Друкаванае слова – у кожны дом

Лента новостей

IMG_2785У маі, калі яркімі фарбамі квітнее прырода, сваё прафесійнае свята адзначаюць журналісты. А каб друкаванае слова своечасова прыйшло ў дом да падпісчыкаў, клапоцяцца людзі іншых, не менш важных прафесій, у прыватнасці паштальёны. Людзі хвалююцца, калі раптам у паштовай скрынцы няма любімай газеты, і радуюцца, калі пошта працуе, “як гадзіннік”.
Паштальёна Старадварэцкага аддзялення сувязі Людмілу Таболіч наўрад ці зблытаеш з прадстаўніцай якой-небудзь іншай прафесіі. Веласіпед, важкая сумка, ды часта яшчэ і іншы груз, напрыклад, прадукты, каб выканаць просьбы сяльчан, сталі сапраўднымі сімвалічнымі атрыбутамі яе прафесіі. Яна дастаўляе газеты і часопісы, займаецца падпіскай, разносіць пенсіі сталым людзям. Жыхары аграгарадка Стары Дворац, вёсак Лявонавічы, Вараны, Каленікі, Бергелі, Людзвінова заўсёды рады яе бачыць.
Пагутарыць з Людмілай Тадэвушаўнай было вельмі цікава. Гэтая сціплая, працавітая і добразычлівая жанчына адразу звяртае на сябе ўвагу сакавітай роднай мовай і сваёй някідкай абаяльнасцю. Па роду сваёй прафесіі і па ўласцівай ёй дабрыні яна яшчэ і своеасаблівы “народны псіхолаг”. Не сакрэт, што сталыя людзі часта маюць душэўную патрэбу ў цёплых зносінах з людзьмі, ва ўвазе, ім хочацца пагутарыць хаця некалькі хвілін з прыемным чалавекам. І паштальён ніколі не адмаўляе нікому ў добрым слове, падтрымцы, парадзе. За прафесіяналізм і такія душэўныя якасці і паважаюць Людмілу Тадэвушаўну вяскоўцы.
Мне было цікава даведацца і пра “асабістае”, не толькі пра тое, як яна выконвае сваю паўсядзённую работу. Размова выйшла неардынарнай і цікавай. Людміла сама са Свіслацкага раёна. Закончыла вучылішча ў Гродне, затым паступіла ў тэхнікум у Магілёўскай вобласці. Аднойчы яе запрасіла ў госці знаёмая дзяўчына, а ў той быў родны брат.
— Я выйшла замуж за адзін дзень, а дакладней, за адну ноч, — расказала мая субяседніца.
Заўважыўшы маё здзіўленне, жанчына канкрэтызуе:
— Мы прагаварылі з гэтым хлопцам да ранку, так нам было цікава адзін з адным. І ў гэты ж ранак занеслі заяву ў ЗАГС. Праз тыдзень да мяне прыехалі сваты. А праз месяц было вяселле.
— І ні разу не пашка­давалі, што так хутка выйшлі замуж?
— Не, хлопец мне тра­­піўся працавіты і вельмі харошы, надзейны. Трое дзетак мы выгадавалі.
Сям’я была шчаслівай і дружнай, а жылі маладыя тады ў Гомельскай вобласці. Толькі прый­шлося пераязджаць – выбухнуў Чарнобыль.
— Тады мы даведаліся, якой страшнай можа быць радыяцыя, — расказвае Людміла. – У мяне з’явіліся праблемы з дыханнем, якіх да гэтага ніколі не было, я стала задыхацца. А ў маленькай трохгадовай дачушкі раптам выпалі ўсе валосікі, галоўка зрабілася зусім лысенькая. Тады мы з мужам зразумелі, што трэба хутчэй з’язджаць адтуль. Прыехалі да маёй мамы ў Свіслацкі раён, сталі шукаць сабе працу з жыллём у калгасах. Нам спадабаўся Стары Дворац, мужу і мне ў мясцовай гаспадарцы прадставілі работу. А самае галоўнае, нам далі там дом. Гэта было вялікае шчасце.
Людміла працавала ў гаспадарцы, потым перайшла на пошту. І знайшла сябе ў нялёгкай прафесіі.
Добрыя словы ўдзячнасці сказала на развітанне мая субяседніца ў адрас начальніка аддзялення сувязі Ніны Гладкай, у якой вялікі вопыт работы.
— Ніна Станіславаўна навучыла мяне ўсяму. Яна мне вельмі дапамагае ў рабоце. Я рада, што з ёй працую.
Ад гутаркі з гэтымі сяльчанкамі ў мяне засталіся самыя цёплыя ўражанні. Да ўсяго вясковыя жанчыны здатныя – добра працуюць, ствараюць людзям прыемны настрой, захоўваюць дома цёплы агеньчык дамашняга ачага, адорваюць сваёй душэўнай шчодрасцю родных і блізкіх.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *