Няма задачы важней, чым захаванне здароўя і жыцця людзей

Лента новостей

Ахова працы была і застаецца важнейшай сацыяльна-эканамічнай праблемай, якая патрабуе пастаяннай увагі з боку дзяржавы, наймальнікаў і прафсаюзаў.
У краіне створана эфектыўная заканадаўчая і нарматыўная база па забеспячэнні грамадскай бяспекі ва ўсіх сферах жыцця, уключаючы і ахову працы. Прынята Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”. Дастаткова эфектыўна дзейнічаюць органы дзяржаўнай інспекцыі працы, прафсаюзы. У арганізацыях, гаспадарках, на прадпрыемствах раёна ажыццяўляецца мэтанакіраваная работа па стварэнні для працаўнікоў добрых і бяспечных умоў працы, якія адпавядаюць сучасным патрабаванням.
На жаль, нягледзячы на прынятыя меры, у многіх працоўных калектывах яшчэ ёсць выпадкі пагарджання элементарнымі патрабаваннямі тэхнікі бяспекі, парушэння працоўнай і выканаўчай дысцыпліны.
На мінулым тыдні, у пятніцу, у раёне прайшоў пастаянна дзеючы семінар кіраўніцкіх кадраў па тэме: “Аб стане ўмоў і аховы працы ў арганізацыях Бераставіцкага раёна”, якая вельмі важная і актуальная на сённяшні дзень.
Што ж можна зрабіць сёння для таго, каб умовы працы паступова станавіліся лепшымі і наблізіліся да нарматыўных, а траўматызм скарачаўся да самага мінімуму? – у гэтым і заключалася асноўная мэта семінара.
Напачатку ўдзельнікі мерпрыемства былі падзелены на пяць груп, кожная з якіх адправілася па сваім маршруце для вывучэння вопыту работы арганізацый па ахове працы. Першая група наведала ААТ “Бераставіцкая ПМК №141” (дырэктар В.А.Лукашэвіч), другая – Бераставіцкае РУП ЖКГ (дырэктар Ч.Я.Сыравінскі), трэцяя – Бераставіцкае райспажыўтаварыства (старшыня праўлення В.М.Яхнавец), чацвёртая – СВК “Цецяроўка” (старшыня В.А.Піўко) і пятая – ДП “Бераставіцкая сельгастэхніка” (дырэктар Ю.І.Кладкевіч). У час наведвання гэтых аб’ектаў удзельнікі семінара знаёміліся з умовамі працы, быту людзей, забеспячэннем персаналу спецвопраткай і сродкамі індывідуальнай аховы, як ажыццяўляецца выпуск тэхнікі на лінію, тэхнічнае абслугоўванне транспарту, паглядзелі санітарна-бытавыя памяшканні і душавыя, неабходную дакументацыю, інструктыўныя матэрыялы і інш.
Трэба адзначыць, што нягледзячы на нязначныя недапрацоўкі, уражанні ад наведаных аб’ектаў ва ўдзельнікаў семінара засталіся добрыя. Кожны змог нешта станоўчае пачарпнуць для сябе, каб потым прымяніць на практыцы.
Адкрываючы пленарнае пасяджэнне пастаянна дзеючага семінара, намеснік старшыні райвыканкама Н.Г.Мікульчык адзначыла, што няма задачы важней, чым захаванне здароўя і жыцця людзей. Цяперашні час – гэта час новых тэхналогій, сучаснай тэхнікі, а гэта ўсё патрабуе больш высокіх ведаў і павышэння грамадскай свядомасці. Жыццё дыктуе неабходнасць новых падыходаў да рашэння шырокага спектра сацыяльных праблем.
Вядома, што зніжэнне вытворчага траўматызму залежыць не толькі ад эфектыўнасці прымаемых мер усімі структурамі дзяржаўнага кіравання, якія забяспечваюць бяспечнае тэхналагічнае суправаджэнне вытворчай дзейнасці. Значную ролю адыгрываюць свядомыя дзеянні саміх работнікаў. Асноўнымі прычынамі траўматызму і гібелі грамадзян у большасці выпадкаў з’яўляюцца іх шкодныя звычкі і схільнасці, халатнасць, абыякавасць, безадказнасць на рабоце, у тым ліку і ў быту.
Таму любы кіраўнік у паўся-дзённай дзейнасці абавязаны ўлічваць усе тонкасці і нюансы псіхалогіі чалавека, каб пазбегнуць траўміравання і гібелі работнікаў.
Намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама М.І.Лазко расказаў аб выкананні заканадаўства аб працы і ахове працы ў арганізацыях і на прадпрыемствах раёна ў свеце патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”.
Мікалай Іванавіч падкрэсліў, што ахова працы была і застаецца важнейшай сацыяльна-эканамічнай праблемай, якая патрабуе пастаяннай увагі з боку дзяржавы, наймальнікаў і прафсаюзаў. Асноўны прынцып аховы працы – прадухіленне вытворчага траўматызму і прафесіянальных захворванняў. На гэта павінны быць накіраваны ўсе мерапрыемствы па ахове працы.
Пытанні аховы працы знахо-дзяцца на пастаянным кантролі ў райвыканкаме і штоквартальна разглядаюцца на пасяджэннях выканкама, дзе аналізуецца стан вытворчага траўматызму, працоўнай і вытворчай дысцыпліны ў арганізацыях раёна.
Пытанні стану вытворчага траўматызму і задачы па яго прафілактыцы, а таксама выкананне патрабаванняў Дырэктывы №1 разглядаюцца на пасяджэннях раённай камісіі па ахове працы. З пачатку гэтага года за ўжыванне спіртных напіткаў у рабочы час у раёне звольнена 35 чалавек, з 10 работнікамі скасаваны кантракты.
У пачатку 2010 года ў СВК “Алекшыцы” адбыўся няшчасны выпадак з цяжкім зыходам. Кіраўнік і 3 спецыялісты прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Загадчык аўтагаража, па віне якога адбылося здарэнне, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
У бягучым годзе раённай камісіяй было праведзена 4 навучальныя семінары, у рабоце якіх прымалі ўдзел кіраўнікі і спецыялісты Ваўкавыскай міжраённай інспекцыі працы, спецыялісты Гродзенскага абкама прафсаюзаў работнікаў АПК.
Кожны месяц у арганізацыях раёна праводзяцца Дні аховы працы, паквартальна – раённыя, у паўгоддзе раз – абласныя. 28 красавіка 2010 года прайшоў Сусветны дзень аховы працы.
Паспяхова рэалізуецца і раённая мэтавая праграма па паляпшэнні ўмоў і ахове працы на 2006-2010 гады. У адпаведнасці з дадзенай праграмай за 11 месяцаў бягучага года дзяржаўныя стандарты ўкаранёны ў 12 арганізацыях, да канца года яшчэ ўкараняць 6, у т.л. – 4 зверх графіка.
У раёне створана і працуе мабільная група па аператыўнаму выяўленню і ўхіленню парушэнняў працы і аховы працы. У адпаведнасці з графікам работы мабільная група двойчы ў месяц выязджае ў арганізацыі. Пры выяўленні парушэнняў заканадаўства аб працы і ахове працы прадпісваюцца канкрэтныя тэрміны па іх ухіленні і ажыццяўляецца кантроль за іх выкананнем.
У гэтым годзе ў 28 арганізацыях праводзіўся маніторынг выканання заканадаўства аб ахове працы, дзе было выяўлена больш за 250 парушэнняў. У калектыўныя дагаворы і інструкцыі па ахове працы арганізацый унесены змяненні, якія абавязваюць работнікаў супрацоўнічаць з наймальнікам па прадухіленні сітуацый, якія ствараюць пагрозу здароўю або жыццю як для іх саміх, так і для акружаючых іх людзей.
У сувязі з ростам няшчасных выпадкаў са смяротным і цяжкім зыходам у Гродзенскай вобласці ва ўсіх працоўных калектывах (па стану на 30.11.2010 года пацярпелі 102 чалавекі, сярод іх 28 — са смяротным зыходам і 74 — з цяжкім) і з мэтай прафілактыкі вытворчага траўматызму, праведзены сходы, на якіх была даведзена інфармацыя па кожнаму выпадку.
Пытанні аховы працы сістэматычна асвятляюцца ў сродках масавай інфармацыі. У раённай газеце кожны месяц выходзіць тэматычная старонка “Труд и социальная защита”.
Аб стане аховы працы, пра-
цоўнай і вытворчай дысцыпліны, прымаемых мерах па зніжэнні траўматызму ў арганізацыях АПК расказаў прысутным загадчык сектара механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі В.І.Боська.
Пра захаванне патрабаванняў і правіл бяспекі пры рабоце з электраабсталяваннем, прымаемых мерах па прафілактыцы электратраўматызму паведаміў начальнік энергаінспекцыі па бераставіцкаму раёну А.П. Стасько.
З тым, як вядзецца папярэджванне і забеспячэнне пажарнай бяспекі ў арганізацыях і гаспадарках раёна азнаёміў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А.М.Гарнастаеў.
Начальнік міжраённай інспекцыі працы Г.І.Станіслаўчык ахарактарызаваў стан аховы працы ў нашым раёне.
У час свайго выступлення дакладчыкі выкарыстоўвалі сюжэты відэафільмаў, каб слухачы сваімі вачамі ўбачылі, да якіх жудасных трагедый можа прывесці ігнараванне правілаў тэхнікі бяспекі і аховы працы.
Для ўдзельнікаў семінара таксама была наладжана дэманстрацыя спецвопраткі, спецабутку і іншых сродкаў індывідуальнай аховы асобных катэгорый работнікаў з улікам новых распрацовак у вобласці аховы працы. Дарэчы, заказаць спецвопратку можна ў Бераставіцкім унітарным камунальным прадпрыемстве бытавога абслугоўвання насельніцтва ДУ «Гроднааблбыт».
Падвёў вынікі семінара старшыня райвыканкама М.М. Сіцько. Міхаіл Міхайлавіч адзначыў, што сёння нікога не трэба пераконваць у тым, што ніякія паказчыкі і дасягненні не могуць быць вышэй за тэхніку бяспекі і бяспечную працу. Усе павінны вельмі сур’ёзна адносіцца да сваіх абавязкаў, навесці неабходны парадак у пытаннях аховы працы і не дапусціць вытворчага траўматызму, гібелі людзей.

Зінаіда Самкова,
фота Ірыны Міклаш



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *