СВК “Малабераставіцкі элітгас” спецыялізуецца на вырошчванні элітнага насення бульбы. Тут выкарыстоўваюцца перадавыя тэхналогіі. Лабараторыя па мікракланальным размнажэнні бульбы ў гэтай гаспадарцы працуе з 1990 года. Каб атрымаць выдатнае насенне для рэалізацыі, патрабуецца 4 гады карпатлівай працы. Попытам карыстаюцца элітныя гатункі “другога хлеба” – Скарб, Універсал, Вектар і іншыя. Яны вылучаюцца добрай ураджайнасцю і цудоўным смакам.
Пад бульбу ў СВК “Малабераставіцкі элітгас” сёлета адведзена 120 гектараў, столькі, колькі і летась.
Мне давялося пабываць на полі, дзе шчыраваў на трактары МТЗ-952 з бульбяной саджалкай СК-4 вопытны механізатар Алег Міхальчык. Працуе ён у гэтай гаспадарцы з 1996 года, на розных відах работ паказвае сябе з самага лепшага боку. Поле, пасаджанае гэтым адказным чалавекам, сапраўды прыгожае. Адразу відаць, што механізатар дбае пра якасць.
Ніна Наддэ, фота аўтара