“Школа – гэта мой другі дом…”

Лента новостей

IMG_4234Аб тым, што Тамара Мікалаеўна Марчык хутка адзначае свой юбілей, я даведалася ад яе калег з Кватарскага ясляў-сада-базавай школы, якія абавязкова хацелі, каб некалькі слоў аб гэтай цудоўнай настаўніцы і добрым чалавеку з’явіліся і на старонках нашай газеты.
І вось мы ўжо размаўляем з Тамарай Мікалаеўнай у кабінеце, дзе яна займаецца са сваімі выхаванцамі-другакласнікамі. Іх у яе нямнога – толькі трое, і яна жартам называе іх сваімі ўнукамі, бо ў свой час вучыла іх бацькоў, а дакладней – татаў. Дзеці наперабой расказваюць, што іх настаўніца самая лепшая, яна добрая і на ўроках у яе вельмі цікава, яна навучыла іх чытаць, пісаць, штодзённа вучыць пазнаваць і правільна сябе ў ім паводзіць.
Тамара Мікалаеўна Марчык працуе ў Кватарскай школе ўжо 37-ы год, прычым, 16 з іх яна была намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Можна сказаць, што гэтай школе яна аддала ўсё жыццё і ўсур’ёз называе яе сваім другім домам.
Родам Тамара Мікалаеўна з вёскі Раднікі Ваўкавыскага раёна. З дзяцінства яна марыла быць настаўніцай або бібліятэкарам, бо вельмі любіла вучыцца і чытаць кнігі. Пасля заканчэння школы дзяўчына паступіла ў Ваўкавыскае педвучылішча, адвучылася там, а на размеркаванні, хоць ёй было і забраніравана месца ў сваім раёне, папрасілася паехаць працаваць у Шчучынскі раён. Там яе чакала не зусім прыемная навіна: адправілі працаваць не настаўніцай пачатковых класаў, як яна марыла, а піянерважатай.
— Праплакала дзве гадзіны ў аддзеле адукацыі, — успамінае Тамара Мікалаеўна, — а што ж зробіш! Ну і паехала працаваць у Гурнофельскую сярэднюю школу піянерважатай. Адпрацавала два месяцы, ужо нават прывыкла, а тут званок, выклікаюць у аддзел адукацыі. Загадчык запомніў, як я плакала, бо хацела быць настаўніцай, а тут вызвалілася месца настаўніцы пачатковых класаў у Біцеўскай васьмігодцы і мне яго прапанавалі. Па праўдзе кажучы, мне ўжо і не хацелася зрывацца з прывычнага месца, але ж сама, як кажуць, напрасілася….
Узялі машыну з аддзела адукацыі, загрузілі мае рэчы і завезлі мяне ў вёску Задваране, дзе я засялілася. Школа ў Біцеўцах размяшчалася ў былым панскім маёнтку, гэта быў вельмі маляўнічы куточак. Адпрацавала я настаўніцай пачатковых класаў дзесьці каля двух месяцаў, а пасля прыехала праверка і выявіла неадпаведнасці ў колькасці вучняў, бо ў мой першы клас узялі адну вучаніцу, якой не споўнілася яшчэ 7 гадоў. Маю стаўку скарацілі напалову, а мяне дагрузілі выкладаннем рускай мовы і літаратуры ў 9 класе і музыкі ва ўсёй школе. Мне было тады ўсяго 18 гадоў, і загартоўку, якую я прайшла ў той школе, я не забуду ніколі!
У Біцеўцах Тамара Мікалаеўна адпрацавала 4 гады, потым вый­шла замуж і з мужам, які таксама быў з Ваўкавыскага раёна, пачалі шукаць працу бліжэй да дому.
Сваякі з Кватараў падказалі, што ў мясцовую школу патрэбна настаўніца, а шафёру знойдзецца месца ў калгасе. Маладой сям’і адразу далі кватэру ў доме насупраць школы, і Тамара Мікалаеўна стала працаваць настаўніцай пачатковых класаў.
З удзячнасцю яна сёння ўспамінае тагачаснага дырэктара школы Пятра Паўлавіча Цыванюка і яго каманду, якая вельмі дапамагла ёй у прафесійным станаўленні. У першую чаргу, гэта жонка дырэктара Кацярына Міхайлаўна, а таксама вопытныя педагогі Ніна Лукінічна Кумпель і Сцефаніда Іванаўна Гусар.
У 1980 годзе Тамара Мікалаеўна закончыла аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы і атрымала дыплом настаўніка беларускай мовы і літаратуры.
— Можна сказаць, што крылы мне, як настаўніку беларускай мовы і літаратуры, дала метадыст аддзела адукацыі Ларыса Васільеўна Кліменкова, яна паверыла ў мае сілы і перадала гэтую ўпэўненасць мне, — гаворыць Тамара Мікалаеўна. — Падтрымалі яе ў гэтым і Таццяна Канстанцінаўна Кажанеўская, і Соф’я Канстанцінаўна Жыліч, і Галіна Анастасьеўна Талай. Я ўсім ім вельмі ўдзячна. Школа – гэта мой дом. Усё жыццё маё прайшло больш тут, чым дома. І калі мне прапаноўвалі пасаду намесніка дырэктара, дачка слёзна прасіла не згаджацца. Яна казала: “Мамачка, я цябе ведаю, ты настаўніцай у школе прападаеш, а цяпер мы цябе дома зусім не будзем бачыць”.
Але іншага жыцця для сябе настаўніца не ўяўляе. Яна помніць усіх сваіх вучняў, перажывае за іх лёс.
Жыццё непрадказальнае і часамі прыносіць сюрпрызы. Тамара Мікалаеўна з усмешкай расказвае, як да іх у школу прыехала працаваць маладая настаўніца, твар яе падаўся вельмі знаёмым. У працэсе гутаркі высветлілася, што яна з Задваран, і Тамара Мікалаеўна вучыла некалі яе маму.
На маё пытанне, ці быў у яе самы любімы клас? Тамара Мікалаеўна гаворыць, што найбольш ёй запомніўся той клас, дзе вучылася цяперашні намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Сунэлік. Гэта быў вельмі дружны клас, адказныя дзеці. Ну і, вядома, не забываюцца першыя класы.
— Першы клас, ведаю са сваёй практыкі, – самы цяжкі клас. Дзеці прыходзяць з розным узроўнем падрыхтоўкі, часта зусім нізкім. Трэба знайсці падыход да кожнага, прывіць цягу да ведаў, — адзначае настаўніца. — Я часта думаю, ці магла б быць кім-небудзь яшчэ? Але што не перабяру, вярнуся зноў да сваёй прафесіі. Так што, калі б павярнуць час назад, то школа зноў была б маім выбарам.
Праблем у жыцці Тамары Мікалаеўны хапае. Муж хварэе, ён інвалід першай групы, аднялі нагу, у гэтым годзе зусім страціў зрок. Але ўсе гэтыя праблемы настаўніца пакідае перад школьным парогам. Для вучняў і калег яна заўсёды адкрытая, з усмешкай, гатовая ў любы момант дапамагчы.
Тамара Мікалаеўна ўпэўнена, што настаўнік павінен быць добрым, любіць дзяцей і дасканала ведаць свой прадмет, тады яго будуць паважаць і вучні, і бацькі. А самым галоўным у сваёй прафесіі яна лічыць не проста даваць веды, а выхаваць сапраўднага чалавека, прычым, чалавека з вялікай літары.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *