140 гадоў з дня нараджэння Цёткі

Лента новостей

цётка215 ліпеня споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч, першай беларускай пісьменніцы, вядомай пад псеўданімамі Цётка, Мацей Крапіўка, Гаўрыла з Полацка і інш. Яна была першай, апярэдзіла сваёй паэзіяй творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Яна – адна з пачынальніц беларускай прозы.

Нарадзілася Алаіза Пашкевіч у вёсцы Пешчына (цяпер Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.) у заможнай сям’і Стэфана Пашкевіча. Дзяўчынка змалку праявіла здольнасці да вучобы, і бацькі паслалі яе вучыцца ў Вільню. Пасля заканчэння прыватнай жаночай гімназіі Прозаравай у Вільні Алаіза едзе ў Пецярбург і паступае на агульна­адукацыйныя курсы Лесгафта, дзе атрымлівае веды па медыцыне, па педагогіцы, па батаніцы. Тут, у асяроддзі рэвалюцыйнай моладзі, пад уплывам падзей, якія адбываліся ў той час у Пецярбургу, складваўся светапогляд паэтэсы. У канцы 1904 г. яна вяртаецца ў Вільню.
Творчасць Цёткі ў 1904-1907 гадах – яркая старонка ў гісторыі рэвалюцыйнай паэзіі, у гісторыі беларускай літаратуры. Паэтэса славіць рэвалюцыю, смела кліча на барацьбу супраць царызму. Пасля падаўлення рэвалюцыі Алаіза вымушана пакінуць радзіму і жыве за мяжой. У 1911 г. вяртаецца і пачынае актыўную работу ў беларускім друку. У 1914 г. паэтэса стала рэдактарам часопіса для моладзі “Лучынка”, у якім друкуе свае вершы, апавяданні, артыкулы. Творчая спадчына Цёткі параўнальна невялікая: зборнікі вершаў “Хрэст на свабоду” і “Скрыпка беларуская”, падручнік “Першае чытанне для дзетак беларусаў”, шматлікія нарысы, публіцыстычныя артыкулы. Асноўныя матывы паэзіі Цёткі – любоў да радзімы, да прыроды, самаахвярнае служэнне народу.
У 1915 г. Алаіза Пашкевіч прыкладае шмат намаганняў для арганізацыі беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў у Вільні, дапамагае ў стварэнні прытулкаў, працуе сястрой міласэрнасці ў ваенным шпіталі.
Беларускай пяснярцы не давялося доўга служыць роднаму краю. У пачатку 1916 г. Алаіза паехала на радзіму на пахаванне бацькі, у вёску Стары Двор, дзе ў гэты час знаходзілася яе радня. Там лютавала эпідэмія тыфу. Паэтэса дапамагала хворым і сама не ўсцераглася, захварэла і ноччу з 3 на 4 лютага 1916 г. памерла. Пахавалі яе ў в. Стары Двор. А на помніку высеклі словы з яе верша “На магіле”:
На магіле ўзыду дубам,
Пачну шаптаць братнім
губам
Аб іх долі, аб свабодзе,
Стану песняй у народзе!
Валянціна Чыкун,
загадчык
аддзела абслугоўвання і інфармацыі Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М.Кавалеўскага,
фота Святланы Ганчаровай
На здымку: помнік Алаізе Пашкевіч у г.Шчучын



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *