УНУТРАНЫ ІНТЭР’ЕР СТАРОГА БЕРАСТАВІЦКАГА КАСЦЁЛА

Из истории земли Берестовицкой Культура

1b2178480a35e91720a70cb519bbaff9На фотаздымку невядомага майстра, які зроблены ўнутры старога касцёла ў Вялікай Бераставіцы ў міжваенны перыяд (20-30-я гады мінулага стагоддзя), зафіксаваны яго галоўны алтар. Размяшчаўся ён пры ўсходняй паўкруглай сцяне храма, якая называецца апсідай. Варта адзначыць, што хрысціянскі храм лічыцца правільна пабудаваным тады, калі яго сцяна з галоўным алтаром накіравана на ўсход. З усходам сонца звязаны сімвал уваскросшага Хрыста, які падняўся ў неба ў гэтым накірунку і менавіта адтуль, з усходу, паўторна прыйдзе на зямлю. Таму па старой традыцыі хрысціяне моляцца тварам на ўсход. Сустракаюцца сярод культавых хрысціянскіх храмаў і выключэнні. Напрыклад, у новым бераставіцкім касцёле Перамянення Пана сцяна з галоўным алтаром накіравана на захад. Аднак такіх святыняў няшмат. Верагодна, на такую нетыповую пабудову паўплывалі нейкія надзвычайныя акалічнасці. Хутчэй за ўсё, фундатары імкнуліся спалучыць будынак будучага касцёла са сваім палацам у адзін гарманічны архітэктурны комплекс і з большай зручнасцю для наведвальнікаў.
Уверсе над алтаром відаць вокны з драўлянымі ў выглядзе кратаў фрамугамі, праз якія трапляе святло ў прэзбітэрыум – частку касцёла перад галоўным алтаром, прызначаную для ксяндза і літургічнай службы (міністрантаў) падчас імшы. На здымку добра відаць, што прэзбітэрыум на чатыры ступенькі вышэйшы за астатнюю частку касцёла і аддзяляецца ад яе ажурнай драўлянай балюстрадай (агароджай).
Алтар вышынёй каля 10 метраў выкананы ў стылі барока. Вырабляліся алтары часцей за ўсё з ліпы. Па сваёй канструкцыі ён аднавосевы і складаецца з двух ярусаў, падзеленых паміж сабой гарызантальным карнізным поясам. Цокаль (падмурак) — высокі. Пярэдняя цэнтральная частка цокаля мае светлы фон, на якім праглядваецца цёмны крыж у вянку. Хутчэй за ўсё, гэта кампазіцыя “Прылады пакуты Хрыста”, якая акрамя цёмнага крыжа з лацінскай таблічкай “INRI” (Ісус Назарэцянін Кароль Жыдоў) уключае яшчэ выявы драбіны, кап’я, якім рымскі легіянер прабіў цела пакутніка, малатка з цвікамі, абцугоў, цярновага вянка, ланцуга і іншых прылад. Вышэй, як відаць на здымку, знаходзіцца табернакль (даўней цыборыум) – невялікая шафка з дзверцамі для літургічнага посуду з асвечаным хлебам. Побач стаіць крыж і два падсвечніка.
Ніжні ярус алтара мае дзве пары выразаных у поўны рост драўляных фігур святых, змешчаных паміж калонамі карынфскага ордэру. Добра відаць, што першая пара скульптур мае літургічнае адзенне, а ў руках кожны святы трымае пастараль – доўгі закручаны ўверсе кій. З вялікай верагоднасцю можна сказаць, што адзін з іх Св.Станіслаў Біскуп, а другі Св.Войцех – абодва пакутнікі і лічацца галоўнымі заступнікамі Польшчы. Фігуры менавіта гэтых святых часцей за ўсё змяшчаюцца ў алтарах у адной “звязцы”. Трэба адзначыць, што ў архівах Вільнюса захоўваецца копія старажытнага акту за 1615г., дзе тагачасны ўладальнік Бераставіцы Геранім Хадкевіч узгадвае мясцовы касцёл (парафію) адначасова пад імем Найсвяцейшай Панны Марыі і Св.Станіслава Біскупа. Такая практыка надання храму двайнога імя мела месца ў хрысціянскай рэлігіі. Прыкладам можа служыць касцёл у Вялікіх Эйсмантах Бераставіцкага дэканату пад назвай Найсвяцейшай Панны Марыі і Св.Яна Непамука. Дарэчы, як сведчаць віленскія архівы, уніяцкая царква ў Вялікай Бераставіцы некалі таксама мела двайны тытул – Св.Апосталаў Пятра і Паўла і Св. Міколы Угодніка. Таму прысутнасць фігуры Св.Станіслава Біскупа ў алтары старога бераставіцкага касцёла хутчэй за ўсё невыпадковая.
Можна меркаваць, што другую пару скульптур, якая праглядваецца на здымку не так выразна, прадстаўляюць Св.Апосталы Пётр і Павел. Пётр трымае ключы ад раю, а Павел меч і кнігу. Менавіта з-за іх у часы даваеннай Польшчы мясцовыя жыхары празвалі гэты касцёл Петрапаўлаўскім. А на плошчы перад яго будынкам штогод на Пятра і Паўла (29 чэрвеня) праходзіў масавы фэст.
Паміж скульптурамі ў спецыяльнай нішы змешчаны невялікі абраз, прысвечаны, праўдападобна, Найсвяцейшай Панне Марыі. Перад абразом стаіць фігурка таксама Св.Марыі. Калоны першага ярусу ўверсе заканчваюцца ажурнай разьбой.
7b0012476a6dafeadf71beb3ca8aeea4Галоўным элементам другога яруса алтара з’яўляецца алейнае палатно, пры­свечанае Св.Ганне, якая вучыць Найсвяцейшую Панну Марыю чытаць. Аўтар палатна — мастак-аматара Станіслаў Шчэнсны Касакоўскі (1795-1872), уладальнік мястэчка. Гэта дублікат карціны, якую ён раней выканаў для касцёла ў Дукштах (Літва). Карціна са старога бераставіцкага касцёла захавалася і сёння знаходзіцца ў новым касцёле Перамянення Пана. У другім ярусе алтар багата дэкараваны выразанымі з дрэва расліннымі элементамі. Акрамя гэтага тут можна заўважыць дзве пары фігур анёлаў з крыламі, якія нібыта прымасціўшыся па абодва бакі абраза, падтрымліваюць над ім кветкі.
Завяршае алтарную кампазіцыю вянок “Глорыя” з воблакаў, ад якога разыходзяцца ў розныя бакі промні святла. У цэнтры вянка ў трохвугольніку знаходзіцца “Божае вока”, нагадваючае аб тым, што Усемагутны з вышыні бесперапынна назірае за людзьмі.
На заканчэнне звернем увагу яшчэ на некалькі цікавых дэталяў на фотаздымку. Справа відаць частку касцёльнай амбоны – невялікага балкона, з якога падчас святочнай імшы капелан робіць прамовы. Амбона дэкаравана гірляндай з галінак туі. Падобныя доўгія гірлянды відаць на алтарных калонах. Верагодна, фатограф зрабіў здымак упрыгожанага касцёла напярэдадні нейкай урачыстасці.
Акрамя гэтага на пярэднім плане ў падлозе касцёла можна заўважыць масіўную каменную пліту з чатырма жалезнымі кольцамі па вуглах. Пад ёй адкрываўся ход да падземных крыптаў. Некалі падчас пахаванняў пліту паднімалі і труну па ступеньках заносілі да месца апошняга спачынку.
Сяргей Лушчык,
г. Гродна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *