Маладым спецыялістам у СВК “Малабераставіцкі элітгас” падабаецца

Общество Сельское хозяйство

IMG_4175

“Нам тут падабаецца!” — такое меркаванне выказаў малады спецыяліст, нядаўні выпускнік Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, тэхнік-электрык СВК “Малабераставіцкі элітгас” Юрый Данільянц. А яго новыя сябры, якім таксама пашчасціла трапіць працаваць у гэтую моцную і перспектыўную гаспадарку на Бераставіччыне, згодны з ім. Маладыя людзі літаральна свецяцца ад таго, што “пайшлі на свой хлеб”. Кожны з нас памятае гэтае цудоўнае пачуццё, калі нарэшце робішся самастойным, не будзеш больш залежыць ад бацькоў, возьмеш у рукі першую доўгачаканую зарплату і адчуваеш сябе, як “на крылах”. Свет грае тады перад табой усімі сваімі фарбамі, прафесія адчыняе цудоўныя дзверы ў самарэалізацыю асобы. Такі малады імпэт і шчырую непасрэдную радасць заўважыла я таксама ў загадчыка майстэрні СВК “Малабераставіцкі элітгас” Дзмітрыя Міклаша, ветфельчара Елізаветы Белавусавай і механіка Максіма Цыдзіка. Ад іх літаральна сыходзілі самыя пазітыўныя эмоцыі, і гэта выдатна.

Мне вельмі спадабалася, што маладыя людзі памятаюць свае вясковыя карані і выбралі вёску, каб там жыць і працаваць, радавацца жыццю, ствараць сем’і і гадаваць дзяцей. Нават калі некаторыя з іх жывуць у гарадах ці пасёлках, дык бабулі і дзядулі іх – сяльчане. Таму гэтыя маладыя людзі — наша будучая вясковая інтэлігенцыя, і калі юнакі і дзяўчаты ідуць у гаспадаркі, значыць будучае ў нас ёсць. З месцам работы моладзі пашанцавала. Маладыя спецыялісты ведалі, што гаспадарка элітная, таму рады, што трапілі менавіта сюды.
Дзмітрый Міклаш закончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Сам ён з Вярэек Ваўкавыскага раёна, а вучыўся па спецыяльнасці “тэхнічнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі”. Веды ў яго грунтоўныя і самыя свежыя, “у духу часу”. Зараз ён зможа прымяняць іх на практыцы, і выйграюць ад гэтага абодва бакі – і хлопец, і сельгаскааператыў. У абавязкі маладога спецыяліста ўваходзіць забеспячэнне запчасткамі, вя-дзенне дакументацыі і многае іншае. Усё гэта патрабуе старання і дасціпнасці, а ў яго гэта ёсць, відаць адразу.
Елізавета Белавусава сама з Мастоў, закончыла Ваўкавыскі дзяржаўны аграрны каледж. Яна была на Бераставіччыне на практыцы, ёй тут спадабалася. Адчуваецца, што дзяўчына выбрала прафесію па прызванні, любіць жывёлу. Малочнатаварныя фермы ў сельгаскааператыве ў парадку, прафілактыка захворванняў належная, лекаў для жывёлы хапае. Максім Цыдзік – наш зямляк, ён з Малой Бераставіцы. Закончыў політэхнічны каледж у Гродне, задаволены, што вярнуўся дамоў, на сваю малую радзіму. Абавязкі ў яго таксама сур’ёзныя – напрыклад, ён сочыць, у якім стане выходзіць транспарт на лінію, а гэта вельмі важна.
Пагутарыць з дзяўчынай і юнакамі было вельмі цікава. Упэўненыя ў сабе, старанныя, з маладымі сіламі яны ўзяліся за работу. У добры час, шаноўныя! Моцнага вам здароўя, бадзёрасці і шчасця на жыццёвай дарозе!
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *