Сваё шчасце – сваімі рукамі

Лента новостей

IMG_5240Здараецца, што некаторыя людзі не баяцца перамен і мяняюць нямала працоўных месцаў, пакуль не знойдуць для сябе нешта самае прыдатнае. А бываюць і процілеглыя выпадкі, калі чалавек наогул прыходзіць працаваць толькі ў адну арганізацыю і там застаецца назаўсёды. Гэта гаворыць пра тое, што сустракаюць яго добразычлівыя людзі, там спрыяльны мікраклімат і належныя ўмовы працы. Мне даводзілася гутарыць з многімі “старажыламі” вытворчага цэха “Бераставіца” ААТ “Малочны Мір”. Цікава, што ёсць у іх адна агульная рыса. Кожны ветэран працы або вопытны работнік з немалым стажам цёпла ўсміхаецца, успамінаючы сваю маладосць і свежыя маладыя сілы. Безумоўна, яны гавораць, што Бераставіцкі масласырзавод тады быў зусім іншы і далёка не такі, як зараз цэх, пачынаючы літаральна ад варот, тэрыторыі і будынкаў. Не было ў прадпрыемства такога прыгожага ахайнага выгляду, не надавалі раней такога значэння ўпрыгожванню і азеляненню. Быў тады проста звычайны вытворчы аб’ект, падобны на многія іншыя. Аднак жыхары гарадскога пасёлка могуць успомніць, што і тады былі тут свае “изюминки”, напрыклад, адметны сыр “Дыета”. Калі яго, свежанькага, толькі з канвеера, прывозілі на прылаўкі магазінаў, гаспадыні ахвотна куплялі яго, бо любілі такі малочны прадукт з асаблівым смакам і дарослыя, і дзеці. Каштаваў тады ён вельмі танна, а якасці быў сапраўды адменнай.
Гэты наш знакаміты сыр з усмешкай успомніла і мая нядаў­няя субяседніца, апаратчык пастэ­рызацыі вытворчага цэха “Бераставіца” з вялікім стажам Галіна Траскова (на здымку). Яна пасля школы закончыла мяса-малочны тэхнікум, вярнулася на сваю малую радзіму працаваць і затым прымала самы непасрэдны ўдзел у развіцці такой неабходнай вытворчасці. Раней малако на масласырзаводзе разлівалі ў шкляныя бутэлькі, якія зараз прызнаны самымі экалагічнымі, і за якія ў многіх краінах устаноўлена дастойная залогавая цана, каб людзі імкнуліся іх здаваць і бераглі навакольнае асяроддзе. Прыгожая сціплая дзяўчына літаральна акунулася ў тагачасны вытворчы працэс, не баялася нялёгкай ручной працы, вельмі старалася. З вышыні яе сённяшняга вопыту ранейшыя тэхналогіі былі прымітыўнымі, хаця і тады бераставіцкія сыры ўжо пастаўляліся нават у Маскву, сталі знаёмымі далёкім пакупнікам.
Апаратчык пастэрызацыі расказала мне, як паступова вытворчы аб’ект набываў сучасны выгляд, як у эфектыўную мадэрнізацыю яго былі ўкладзены вялікія сродкі. Выдатнае абсталяванне кардынальна змяніла ўстарэлую ранейшую сістэму. “Разумная тэхніка” прыйшла на змену цяжкай ручной працы. Вялікае значэнне надаецца зараз санітарыі, захаванню строгіх правіл. Гэта залог высокай якасці прадукцыі і таго, што яна можа паспяхова заваёўваць замежныя рынкі. Кожны чалавек на сваім месцы павінен выконваць сваю працу на “10 балаў”, як гэта прынята зараз сярод выдатнікаў-школьнікаў, інакш вырабы не будуць адпавядаць высокім стандартам. А 21 век – гэта век канкурэнцыі, таму калектыў стараецца ісці ў нагу з часам. У вытворчым цэху “Бераставіца” строга захоўваюць тэхналогіі і не толькі. Галіна Іванаўна і яе калегі выконваюць сваю працу з любоўю, з добрым настроем. Такія пазітыўныя адносіны ў многім да “руціннай” і добра знаёмай работы таксама спрыяюць высокай якасці прадукцыі. Напрыклад, з якаснай сыравіны пры захаванні належных тэхналагічных патрабаванняў і пры рабоце “з душой” атрымліваюцца незвычайныя сыры-шэдэўры, якія перамагаюць на прэстыжных міжнародных выстаўках.
Выдатны спецыяліст заслужыла шчырую павагу ў калектыве. Галіна Іванаўна расказала мне, што іншай работы ніколі і не думала шукаць. Не ўяўляла сябе гэтая жанчына ў іншым месцы. Ёсць у яе ўжо і дынастыя. Сын Галіны Іванаўны працуе на гэтай вытворчасці вадзіцелем. Дачка выбрала прафесію медработніка, зараз у дэкрэтным водпуску. Унукі радуюць сваю любую бабулю. Дарэчы, выглядае яна молада, так што нават і не скажаш, што ў яе ёсць унукі. У кожнага з нас бываюць і праблемы. Ніхто без іх не абыходзіцца, у тым ліку і мая субяседніца. Але вылучае гэтую працавітую прыемную жанчыну адна выдатная якасць – аптымізм. Гэта адчуваецца і па яе шчырай усмешцы, і па маладым меладычным голасе, і па ўменню радавацца жыццю. Няхай у кожнага будуць такія прыемныя якасці, і мы ўсе станем трошкі душэўна багацейшыя!
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *