Сэрца аддаў роднай зямлі

Лента новостей

IMG_4871Вялікая Айчынная вайна сваім вогненным крылом ахапіла ўсе сем’і ў Беларусі – людзі страчвалі сваіх родных і блізкіх. А жыхар вёскі Пыхоўчыцы, ветэран працы і былы інжынер па працаёмкіх працэсах у жывёлагадоўлі СВК “Алекшыцы” Георгій Белабокі – чалавек незвычайнага лёсу. Ён вязень, нарадзіўся ў турме ў Беластоку ў 1942 годзе. Скажу шчыра, такое пачуеш рэдка, і ўражанне падобнае паведамленне робіць вялікае. У Беласток у турму забралі бацьку-настаўніка і маці Георгія Аркадзьевіча па ілжывым даносе ў тыя цяжкія і змрочныя гады. Цяжка ўявіць нават тыя страшныя дні для сям’і, і хаця Георгій Аркадзьевіч іх не памятае, ён дагэтуль захоўвае ў памяці, як цяжка было яго маці і бацьку перажыць зняволенне. У пасведчанні сталага ўжо чалавека напісана: ”утрымліваўся гвалтоўна”, і гэта таксама “не ўкладваецца” ў галаве, супярэчыць здароваму сэнсу – як можна ўтрымліваць у турме нованароджанае дзіця, ды і яго маці, якая ні ў чым вінаватая не была? Такіх жудасных эпізодаў было шмат у тыя нялёгкія гады.
Праз некаторы час сям’я вярнулася ў родную вёску, малое дзіцятка пахрысцілі. Час быў цяжкі, людзі выжывалі, як маглі. Сям’я трымала дзве каровы, садзіла агарод. Потым бацька вярнуўся да сваёй ранейшай работы. Хлопец закончыў школу, вучыўся добра, быў дапытлівым юнаком. Калі паўстала пытанне пра выбар прафесіі, доўга не задумваўся, падаў дакументы ў Жыровіцкі тэхнікум, вывучыўся на інжынера-механіка, бо вельмі цікавіўся тэхнікай.
Пасля службы ў арміі ў Маскоў­скай ваеннай акрузе бязвусы салдацік вярнуўся ў родныя мясціны, а праз некаторы час стаў працаваць інжынерам у калгасе “Іскра”. Іншага месца для сябе не ўяўляў, хаця ўжо пабачыў свет — велічную Маскву, але не захацеў паспрабаваць там застацца, як многія. У той час там можна было ўладкавацца – патрабаваліся людзі на розныя віды работ, напрыклад, на будоўлю, а потым можна было нават атрымаць бясплатную кватэру. Але юнака цягнула менавіта ў родныя мясціны, да якіх прыкіпеў сэрцам.
Калгас “Іскра” неўзабаве далучыўся да калгаса імя Леніна, вытворчасць узбуйнялася. У калгасе імя Леніна Георгій Аркадзьевіч 43 гады адпрацаваў інжынерам па працаёмкіх працэсах у жывёлагадоўлі, а агульны стаж яго яшчэ большы. Нячаста можна знайсці ветэрана працы з такім немалым стажам! Можна сказаць, што развіццё гаспадаркі, укараненне перадавых тэхналогій праходзіла на вачах гэтага нераўнадушнага чалавека і пры яго непасрэдным удзеле.
Мы гутарылі з гаспадаром на яго ўтульнай дагледжанай сядзібе, і мне давялося бачыць, як пры пераходзе размовы на справу яго жыцця ў чалавека загараюцца вочы. Радасна ўспомніць яму, як удалося з дапамогай механізацыі і ўдалых рашэнняў пазбавіць людзей цяжкай ручной працы на фермах, напрыклад, ранейшай устарэлай раздачы кармоў. Затым паступова ліквідавалі кармацэхі, купілі кормараздатчыкі. Гэта вельмі аптымізавала вытворчы працэс. Устарэлыя транспарцёры для выдалення гною таксама прыбралі, работа стала выконвацца бульдозерам. Па новых тэхналогіях стала праводзіцца механізаванае паенне жывёлы, а гэта таксама вельмі важна. І кожны раз, калі ўзнікала актуальная надзённая задача, каб ісці ў нагу з часам, інжынер падыходзіў да справы, як зараз кажуць, “крэатыўна” і з душой.
У тым, што СВК “Алекшыцы” вылучаецца зараз у раёне і рэспубліцы сваім добрым развіццём жывёлагадоўлі, ёсць і важкі ўклад здольнага і стараннага інжынера з добрай тэхнічнай адукацыяй, які цікавіўся перадавым вопытам у сельскай гаспадарцы. Як па прыступках, ішлі людзі да сённяшніх сваіх значных поспехаў. Безумоўна, працаваў інжынер у моцнай камандзе з цэлым шэрагам па-сялянску руплівых працаўнікоў, якія былі зацікаўлены ва ўмацаванні свайго агульнага дабрабыту.
Зараз ветэран працы на заслужаным адпачынку, але застаўся такім жа нераўнадушным да калектыўнай справы чалавекам, цікавіцца пра ўсё новае ў СВК “Алекшыцы”. Яго радуе, што сельгаскааператыў не толькі застаецца моцным, але і пастаянна павышае сваю планку, напрыклад, у малочнай жывёлагадоўлі, хаця зрабіць гэта не так проста. Чалавек шчыра ўдзячны, што і яго не забываюць, віншуюць са святамі, дапамагаюць апрацоўваць прысядзібны ўчастак.
— А жонку мне Бог паслаў далёкую, — з цёплай усмешкай расказвае пра сваю “другую палову”, з якой ён шмат гадоў пражыў у каханні і згодзе, мой цікавы субяседнік. – Яна з Тамбова, прыехала некалі, як я вярнуўся з арміі, да свайго брата ў Малую Бераставіцу. Дзяўчына была вельмі прыгожая, мы пазнаёміліся, ажаніліся. Так і засталася яна ў нашых мясцінах, а разам мы ўжо 46 гадоў.
У Георгія Аркадзьевіча з жонкай дзве дачкі, трое ўнукаў. Калі яны прыязджаюць у родную ціхую вёсачку, у дзеда і бабулі сэрца радуецца. Нават зараз, у пачатку зімы, каля дома гэтай дружнай і “праверанай часам” сям’і вельмі прыгожа, а як прыемна тут вясной і летам, калі ўсё зелянее і цвіце! Для Георгія Аркадзьевіча і яго дамачадцаў гэта райскі куточак, якога так не хапае многім гара­джанам у сённяшнім тлумным жыцці…
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *