“Разам з усёй краінай” – так называўся раённы фестываль выканаўцаў і калектываў аматарскай творчасці Бераставіччыны, які праходзіў у летні перыяд на адкрытай пляцоўцы ў гарадскім скверы райцэнтра. Кожную нядзелю, у рамках фестывалю, на сцэне амфітэатра гучала музыка і песні. А 6 верасня адбыўся заключны гала-канцэрт, дзе выступілі лепшыя артысты і калектывы раёна. Дарэчы, гэты запатрабаваны ў мясцовага насельніцтва культурны праект прысвячаўся 70-годдзю Вялікай Перамогі і Году моладзі.
Вялікая Айчынная вайна ўвайшла ў жыццё ўсіх нашых людзей – ад малога да вялікага. Адных яна паклікала на фронт, каб са зброяй у руках адбіваць атакі ворага, другіх узняла на гераічную працу ў тыле дзеля Перамогі. У кожную сям’ю яна ўнесла трывогу і хваляванні, клопаты і нягоды. Сёлета і песнямі, і шчырымі словамі падзякі мы зноў і зноў успамінаем пра тыя часы. Маладое пакаленне заўсёды будзе памятаць гераічныя подзвігі нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Навечна застануцца ў нашых сэрцах імёны герояў, якія аддалі сваё жыццё за светлую будучыню. І менавіта ваеннай тэматыцы было пры-свечана выступленне народнага інструментальнага ансамбля “Вереск” настаўнікаў Пагранічнага філіяла Бераставіцкай ДШМ.
2015-ы год аб’яўлены Годам моладзі. Маладосць – гэта час мараў і надзей, пошуку свайго жыццёвага шляху, жаданне дзейнічаць, здзіўляць свет сваімі смелымі ідэямі. Усім маладым і апантаным землякам свае выступленні прысвяцілі Кацярына Кузьміцкая, Яўген Савель, Кацярына Ганчарова і Сяргей Хілюта.
Які ж канцэрт без задорнай беларускай песні! І які ж канцэрт без выступлення народнага ансамбля народнай песні “Бераставіцкія музыкі”! Калектыў выканаў два народныя творы і заслужана атрымаў гарачыя апладысменты гледачоў. Беларускую народную песню заспявалі дуэтам таксама Юлія Атрушкевіч і Кацярына Ганчарова.
Як і заўсёды, высокі ўзровень выканальніцкага вакальнага майстэрства прадэманстравалі ўдзельніцы народнага жаночага вакальнага ансамбля “Канцона” Бераставіцкай ДШМ.
Інструментальны жанр музыкі прадстаўлялі ўзорны эстрадна-інструментальны ансамбль “Tutti” Бераставіцкай ДШМ, яго кіраўнік Вадзім Антоненка, а таксама настаўнік Пагранічнага філіяла Ілля Худзякоў.
У выкананні нашых самых актыўных і папулярных выканаўцаў – і ўдзельнікаў аматарскай творчасці, і работнікаў устаноў культуры – прагучалі вакальныя нумары на тэму адвечных чалавечых каштоўнасцяў, шчасця, кахання. Выступілі Андрэй Аруткін, Аляксандр Пашко, Рыта Каспшак, Яўген Шапавалаў, Сяргей Касьян, Наталля Траццякова, Алег Зайцаў, дуэты Аляксандра і Алены Бутрылаў, Уладзіміра Макара і Алы Ляшкевіч.
Летнія канцэртныя вечары, на жаль, завяршыліся, але жыхароў райцэнтра чакаюць новыя творчыя сустрэчы, новыя песні і новыя музычныя падарункі.
Святлана Ганчарова,
Ксенія Андрэева