СВК імя Варанецкага: Іх рукамі мацнее гаспадарка

Лента новостей

Казмеж Эйсмант, Сцяпан Талочка,  Іосіф Калантай
Казмеж Эйсмант, Сцяпан Талочка,
Іосіф Калантай

Да свайго прафесійнага свята працаўнікі СВК імя Варанецкага – адной з мацнейшых гаспадарак Бераставіччыны — падышлі годна. Нягледзячы на не зусім спрыяльныя у плане надвор’я сёлетнія ўмовы, асноўныя планавыя паказчыкі ў сельгаскааператыве выконваюцца, вытворчасць і рэалізацыя прадукцыі нарошчваецца, умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база.

Адным з найбольш значных дасягненняў гэтага года стала ўвядзенне ў маі першай лініі малочнатаварнай фермы “Валотынь” на 777 галоў. Гэта дазволіла павялічыць не толькі валавую вытворчасць малака (за 10 месяцаў 2015 года яна ўзрасла на 1,9 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і склала 7087 тон), але і палепшыць яго якасць, больш малака стала рэалізоўвацца класам “экстра”.
Калектыў МТФ “Валотынь” налічвае больш за 30 чалавек, ён перспектыўны, бо тут працуе даволі многа маладых людзей, сярод якіх заатэхнік-селекцыянер Яўгеній Апуневіч і аператары машыннага даення Святлана Бушуева і Алена Грышчанка. Дарэчы, Святлана і Алена – сёстры, у СВК імя Варанецкага прыехалі з сем’ямі няпоўныя два гады назад з Казахстану. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла ім жыллё, забяспечыла працай, і жанчыны аддзячваюць за гэта стараннымі адносінамі да выканання сваіх абавязкаў.
На яшчэ адным комплексе — у вёсцы Мацеевічы – таксама занята шмат адказных і працавітых вяскоўцаў. Больш за 7 гадоў тут працуе жывёлавод Ірэна Багай. Разам са сваёй напарніцай Рэгінай Шватро яна даглядае 170 цялят ад нараджэння да 3-месячнага ўзросту. Да

Святлана Бушуева, Яўгеній Апуневіч, Алена Грышчанка
Святлана Бушуева, Яўгеній Апуневіч, Алена Грышчанка

цялятак жанчыны адносяцца з любоўю і клопатам, даглядаюць іх, як малых дзетак, і атрымліваюць добрыя прывагі — за 9 месяцаў гэтага года яны дасягнулі 950 г у суткі.
Вытворчасць мяса ў СВК імя Варанецкага за студзень-кастрычнік павялічылася на 7,2 працэнта і склала 3115 тон. Рэалізацыя мяса таксама ўзрасла – на 6,9 працэнта.
Не адстае ад жывёла­гадоўлі і земляробства: у гэтым годзе ў гаспадарцы сабралі 13 437 тон зерня без кукурузы. На ўборцы цукровых буракоў атрымалі ўраджайнасць у сярэднім па 580 цэнтнераў з гектара. Дарэчы, цукрыстаць буракоў вышэй за базавую, а гэта значыць, што і выручка ад яе рэалізацыі будзе большай.
200 гектараў цукровых буракоў убраў за гэты сезон Казмеж Эйсмонт на буракаўборачным камбайне “KLEIN”. Ён, наогул, працуе ў сельгаскааператыве механікам, але ў “гарачую” пару дапамагае на ўборцы ўраджаю. Гэтым летам ён таксама быў заняты на жніве, а восенню ўбіраў буракі.
Механізатар Сцяпан Талочка – пастаянны лідар раённых спаборніцтваў, які славіцца намалотамі на сваім “Джон Дзіры”, ён таксама прыкладае ўсе намаганні, каб вырашчаны ўраджай быў сабраны ў час і да апошняга зернетка.

Ірэна Багай
Ірэна Багай

Дарэчы, у гаспадарцы на тэхнічным узбраенні, адзначае загадчык майстэрні Іосіф Калантай, шмат сельскагаспадарчай тэхнікі, у тым ліку і энерганасычанай, якая дапамагае своечасова апрацаваць глебу, пасеяць і сабраць ураджай.
Выручка ад рэалізацыі прадукцыі ў СВК імя Варанецкага за 9 месяцаў 2015 года склала 112,5 млрд рублёў, прыбытак – 12,6 млрд рублёў.
Рост эканамічных паказ­чыкаў адпаведна дазваляе павысіць і заработную плату працаўнікам. За 9 месяцаў гэтага года сярэдняя зарплата па гаспадарцы склала больш за 7,5 млн рублёў, што на 10 працэнтаў вышэй ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, прычым, у даярак сярэдняя зарплата – 7,9 млн рублёў.
У сельгаскааператыве працуе больш за 300 чалавек, і рукамі кожнага з іх і складваюцца ўсе дасягнутыя паказчыкі. Таму і старшыня СВК Іосіф Колас, і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Аліна Янушка адзначаюць, што самае галоўнае багацце сельгаскааператыва – яго людзі, які штодзённай працай, кожны на сваім месцы, уносяць свой неацэнны ўклад ва ўмацаванне эканомікі гаспадаркі. За гэта кіраўніцтва СВК імя Варанецкага дзякуе кожнаму свайму працаўніку.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *