У сярэдзіне красавіка, адбылося выступленне драматычнага калектыву “Вяскоўцы” Алекшыцкага ЦДК перад атэстацыйнай камісіяй Гродзенскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра народнай творчасці на пацверджанне ганаровага звання “народны”. Артысты выступілі з поспехам і ў чарговы раз даказалі, што дастойныя гэтага звання.
Драматычны калектыў “Вяскоўцы” Алекшыцкага цэнтральнага Дома культуры быў створаны ў 1982 годзе. З 1997 года калектывам кіруе Валянціна Шыш. Яна – мастацкі кіраўнік установы і рэжысёр тэатра. Мастак-пастаноўшчык – дырэктар Алекшыцкага ЦДК Уладзімір Макар. У 2007 годзе за дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці, актыўную работу па папулярызацыі народных традыцый калектыву было прысуджана званне “народны”. У 2011 годзе “Вяскоўцы” ўжо пацвярджалі сваё званне. Сёлета артысты выступілі з трагікамедыяй беларускага драматурга Алеся Махнача “Цешчыны лекі”. Адметны народны гумар і жывая мова твора, шчырая і пранікнёная ігра калектыву прыемна ўразілі членаў камісіі. Званне “народны” “Вяскоўцы” пацвердзілі і на гэты раз.
Святлана Ганчарова