаразова бываў за мяжой. Пры гэтым ніколі не разлучаўся з фотаапаратам. Нагадаю, што граф з’яўляўся адным з пачынальнікаў фотамастацтва ў Літве і Польшчы і быў даволі вядомым фотамайстрам свайго часу. Ён стварыў цэлую серыю фотаальбомаў, на старонках якіх адлюстроўваў вынікі сваіх падарожжаў: – спатканні з сябрамі і знаёмымі, помнікі архітэктуры і ін-тэр’еры палацаў, прыгожыя прыродныя краявіды і сялянскі быт.
Дзякуючы новай рубрыцы “Фотаракурс”, якая нядаўна з’явілася ў «Бераставіцкай газеце», хачу прапанаваць сёння два, на мой погляд, цікавыя фотаздымкі з фотаархіва Касакоўскага.
Адзначу, што на большасці фотаздымкаў прысутнічае сам іх аўтар, паколькі працэс фатаграфавання Касакоўскі даручаў каму-небудзь са знаёмых альбо прыслугі, а сам займаў звычайна месца перад аб’ектывам.
Сяргей ЛУШЧЫК,
гісторык, г. Гродна