На Бераставіччыне падвялі першыя вынікі раённага спаборніцтва на жніве.
29 ліпеня першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзмітрый Кадргулаў разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімірам Апонам узнагародзілі лепшыя экіпажы камбайнераў, якія ў сваіх групах камбайнаў намалацілі найбольшую колькасць зерня ад пачатку ўборкі па стану на 28 ліпеня, і вадзіцеляў, якія за гэты перыяд перавезлі найбольшую колькасць зерня.
У групе камбайнаў з прапускной здольнасцю да 10 кг зерня у секунду лепшым стаў экіпаж з СВК «Макараўцы» ў складзе старшага камбайнера Віктара Ляховіча і камбайнера Вяслава Ядкоўскага, які на камбайне «Мега-208» намалаціў 387 тон зерня.
У групе камбайнаў з прапускной здольнасцю ад 10 да 12 кг/с лідзіруе экіпаж з СВК імя Варанецкага ў складзе старшага камбайнера Яна Стацкевіча і камбайнера Антона Багдановіча. На камбайне «CF-80» яны намалацілі 543 тоны зерня.
У групе камбайнаў з прапускной здольнасцю звыш 12 кг/с лепшы намалот таксама ў экіпажа з СВК імя Варанецкага. Старшы камбайнер Іван Радзюкевіч і камбайнер Аляксандр Пясецкі на камбайне «Лексіён — 580» намалацілі 642 тоны зерня.
Сярод вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня ад камбайнаў, лепшы вынік паказаў Анатолій Усс з СВК «Макараўцы», які перавёз ад пачатку ўборкі ўжо 1022 тоны зерня.
Лідары раённага спаборніцтва атрымалі Падзячныя пісьмы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, каштоўныя падарункі і сцяжкі пераможцаў.
Узнагароджаны таксама былі і лепшыя з удзельнікаў маладзёжнага спаборніцтва на жніве.
Сярод маладзёжных уборачных экіпажаў лепшы вынік паказаў экіпаж з СВК «Алекшыцы» ў складзе старшага камбайнера Віктара Сазона і камбайнера Аляксея Лойкі, якія на камбайне «Джон-Дзір 9640» намалацілі 293 тоны зерня. А лепшым сярод маладых вадзіцеляў стаў Аляксандр Зайцаў з СВК імя Варанецкага, які перавёз 580 тон зерня. Маладыя ўдзельнікі жніва атрымалі граматы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, памятныя падарункі і сцяжкі.
Нягледзячы на не зусім спрыяльныя ўмовы надвор’я, уборка збожжавых культур на Бераставіччыне працягваецца, працягваецца і раённае спаборніцтва на жніве.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара