У нашай краіне зроблена стаўка на інтэнсіўнае развіццё жывёлагадоўчай галіны. За аснову прымаецца перадавы сусветны вопыт – нарошчванне выпуску якаснай сыравіны шляхам мадэрнізацыі і інтэнсіфікацыі вытворчасці, укаранення эфектыўных тэхналогій. А попыт на якасную малочную прадукцыю ў свеце пастаянна расце разам з ростам насельніцтва. Нашым жа суайчыннікам ёсць што прапанаваць замежнаму пакупніку.
На Бераставіччыне планамерная работа, раскрыццё генетычнага патэнцыялу буйной рагатай жывёлы, належны догляд і клопат пра яе здароўе, правільнае яе харчаванне даюць добрыя вынікі.
Валавы надой па раёне за 11 месяцаў мінулага года дасягнуў 623949 цэнтнераў. Рост склаў 104 працэнты ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. У СВК “Цецяроўка” рост дасягнуў 108 працэнтаў, а “вал” – 77757 цэнтнераў, у СВП “АграМір” — 107 працэнтаў і 43864 цэнтнеры адпаведна. Нарошчваюць вытворчасць сыравіны ў СВК “Малабераставіцкі элітгас” і “Макараўцы” – у іх рост 105 працэнтаў (надаілі 84868 і 84573 цэнтнеры). У СВК “Пархімаўцы” адзначаецца рост 104 працэнты, і малака надаілі 50193 цэнтнеры. Павышаюць надоі ў СВК імя Варанецкага, “Алекшыцы” і РУСП “Масаляны” – тут рост склаў 102 працэнты і валавы надой дасягнуў адпаведна 77902, 77688 і 77600 цэнтнераў. Ва ўсіх гаспадарках стараюцца. Там, дзе высокія надоі, павялічыць іх ужо не так проста. Але рэзервы яшчэ ёсць, лічаць нашы жывёлаводы.
У полі зроку аграрыяў, безумоўна, і якасць малака. Арыентавацца ў сучасных эканамічных умовах трэба на высакаякасную сыравіну, за якую добра плацяць. Выйграе ад гэтага ў першую чаргу сам вытворца. Сярод безумоўных лідараў па вытворчасці малака гатунку “экстра” ў раёне – па-ранейшаму СВП “АграМір”, стараюцца таксама жывёлаводы ў СВК імя Варанецкага, аграфірме “Стары Дворац”, РУСП Масаляны”.
А на карову самы высокі надой на Бераставіччыне адзначаецца ў РУСП “Масаляны” – 7896 кілаграмаў (плюс 86 кілаграмаў у параўнанні з такім жа перыядам пазамінулага года), у СВК “Алекшыцы” — 7666 кілаграмаў (плюс 55). Для параўнання адзначым, што па рэспубліцы і палова ад гэтага паказчыка лічыцца прыдатнай.
Добры ўзровень развіцця малочнай жывёлагадоўлі ў нас прапарцыянальны ўкладу ў гэтую важную галіну. У нас пабудаваны сучасныя малочнатаварныя комплексы, вытворчасць вядзецца па новых тэхналогіях, што дае пэўную аддачу. Культура вытворчасці немагчымая і без годнага “чалавечага фактару”. Пра нашых землякоў можна сказаць самыя добрыя словы. Напрыклад, у СВК “Алекшыцы” цялятніцы, аператары машыннага даення, даглядчыкі жывёлы, спецыялісты ствараюць дружны зладжаны калектыў, дзе нават цяжка выдзеліць кагосьці аднаго. Дзякуючы добраму догляду і кармленню жывёлы, тут планамерна раскрываецца генетычны патэнцыял буйной рагатай жывёлы, дынамічна растуць надоі. Нягледзячы на праблемны ў адносінах надвор’я мінулы год, кармоў тут хапае, бо быў зроблены стратэгічны запас. Кармы належнай якасці, кармленне збалансаванае. Маленькіх цялят у індывідуальных доміках добра даглядаюць, стараюцца з самага пачатку, каб з іх выраслі добрыя карміцелькі. Не стварае тут праблем і зіма. Работа ідзе ў зладжаным рытме, кожны чалавек на сваім месцы ўносіць свой важкі ўклад у агульную справу. Няхай і 2016 год не стане выключэннем, а прынясе новыя поспехі ў скарбонку здабыткаў нашых землякоў!
Ніна Наддэ