Выбары прайшлі пры высокай актыўнасці

Лента новостей

Нядзеля, 19 снежня, была лёсавызначальнай для ўсіх жыхароў нашай краіны, у тым ліку і для бераставічан. Усе 14 выбарчых участкаў гасцінна расчынілі свае дзверы ў 8 гадзін раніцы. І ўжо ў першыя гадзіны большасць выбаршчыкаў імкнулася аддаць свае галасы за будучага Прэзідэнта.
Наведаўшы некалькі выбарчых участкаў, мы бачылі, што работа камісій была арганізавана на высокім узроўні, у склад іх уваходзілі дасведчаныя людзі, якія маюць вопыт у правядзенні выбарчых кампаній.
На ўсіх участках за ходам галасавання сачылі назіральнікі, якія прадстаўлялі грамадскія аб’яднанні раёна, некаторыя ўчасткі наведалі міжнародныя назіральнікі ад АБСЕ, а таксама ад міжнароднай місіі выканкама СНД.
Большасць грамадзян прыходзіла галасаваць на ўчасткі, а да тых, хто не змог гэта зрабіць па стану здароўя ці іншых аб’ектыўных прычынах, члены камісіі выязджалі на галасаванне па месцы іх знаходжання.

Зладжана працавалі члены Алекшыцкай участковай камісіі №5

Па традыцыі на ўсіх выбарчых участках працавалі буфеты, у якіх быў прадстаўлены шырокі асартымент разнастайных харчовых прадуктаў.
Добраму настрою выбаршчыкаў спрыялі таксама і канцэртныя праграмы, якія былі арганізаваны на многіх участках для галасавання.
Трэба адзначыць, што многія жыхары раёна выканалі свой грамадзянскі абавязак яшчэ падчас датэрміновага галасавання.
Высокая актыўнасць выбаршчыкаў сведчыць аб тым, што людзі ў чарговы раз праявілі разуменне значнасці гэтай палітычнай падзеі.

Назіральнікі ад міжнароднай місіі выканкама СНД Шынарбек Батырханаў і Віктар Антановіч адзначылі высокаарганізаваную работу ўчастковых камісій раёна і актыўны ўдзел выбаршчыкаў
Свой 95-гадовы юбілей адзначыла напярэдадні выбараў Прэзідэнта краіны Анастасія Іванаўна Белаш з вёскі Падбагонікі. Нягледзячы на такі салідны ўзрост, яна неабыякава ставіцца да лёсу краіны і ў дзень усенароднага галасавання таксама зрабіла свой выбар. Разам з членамі ўчастковай камісіі да яе завіталі прадстаўнікі мясцовай гаспадаркі, павіншавалі з юбілеем і ўручылі каштоўны падарунак.
Мікалай Мікалаевіч Аніська галасаваў на Масалянскім выбарчым участку №6 за далейшае стабільнае развіццё сваёй краіны, за захаванне і ўмацаванне сацыяльных гарантый.
Маладая сям’я Наталлі і Дзяніса Барысікаў з Вялікіх Эйсмантаў прыйшлі аддаць свае галасы за Прэзідэнта краіны разам з будучым выбаршчыкам

Падрыхтавалі Ірына МІКЛАШ і Сяргей ХІЛЮТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *