У кожным калектыве ёсць людзі, на якіх “усё трымаецца”. Часта яны і самі гэтага не заўважаюць, іх сціпласць можа многім служыць добрым прыкладам. Гэта сапраўды непрыкметныя героі, без якіх немагчыма зладжаная работа.
На Бераставіцкай птушкафабрыцы амаль чатыры дзесяцігоддзі аддаў сваёй любімай справе вадзіцель Мікалай Калянкевіч. І хаця хутка прыйдзе той узрост, калі людзі звычайна адпраўляюцца на заслужаны адпачынак, па Мікалаі Сяргеевічы гэтага зусім не скажаш, настолькі маладжавы ў яго твар і выдатная фізічная форма. Бывае, і ў больш маладыя гады чалавек горш выглядае. Ды і характар у Мікалая Сяргеевіча добры і жыццярадасны. Як часта даводзіцца чуць ад розных людзей скаргі на дрэннае самаадчуванне, непрыемнасці, сапсаваны настрой з-за нявартых увагі дробязей. А наш сённяшні герой – чалавек самадастатковы, паважаны ў калектыве, і безумоўна, нездарма, бо збудаваў свой лёс сваімі рукамі. Пагаварыць з ім было вельмі цікава.
Мікалай родам са Слонімшчыны, сапраўд-ны вясковец. Сапраўдны таму, што змалку дапамагаў маці па гаспадарцы, бо бацька памёр, а дзеці ў сям’і былі меншыя за яго. Тут і сфармаваўся ў вясковага хлопчыка моцны характар, бо на гэтага “маленькага мужчыну” абапіралася маці ў жыцці. Многага не хапала, трымалі хатнюю гаспадарку – карову, авечак, свіней, курэй. Садзілі бульбу, агарод. Работы было шмат, і хлопец як мог, стараўся аблегчыць маці працу.
— А як Вы вучыліся ў школе, Мікалай Сяргеевіч? – цікаўлюся.
— Так сабе. – шчыра адказвае субяседнік.
Па твары майго субяседніка праходзіць хваля пачуццяў. Бачу адказ на твары – Мікалай Сяргеевіч з вышыні жыццёвага вопыту і сам ведае, што мог бы вучыцца значна лепш, магчыма, і на выдатна, каб стараўся. Мы ўсе здольныя ад прыроды, а далей ужо ўсё залежыць у многім ад самога сябе. Зараз ён і сам трохі шкадуе, што страціў магчымасць старанна вучыцца, вучоба нікому не зашкодзіць, а тады не разумеў гэтага, ды і вельмі заняты быў работай па гаспадарцы. А прафесію выбраў прыдатную для хлопцаў, паступіў у Бераставіцкае прафтэхвучылішча на вадзіцеля. Затым была служба ў арміі, пасля ажаніўся з прыгожай дзяўчынай і ўжо шмат гадоў працуе на Бераставіцкай птушкафабрыцы. Першыя рэйсы, а адвозіў ён на грузавой машыне курыныя яйкі, былі па Беларусі. Затым сталі давяраць стараннаму маладому чалавеку паездкі ў Маскву, Калугу, Калінінград, Рыгу, Львоў і іншыя гарады вялікага і магутнага Савецкага Саюза.
— Дык Вы пабачылі свет. Ну і як Вам спадабаліся Масква, Рыга, Львоў?
Пры слове “Масква” Мікалай Сяргеевіч усміхаецца. Я яго разумею – горад гэты незвычайны, адметны.
— Не страшна па Маскве было ездзіць? Там жа рух вялікі, — кажу. – Вось адзін бераставічанін расказваў, што не змог там ехаць, разгубіўся, спыніўся і стаяў, стварыўшы “пробку”. Міліцыянер падышоў да яго і пытаецца: куды Вам? А наш разгублены зямляк і кажа яму: “Мне ў Бераставіцу”.
— Не, са мной такога не было. Мне не страшна было там ездзіць, — усміхаецца субяседнік.
Расказаў ён і пра далёкія прыгожыя гарады, доўгія вёрсты дарог, якія, калі б скласці іх за ўсе гэтыя гады, уразілі б сваёй даўжынёй, магчыма, і зямны шар абвярнулі б. Ды і ездзіць тады прыходзілася начамі, нялёгка было. Але быў малады, вытрымліваў. Асабліва падабаўся Мікалаю Сяргеевічу тады Вільнюс, які даводзілася праязджаць, дагледжаныя населеныя пункты Прыбалтыкі. Зараз яму ўжо не прыходзіцца так далёка ездзіць, рэйсы толькі па Беларусі.
— Хутка Ваш юбілей, — адзначаю. – Хочаце яшчэ працаваць, ці пойдзеце на пенсію?
— Мусіць, пайду на пенсію.
— А чаму? У пенсіянераў жа адкрываецца “другое дыханне”, яны хочуць працаваць.
І тут Мікалай Сяргеевіч незнарок адкрыў мне сакрэт сваёй выдатнай фізічнай формы:
— Дык я ж не толькі вадзіцель. Я яшчэ і ў ролі грузчыка бываю.
— Як?
— Корабы з яйкамі я гружу ў машыну з транспарцёра сам, а калі прывязу, дык і разгружаю. Раней быў малады, было лягчэй, зараз ужо цяжэй.
Вядома, нагрузка вялікая. Але калі пастаянна трэніравацца, і гэта не праз сілу, а звыклая справа, дык гэта не толькі не робіць шкоды здароўю, але і ўмацоўвае яго.
— Людзі спецыяльна ходзяць трэніравацца на трэнажорах, а Вы трэніруецеся ў час работы, — жартую. – А інакш бы наўрад ці сябе прымусілі займацца спортам.
Мікалай Сяргеевіч са мной згодны, гіпадынамія больш шкодная, чым трэніроўкі. Ведае ён гэта, як кажуць, па сабе, і тым, што арганізм яго трэніраваны і моцны, сам задаволены.
Гутарка з гэтым чалавекам пакінула ў мяне самае лепшае ўражанне. Давялося мне ўбачыць, як гавораць з ім і працаўнікі з яго калектыву – са шчырай павагай. Сапраўды, заслужыў ён гэта ўсім сваім жыццём. Пра такіх кажуць: “Чалавек на сваім месцы”.
Ніна Наддэ,
фота аўтара