“Клуб дзелавых людзей” пачаў сваю работу

Лента новостей

26 лістапада ў чытальнай зале бібліятэкі Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя прайшло першае пасяджэнне “Клуба дзелавых людзей”, які аб’яднаў маладых спецыялістаў нашага раёна.

Клуб створаны для аказання дапамогі маладым людзям у атрыманні прававой адукацыі, пашырэнні і ўмацаванні прафесійных ведаў і навыкаў, у вырашэнні сацыяльна-бытавых праблем, а таксама для актывізацыі ўдзелу маладых людзей у грамадскім жыцці і для садзейнічання замацаванню моладзі ў раёне.

На сустрэчу з маладымі людзьмі прыйшлі прадстаўнікі органаў мясцовай улады і грамадскасці.

Намеснік старшыні райвыканкама С.Я.Чыкун прывітаў маладых спецыялістаў на бераставіцкай зямлі і выразіў надзею, што яны затрымаюцца ў нашым раёне, створаць сем’і і будуць паспяхова працаваць. Ён адзначыў, што ў раёне забяспечваюцца годныя ўмовы для працы і пражывання маладых людзей, ёсць магчымасці для самарэалізацыі і кар’ернага росту.

Начальнік аддзела арганізацыйна – кадравай работы райвыканкама З.М.Семянюк запэўніла прысутных, што маладыя спецыялісты знаходзяцца пад пільнай увагай мясцовай улады, іх прафесійныя дасягненні не застаюцца незаўважанымі, перспектыўныя маладыя людзі трапляюць у банк дадзеных райвыканкама, уключаюцца ў рэзерв кіруючых кадраў.

Першы сакратар раённага камітэта БРСМ С.М.Ваўчок расказала аб дзейнасці маладзёжнага саюза, заклікала актыўна ўключацца ў работу раённай арганізацыі.

Дадзеныя анкетавання, якое было праведзена сярод маладых спецыялістаў, прааналізавала начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама А.У.Ігнатовіч і адзначыла, што сёлета ў розных галінах народнай гаспадаркі раёна прыступіла да працы 80 маладых спецыялістаў. Акрамя іх, ахапіць работай клуба мяркуецца і другіх маладых людзей ва ўзросце да 31 года, якія жывуць і працуюць у нашым раёне.

У планах раённага клуба – сустрэчы моладзі з кіраўніцтвам раёна, удзел у разнастайных конкурсах, акцыях, фестывалях, спартыўных мерапрыемствах і культурна-забаўляльных праграмах. Плануецца правесці экскурсію для маладых людзей па цікавых месцах Бераставіцкага раёна, а таксама выязную сустрэчу з моладдзю Гродзенскага раёна.

На працягу сустрэчы праводзіліся розныя гульні і конкурсы, якія дапамагалі маладым людзям пазнаёміцца, раскрыць свае творчыя здольнасці, стваралі атмасферу даверу і адкрытасці. Музычныя

нумары ў выкананні Андрэя Аруткіна ўздымалі настрой прысутным.

На заканчэнне сустрэчы для ўсіх быў падрыхтаваны торт, запаленыя на ім свечкі сімвалізавалі нараджэнне клуба.

У нефармальнай абстаноўцы за шклянкай кавы маладыя людзі абмеркавалі планы на будучае і ўнеслі свае прапановы аб далейшай дзейнасці клуба.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *