Яшчэ адным будынкам у райцэнтры, які кардынальна змяніў свой выгляд за апошні час, стаў будынак раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. 1 кастрычніка адбылося яго ўрачыстае адкрыццё пасля капітальнага рамонту.
Удзел ва ўрачыстай цырымоніі прынялі старшыня раённага выканаўчага камітэта Антон Кулісевіч, начальнік упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці генерал-маёр юстыцыі Іосіф Леанко, кіраўнікі праваахоўных структур, якія дзейнічаюць у нашым раёне, а таксама прадстаўнікі будаўнічых арганізацый. Святочную атмасферу дапамагалі ствараць работнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Сродкі на правядзенне капітальнага рамонту будынка раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь былі выдзелены з рэспубліканскага бюджэту, а праводзіліся работы ААТ “Бераставіцкая ПМК-141”.
— Стварэнне камфортных умоў працы для работнікаў розных сфер, у тым ліку і праваахоўных, — адна з галоўных задач, якія стаяць перад органамі мясцовай улады, — адзначыў у сваім выступленні на адкрыцці абноўленага будынка, у якім будуць працаваць следчыя, старшыня райвыканкама Антон Кулісевіч. Ён выказаў упэўненасць, што мадэрнізацыя працоўных месцаў дапаможа следчым больш якасна выконваць сваю работу, і ў той жа час пажадаў, каб гэтай работы ў іх было як мага менш.
Дырэктар ААТ “Бераставіцкая ПМК-141” Віктар Лукашэвіч уручыў сімвалічны ключ ад будынка гаспадару – начальніку раённага аддзела Казіміру Паўтараку, затым адбылося традыцыйнае пераразанне чырвонай стужкі і гасцей запрасілі на невялікую экскурсію па абноўленых кабінетах, абсталяваных новай зручнай мэбляй, сучаснай камп’ютарнай тэхнікай і сродкамі сувязі.
Дарэчы, змяніўся не толькі сам будынак, але і добраўпарадкавана тэрыторыя вакол яго, адрамантаваны гаражныя боксы.
Несумненна, цяпер будынак раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь стане яшчэ адным упрыгожаннем раённага цэнтра.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара