Штогод на Бераставіччыне ў аграгарадку Вялікія Эйсманты праводзіцца раённы адкрыты фестываль польскай культуры і побыту «Эйсмантаўскі фэст». Вось ужо на працягу пяці гадоў гэтае свята збірае ўсіх, каму цікавая гісторыя, культура, багатая нацыянальная спадчына палякаў, якія жывуць у мястэчку і ў рэгіёне. Невыпадкова ён праводзіцца ў сапраўднай «жамчужыне» Бераставіцкага раёна, вядомай на ўсю рэспубліку моцнай гаспадаркай СВК імя Варанецкага, працаўнікі якой уносяць важкі ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны Бераставіччыны. На эйсмантаўскай зямлі пражывае каля 80 працэнтаў этнічных палякаў раёна, якія цэняць свае карані, захоўваюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне самабытную польскую культуру і традыцыі. За прайшоўшыя гады «Эйсмантаўскі фэст» стаў візітнай карткай Бераставіччыны. І сёння смела можна сцвярджаць, што фестываль – па-сапраўднаму прыгожае, натхняльнае і пазнавальнае мерапрыемства, удзел у якім дазваляе мясцовым жыхарам не толькі змястоўна адпачыць пасля нялёгкіх працоўных будняў, але і прадэманстраваць усім сваю адметную гасціннасць і ўменне жыць у міры і згодзе з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей і рэлігійных канфесій, пазнаёміць са сваёй самабытнай культурай, дэкаратыўна-прыкладной, музычнай і мастацкай творчасцю, а таксама самім узбагаціцца душой, спазнаючы рознажанравае мастацтва лепшых калектываў, салістаў, майстроў-рамеснікаў, мастакоў раёна і вобласці, якіх кожны год запрашаюць на свята.
Пяць гадоў для фестывалю – юбілей невялікі. Але «Эйсмантаўскі фэст» стаў для ўсіх ужо адметнай, чаканай падзеяй, а таму ёсць упэўненасць, што ён яшчэ доўгія гады будзе радаваць сваімі новымі творчымі здабыткамі.
Эмблема “Эйсмантаўскі фэст”
(аўтар Андрэй Втарушын, 2012 г.)
Эмблема мае форму круга. У чырвоным полі на зялёным узгорку ляжыць разгорнуты скрутак з берасты натуральнага колеру. Скрутак па форме нагадвае ліру. У цэнтры скрутка ўздымаецца крыніца мастацтваў у выглядзе пяці блакітных струн – званочкаў рознай вышыні. Званочкі сімвалізуюць пяць відаў мастацтваў: спевы, інструментальную музыку, танцы, выяўленчае мастацтва, народныя рамёствы і промыслы. Выгін ніжняй часткі скрутка мае выяву дзяржаўнага сцяга Польшчы. Скрутак уяўляе сабой старажытную грамату, замацаваную віслай пячакай з чырвонага сургуча, на якім маецца надпіс па-польску: “EJSMONTY WIELKIE – 2016”. Гэта месца і адпаведны год правядзення фестывалю польскай культуры і побыту “Эйсмантаўскі фэст”.
Скрутак сімвалізуе Бераставіцкі раён з яго цэнтрам г.п. Вялікая Бераставіца, у гістарычны гербе якой таксама ёсць выява скрутка.
Па шляху сяброўства і ўзаемаразумення
Эйсмантаўскі сельскі аддзел ГА “Саюз палякаў на Беларусі”, які пры падтрымцы органаў раённай і мясцовай улады ў свой час стаў ініцыятарам раённага адкрытага фестывалю польскай культуры і побыту “Эйсмантаўскі фэст”, існуе і дзейнічае дзеля захавання і развіцця нацыянальных традыцый рэгіёну. З гэтай мэтай у Вялікіх Эйсмантах праводзіцца шэраг цікавых па форме і зместу мерапрыемстваў. Фэст, якому сёлета спаўняецца пяць гадоў, – яркі таму прыклад.
Першы фестываль адбыўся 17 чэрвеня 2012 года. Яго ідэя была простай. Як адзначыў у сваім прывітальным слове старшыня Бераставіцкага райвыканкама Антон Кулісевіч, гэта вялікая дружба паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей, што жывуць на бераставіцкай зямлі. Гэтую дружбу неабходна падтрымліваць і надалей. У тым ліку – і праз такія святы як “Эйсмантаўскі фэст”. Падобную думку агучыў і паважаны госць фестывалю Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Анджэй Хадкевіч. Ён адзначыў, што фэст – важная падзея для Бераставіччыны і пачатак яшчэ адной добрай справы па падтрымцы і развіццю польскай культуры на Гродзеншчыне. Багацце культур усіх нацыянальнасцей, якія пражываюць на Беларусі, падкрэсліў ён, – гэта сіла народа і адзінства краіны.
2012-ы быў стартавым годам для нашага фестывалю. Сёння ж ён адзначае пяцігадовы, “драўляны”, юбілей. А значыць – фэст ужо трывала стаіць на нагах. І наша задача падтрымліваць і развіваць яго надалей.
Вельмі важна, што гэтую ідэю падтрымліваюць раённая і мясцовая ўлады, а таксама СВК імя Варанецкага. Станоўчыя водгукі аб свяце мясцовых жыхароў толькі пацвярджаюць думку пра тое, што фестываль ім неабходны. Людзі з ахвотай дапамагаюць у яго падрыхтоўцы, з нецярпеннем чакаюць фестывальнага дня.
Наша вялікая ўдзячнасць за матэрыяльную і маральную падтрымку старшыні СВК імя Варанецкага Іосіфу Коласу і яго намесніку па ідэалагічнай рабоце Аліне Янушка. Яны заўсёды з адкрытым сэрцам і шчырай душой дапамагаюць у арганізацыйных пытаннях.
Другі фестываль, які праводзіўся 29 чэрвеня 2013 года, зноў сабраў сяброў – усіх тых, каму цікава акунуцца ў багатую нацыянальную культуру палякаў, што жывуць на бераставіцкай зямлі. Мы яшчэ раз упэўніліся, што наш фестываль прыносіць карысць. Як адзначыў Ігар Папоў, які ў той час быў начальнікам аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Гродзенскага аблвыканкама, цудоўныя выступленні ўдзельнікаў фестывалю і змястоўная прэзентацыя розных сфер мясцовага грамадскага жыцця – лепшае сведчанне таго, што ў “Эйсмантаўскага фэсту” ёсць будучыня. Гэтую думку падтрымаў і старшыня ГА “Саюз палякаў на Беларусі” Мечыслаў Лысы. Ён пажадаў нашаму святу далейшага развіцця.
На другім фэсце прыемна было пазнаёміцца з сям’ёй Эдмунда і Людвікі Кулікоўскіх, якія адзначалі залатое вяселле. Жыццёвая мудрасць, незвычайная сціпласць гэтых людзей сапраўды ўражвае. Гэта сям’я – яркі прыклад захавання нацыянальных традыцый мясцовага ўкладу жыцця.
На трэці фестываль, які адбыўся 29 чэрвеня 2014 года, былі запрошаны нашы знакамітыя землякі. Заўсёды імкнуўся быць карысным людзям былы актыўны дзеяч камсамольскіх, партыйных і савецкіх органаў горада Гродна Станіслаў Андрыеўскі. Медыцына стала лёсам дзіцячага хірурга Казіміра Іядкоўскага. Начальніку ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы камітэта па сельскай гаспадарцы Гродзенскага аблвыканкама Віктару Цыдзіку заўсёды дарагі сэрцу той родны куток, дзе ён рос і сталеў. Многія на Бераставіччыне ведаюць імя заслужанага работніка СВК имя Варанецкага, ганаровага грамадзяніна раёна Міхаіла Стралкоўскага. Наш малады зямляк айцец Анджэй Іядкоўскі прысвяціў сваё жыццё служэнню Богу і людзям. Сустрэча з гэтымі асобамі ўпрыгожыла трэці фестываль. Яго назвалі святам дружбы і добрасуседства.
Чацвёрты фестываль праходзіў 27 чэрвеня 2015 года пад дэвізам “Вялікія Эйсманты – аграгарадок маладых”. Мы ўшаноўвалі маладых спецыялістаў розных прафесій: агранома Паўла Станеўскага, настаўніцу Ганну Канецкую, лабаранта Крысціну Маціеўскую, вадзіцеля Юрыя Чарняка, электрыка Уладзіслава Красоўскага і іншых. Прыемна асэнсоўваць, што наша маладое пакаленне захоўвае і прымнажае здабыткі сваіх бацькоў і дзядоў, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці рэгіёна.
Асобна хачу падзякаваць нашаму нязменнаму вядучаму Паўлу Каржанеўскаму, які паказвае прыклад высокай адданасці нацыянальным традыцыям, цудоўна валодае польскай мовай.
Гэты год з’яўляецца юбілейным у жыцці нашага фестывалю. Ад імя членаў Эйсмантаўскага сельскага аддзела ГА “Саюз палякаў на Беларусі” жадаю, каб і ён пакінуў масу прыемных уражанняў у нашых жыхароў, удзельнікаў і гасцей свята. Няхай сённяшняя чэрвеньская нядзеля надоўга застанецца ў іх памяці, стане штуршком да паўнацэннага жыцця і працы, падорыць уменне радавацца кожнаму пражытаму дню.
Уладзімір Янкойць,
старшыня Эйсмантаўскага сельскага аддзела
ГА “Саюз палякаў
на Беларусі”
***
СВК імя Варанецкага: падтрымка фестывалю – уклад у будучыню
За ўсёй прыгажосцю і паспяховасцю фэсту стаіць карпатлівая адказная праца яго арганізатараў. Для таго, каб свята атрымалася, каб пакінула ў сэрцах людзей прыемнае ўражанне і яркія эмоцыі, патрэбны і дасканала прадуманая праграма, і, што важна, немалыя фінансавыя ўкладанні.
Спонсар «Эйсмантаўскага фэсту» – СВК імя Варанецкага. Менавіта на гаспадарцы ляжыць клопат аб матэрыяльным аспекце свята – выдатках на запрашэнне артыстаў і творчых калектываў, пачастункі гасцей стравамі нацыянальнай кухні, дыпломы, сувеніры і падарункі ўдзельнікам фестывалю, арганізацыю іх харчавання, упрыгожванне сцэны, феерверк, афармленне падворка і г.д. Аднак кіраўніцтва сельгаскааператыва лічыць, што «Эйсмантаўскі фэст» – патрэбнае і важнае мерапрыемства, і не шкадуе сродкаў і сіл для таго, каб падарыць сваім працаўнікам і мясцовым жыхарам сапраўднае свята.
– Не хлебам адзіным жыве чалавек, – кажа намеснік старшыні СВК імя Варанецкага па ідэалагічнай рабоце Аліна Янушка. – І хоць гэта фраза гучыць банальна, яна дакладна перадае сутнасць нашай работы. Важна не толькі дабівацца стабільных эканамічных паказчыкаў, але і ствараць умовы для камфортнага пражывання сельскіх жыхароў, для іх духоўнага і культурнага развіцця, змястоўнага адпачынку. Наша задача, як найбольш буйнога мясцовага прадпрыемства, зрабіць усё магчымае, каб у аграгарадку заставалася моладзь, каб маладыя спецыялісты знаходзілі тут нешта цікавае для сябе. І такое мерапрыемства як «Эйсмантаўскі фэст» якраз і спрыяе гэтаму. Як і многія іншыя культурныя і спартыўныя праекты, якія ў гаспадарцы падтрымліваюць і развіваюць. Узяць хаця б раённы турзлёт, які праходзіць у гэтыя дні, і дзе каманда сельгаскааператыва таксама ўдзельнічае. А заўтра, напрыклад, нашы спартсмены адправяцца на спартакіяду ў Індурскі сельсавет. Што датычыцца «Эйсмантаўскага фэсту», то гэта – наша галоўнае свята. Пры падрыхтоўцы да яго мы стараемся ісці ў нагу з часам, кожны год прапаноўваючы мясцовым жыхарам і гасцям аграгарадка нешта новае, што можа іх парадаваць ці нават здзівіць.
***
Стымул да краязнаўчых даследаванняў
Правядзенне фестывалю паслужыла для раённых і мясцовых краязнаўцаў стымулам да вывучэння гісторыі Вялікіх Эйсмантаў, даследавання біяграфічных звестак пра вядомых выхадцаў з мястэчка і навакольных вёсак. Напрыклад, краязнаўца-аматар, настаўнік Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў Андрэй Втарушын зацікавіўся біяграфіяй і дзейнасцю ўраджэнца Вялікіх Эйсмантаў, першага прафесара скульптуры на Беларусі Казіміра Ельскага (1782-1867).
Казімір Ельскі ўнёс важкі ўклад у станаўленне прафесійнай адукацыі беларускіх, польскіх і літоўскіх скульптараў ХІХ стагоддзя. Ён нарадзіўся ў Вялікіх Эйсмантах, вучыўся і працаваў у Віленскім універсітэце. Развіў і удасканаліў як від мастацтва скульптуру і малую пластыку (медальён). Адной з работ аўтара стаў бюст археолага Яўстаха Тышкевіча (1854). На жаль, беларускай літаратуры аб творчасці Ельскага вельмі мала. Адзіная манаграфія, прысвечаная скульптару, літоўскай даследчыцы Руты Янанене выйшла ў Вільні ў 2003 годзе.
Цікавасць Андрэя Францавіча да асобы Ельскага вылілася ў бібліяграфічны нарыс аб скульптары, які краязнаўца напісаў у пазамінулым годзе і які, дарэчы, публікаваўся ў “Бераставіцкай газеты”. А сёлета, спецыяльна да фэсту, Бераставіцкай раённай бібліятэкай імя В.М.Кавалеўскага была выдадзена брашура Андрэя Втарушына пад назвай “Прафесар скульптуры з Вялікіх Эйсмантаў”.
Да слова, Андрэй Францавіч мае непасрэднае дачыненне да “Эйсмантаўскага фэсту”. Ён аўтар эмблемы фестывалю, стваральнік праграмных буклетаў і памятных тэматычных паштовак. Яго ідэі як дызайнера і мастака выкарыстоўваюцца пры афармленні сцэны. Мясцовыя жыхары і госці фестывалю мелі магчымасць пазнаёміцца і з мастацкімі работамі Андрэя Францавіча і яго вучняў.
***
Бібліяграфічныя выданні аб Вялікіх Эйсмантах
Эйсмантаўскі край для яго ўраджэнцаў і жыхароў – маляўнічы, любімы куточак малой радзімы. Правядзенне фестывалю польскай культуры і побыту “Эйсмантаўскі фэст” выклікала цікавасць да гісторыі мястэчка і людзей, якія жылі тут у розныя гады. Аднак багатая на падзеі і цікавыя людскія лёсы шматвекавая гісторыя Эйсмантаў вывучана недасканала. Тут яшчэ шмат белых плям і вялікая прастора для даследаванняў.
У Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В.М.Кавалеўскага і яе філіяле ў Вялікіх Эйсмантах ёсць выданні, якія прысвечаны асобным старонкам гісторыі эйсмантаўскай зямлі.
Так, у кнізе Мікалая Рыгоравіча Зданчука “Сяло роднае” (1987) гаворыцца пра гісторыю станаўлення і развіцця калгаса імя Варанецкага з часоў яго стварэння да канца 80-х гг. ХХ стагоддзя і пра дасягненні гаспадаркі за гэты перыяд. Мікалай Рыгоравіч быў старшынёй гэтай гаспадаркі з 1972 па 1996 гады.
У 1968 годзе выйшла кніжка “Высокая ўзнагарода абавязвае”, аўтар якой старшыня калгаса “Гвардыя” (пазней імя Варанецкага) ў 1953-1972 гады Андрэй Максімавіч Варанецкі. У сваім творы ён успамінае пра тое, як працавалі работнікі сельгасартэлі і як сваёй працай умацоўвалі эканоміку раёна. Аўтар вельмі цёпла адгукаецца пра мясцовых людзей і іх вытворчыя поспехі, пра іх ініцыятыву, гарачае жаданне дастойна працаваць.
Зацікавіць чытачоў аповесць Ігната Дубоўскага “Зямныя вузлы”. Гэта нарыс пра жыццё і надзённыя клопаты жыхароў вёскі Вялікія Эйсманты. Адным з галоўных герояў аповесці якраз і з’яўляецца Андрэй Максімавіч Варанецкі.
Тым, хто валодае польскай мовай і цікавіцца генеалогіяй і гісторыяй польскіх родаў, можна прапанаваць кнігу Тадэвуша Эйсманта “Эйсманты гербу Кораб”, аўтар якой вывучаў і выкарыстаў пры напісанні кнігі матэрыялы архіваў Кіева, Мінска, Вільна і Жытоміра.
Валянціна Чыкун, загадчык
аддзела абслугоўвання і інфармацыі Бераставіцкай раённай бібліятэкі
імя В.М.Кавалеўскага
Падрыхтавала Святлана ГАНЧАРОВА