Штодзённымі клопатамі поўна людское жыццё. Але калі зварухнецца душа чалавека, толькі песня здолее спатоліць яе. Шануйце ж песні свае!
Максім Багдановіч
Здарылася так, што для напісання матэрыялу мне спатрэбілася цытата з песні. Сама песня была задушэўная і незаслужана забытая, хаця ў свой час часта гучала па радыё. Гаворка ў ёй вялася пра шматдзетную маці, якая ездзіла да сваіх ужо дарослых дзяцей у розныя месцы. Сама я дакладна не памяталаслоў з песні. Працытавалі мне яе людзі так: “Ад Івана да Сцяпана, ад Марусі да Магдусі і малодшага Дзям’яна…” Але кожны нават пра аднолькавае гаворыць па-свойму, таму і жыве народная творчасць. А другі чалавек, праслухаўшы “цытату”, нават абурыўся:” І ніякага там не было Дзям’яна, а было так – ад Івана да Сцяпана, ад Марусі да Настусі і быў у іх яшчэ малодшанькі Тарас”!
Гэты “малодшанькі Тарас” — трэба ж так удала прыдумаць словы, “прымусіў” мяне не спыніцца ў пошуках дакладнасці, а давесці справу да жаданага канца. Аднак аказалася гэта не так проста. “Так, так, была такая песня, — гаварылі нават работнікі культуры ў адказ на маю цікаўнасць. – Але хто аўтар, ці яна ўвогуле народная, не памятаем.” І нарэшце адзін разумны чалавек патэлефанаваў свайму дасведчанаму ў песнях знаёмаму энтузіясту і даў мне такую добрую параду: “ Ідзіце ў бібліятэку і вазьміце там анталогію беларускай песні. Не адкладваючы справы на святога нігды, як казала некалі мая мудрая бабуля, я пайшла ў чытальную залу.
Наша Бераставіцкая раённая цэнтральная бібліятэка імя Восіпа Кавалеўскага заслугоўвае ўвогуле асобнай гутаркі, настолькі яна прыемная для людзей. Гэта сапраўдны культурны цэнтр пасёлка. І ветлівыя, дасведчаныя бібліятэкары на маё пытанне, дзе знайсці беларускія песні, паказалі мне адразу дзве важкія паліцы, да адказу запоўненых кнігамі.
І там мяне чакаў не сюрпрыз, а хутчэй сапраўдны цуд. Забягаючы наперад, і задавальняючы чытацкую цікаўнасць, я скажу, што песню пра “малодшанькага Тараса” я ўсё ж, на жаль, не знайшла, хаця шукала доўга. Не было яе ні ў народных, ні ў аўтарскіх творах. Але ў пошуках песні адкрылася мне нешта іншае, чым хочацца і падзяліцца з вамі, паважаныя чытачы.
У “Анталогіі беларускай народнай песні” мне трапіліся вершаваныя радкі, якія хочацца чытаць і ад якіх не адарвацца! І іх мноства, цэлыя россыпы, і магутнае слова роднае гучыць і жыве, і кліча, і вабіць, і зачароўвае сваёй трапнасцю і мілагучнасцю. І калі пад уплывам паўсядзённасці жыцця мы проста “праходзім міма”, дык пра гэта можна толькі пашкадаваць, таму што побач з намі цэлы яскравы духоўны свет з яго неўміручымі каштоўнасцямі. Кніга захапляе. Складзена яна Генадзем Цітовічам, і чалавек сапраўды пакінуў па сабе помнік – незабыўны падарунак будучым пакаленням. У дваццатых гадах мінулага веку ў Вільні хлопчыкам ён пачуў, як выконвае беларускія народныя песні мужчынскі хор і быў зачараваны. Пасля школы ён паступіў вучыцца на агранома, але душа яго прагнула іншага. Ён пакінуў агранамічны факультэт Віленскага універсітэта і пачаў вывучаць этнаграфію, затым паступіў у Віленскую кансерваторыю. Пасля сам падарожнічаў па Беларусі і збіраў народныя песні. У пяцідзесятых гадах ён стаў мастацкім кіраўніком Народнага хору Беларускай ССР, яму прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.
Кніг, прысвечаных беларускай песні, многа. Але некаторыя асабліва адметныя. На адным дыханні можна чытаць зборнік “Песня – душа народа” Рыгора Шырмы. Нястомны збіральнік фальклору і кіраўнік Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР пакінуў свой след у айчыннай культуры, імкнуўся захаваць духоўную спадчыну.
Зборнік “Лірычныя песні” складзены навукоўцам і народным паэтам Нілам Гілевічам. Гэта сапраўдная скарбонка фальклору.
А вось перада мною кніга Уладзіміра Ліпскага “Басанож па зорках” пра вядомага беларускага кампазітара Ігара Лучанка. Вельмі цікава расказваецца тут пра творчае супрацоўніцтва яго з кіраўніком знакамітых “Песняроў” Уладзімірам Мулявіным. Чытаецца кніга як раман. Два гэтыя таленавітыя чалавекі ішлі дарогай пошуку, удала спалучылі эстраду і фальклор.
— Якое багацце! – гаварыў уражаны Уладзімір Мулявін пра беларускія песні. Ён пранёс гэтае пачуццё праз усё жыццё, імкнуўся данесці яго да слухачоў.
Чароўная беларуская песня загучала і ў Амерыцы… На многіх канцэртах “Песняроў” амерыканцы і этнічныя беларусы апладзіравалі ім стоячы. А да стогадовага юбілею выдатнага сына беларускага народа і таленавітага паэта Янкі Купалы Ігар Лучанок стварыў музычную паэму-легенду “Гусляр”. Аранжыроўку зрабіў Уладзімір Мулявін. Мэта двух творцаў была — несці ў свет слова роднае і складаць такую музыку, каб кранала сэрцы людскія…
Калі ўсё гэта вас зацікавіла, знайдзіце час зайсці ў чытальную залу бібліятэкі. Таму што дыяменты са скарбонкі трэба браць у рукі самім, каб сэрца разам з такой асалодай грэла яшчэ і радасць адкрыцця…
Ніна Наддэ