Цукар – тавар неабходны ў нашым паўсядзённым жыцці. А перш чым ён трапіць на стол спажыўца, неабходна пераадолець доўгі шлях ад поля да перапрацоўчага прадпрыемства. Вырошчванне і перапрацоўка салодкіх каранёў пастаўлены ў краіне на “вытворчыя рэйкі”.
У кожным калектыве ёсць людзі, кожны з якіх на сваім месцы робіць усё магчымае, каб захоўваліся тэхналогіі і прадпрыемства працавала, як гадзіннік.
— На Бераставіцкі буракапрыёмны пункт паступіла 49778 тон салодкіх каранёў, — гаворыць размеркавальнік работ Галіна Цівунчык. – Адпраўлена на ААТ “Скідальскі цукровы камбінат” 43188 тон. Каштоўная сыравіна захоўваецца па сучасных тэхналогіях у кагатах. Яны апрацаваны гідратнай вапнай ад замаразкаў і для таго, каб адбіваць сонечныя прамяні. Калектыў у нас добры, кожны стараецца на сваім месцы. Людзі дапамагаюць адзін аднаму.
Галіна Уладзіміраўна працуе на буракапрыёмным пункце з 2008 года. Да гэтага пасля заканчэння Навагрудскага сельгастэхнікума працавала ў гаспадарцы брыгадзірам. Яна памятае, як раней палолі буракі ўручную, ды і ўборка іх вялася з дапамогай нялёгкай ручной працы. Зараз такога ўжо няма, аграрны сектар стаў больш механізаваны. На буракапрыёмным пункце жанчына спачатку працавала лабарантам, потым размеркавальнікам работ. Яна гаворыць, што забруджанасць буракоў у апошнія гады зменшылася, што вельмі добра. Галіна Уладзіміраўна займаецца таксама рознымі справаздачамі, вядзе табель па зарплаце.
Пасля заканчэння здачы буракоў на камбінат пачынаецца тут падрыхтоўка да наступнага сезону. Тэрыторыя буракапрыёмнага пункта ахайная і дагледжаная, тут заўсёды парадак.
Ніна Наддэ, фота аўтара