Сёння ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. У гэтым годзе ён, як і XXIV Генеральная канферэнцыя Міжнароднага савета музеяў, якая пройдзе 3-9 ліпеня ў Мілане, прысвечаны тэме «Музей і культурныя ландшафты». У эпоху экалагічнага крызісу на міжнародным узроўні распрацоўваецца стратэгія аховы навакольнага асяроддзя ўвогуле і культурнага ландшафту ў прыватнасці. Найважнейшай часткай культурнага ландшафту з’яўляецца культурная спадчына, якая захоўваецца ў выглядзе прадметаў альбо інфармацыі. Як распаўсюджваюцца веды аб культурнай спадчыне, якая захоўваецца ў музейных фондах і па-за сценамі музеяў? Пагаворым пра гэта сёння з дырэктарам ДУК «Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы» Аляксандрам Галавачом.
– Аляксандр Мікалаевіч, чым характарызуецца дзейнасць Музея Вавёркі па распаўсюджванні тых гісторыка-краязнаўчых ведаў і культурнай спадчыны, якія тут зберагаюцца?
– Музею Вавёркі ў кастрычніку будзе ўсяго два гады. Папулярнасць музея расце. Прывяду такія лічбы: з пачатку гэтага года ў нас пабывала звыш 1700 чалавек, праведзена 113 экскурсій. І гэта значна больш за мінулагоднія паказчыкі.
– Што паслужыла гэтаму штуршком?
– Перш за ўсё тое, што мы заявілі пра сябе на інтэрнэт-прасторы. Размясцілі рэкламную інфармацыю на Беларускім экскурсійным партале, іншых турыстычных інтэрнэт-рэсурсах. У нас створаны ўласны сайт, дзе размешчаны віртуальная экскурсія па залах музея, дзейнічаюць старонкі ў сацыяльных сетках. І гэта дало вынік. Да нас сталі прыязджаць не толькі з суседніх раёнаў, але нават і з іншых краін. Напрыклад, з Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Ізраіля, ЗША, Расіі, Літвы, Украіны.
– Акрамя экскурсійнай дзейнасці, якія яшчэ мерапрыемствы праводзяцца ў музеі?
– Сёлета, напрыклад, мы правялі цікавае пазнавальна-музычнае мерапрыемства «Выцінанка: мастацтва філігранных узораў з паперы» з выступленнем фолькавага калектыву «Балцкі Субстрат». З пастаноўкай старадаўняга лялечнага тэатра батлейкі ў нас выступалі юныя батлеечнікі – выхаванцы нядзельнай школы храма Святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай аг.Пагранічны. Праводзіліся музейныя заняткі для старшакласнікаў Вялікабераставіцкай СШ па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання. У рамках выязной вучобы да нас прыязджала група студэнтаў чацвёртага курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы на чале з дырэктарам Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрыем Кітуркам (на здымку). Пастаянна праводзім і тэматычныя выставы.
– Чым яшчэ адметная дзейнасць музея?
– Удзелам у двух сумесных праектах. Першы – гэта сумесны з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама праект пад назвай «Любі і знай радзімы край!». У яго рамках вучням школ раёна прапаноўваюцца разнастайныя аглядныя экскурсіі, тэматычныя заняткі, конкурсы, віктарыны і г.д. Напрыклад, у мінулым годзе падчас прадугледжанага праектам Тыдня турызму і краязнаўства Музей Вавёркі наведалі групы амаль з усіх устаноў адукацыі. Праект гэты, дарэчы, разлічаны на доўгатэрміновую рэалізацыю.
Другі – гэта рэгіянальны музейны экалагічны праект «Экалогія. Чалавек. Будучыня.» сумесна з Мастоўскім дзяржаўным музеем «Лес і Чалавек». Школьнікі раёна ўдзельнічалі ў конкурсе па стварэнні навагодніх ёлак з прыроднага матэрыялу. А яго пераможцы – вучні Малабераставіцкай СШ – ездзілі ў Масты і дэманстравалі свае экалагічныя веды ў другім туры конкурсу. Занялі другое месца.
– Аляксандр Мікалаевіч, што плануецца здзейсніць у Год культуры?
– Акрамя правядзення шэрагу выстаў і творчых сустрэч, супрацоўнікі музея актыўна займаюцца навукова-даследчай і выдавецкай дзейнасцю. Напрыклад, цяпер збіраюцца матэрыялы па гісторыі партызанскага атрада «Звязда», які дзейнічаў на тэрыторыі нашага раёна. Плануецца надрукаваць брашуру на падставе ўспамінаў былых удзельнікаў атрада, архіўных дакументаў, фотаздымкаў. Убачыць свет і брашура «Культурныя традыцыі Бераставіччыны ХIX-XX стагоддзяў». Працягваецца работа па зборы матэрыялаў для чацвёртага тома «Летапіснай хронікі Бераставіччыны 1964-1970 гг.». А яшчэ мы шукаем партнёраў для трансгранічнага супрацоўніцтва ў галіне турызму і краязнаўства. Дарэчы, першыя крокі ў гэтым кірунку ўжо зроблены: нядаўна ў літоўскім горадзе Укмерге адбылася міжнародная канферэнцыя “Сучаснасць з’яўляецца гісторыяй. Спадчына Касакоўскіх у сучаснай Еўропе”, у ходзе якой былі наладжаны сувязі паміж Музеем Вавёркі і мясцовым музеем. А хутка супрацоўнікі музея прымуць удзел у Форуме па пошуку трансгранічных праектаў у Вільнюсе, дзе прадставяць турыстычныя маршруты па ваколіцах Бераставіцы.
– Дзякуй за гутарку, Аляксандр Мікалаевіч. З прафесійным святам Вас і Вашых калег, а таксама ўсіх тых, для каго вывучэнне гісторыі роднага краю стала захапленнем жыцця.
Гутарыла Святлана Ганчарова,
фота аўтара