«Шчучын – сталіца Дня беларускага пісьменства»

Лента новостей

2– пад такой назвай у раённай бібліятэцы і бібліятэках-філіялах Бераставіцкай РЦБС арганізаваны кніжныя выставы.
Бібліятэкары пастараліся прадставіць на іх па магчымасці поўную інфармацыю аб шчучынскай зямлі і адметных знакамітых людзях, якіх яна дала свету. Гэта, напрыклад, Вацлаў Іваноўскі – адзін з заснавальнікаў Беларускай рэвалюцыйнай грамады, які нарадзіўся ў Лябёдцы. У Васілішках нарадзіліся знакаміты польскі спявак і кампазітар Чэслаў Неман (Выджыцкі) і вучоны з сусветна вядомым імем у галіне анестэзіялогіі і рэанімацыі Іван Кляўзунік. У Жалудку – удзельнік паўстання 1863-1864 гг. на землях Беларусі, генерал Парыжскай камуны, член Генеральнай рады І Інтэрнацыяналу Валерый Урублеўскі і актрыса, педагог, народная артыстка БССР Вольга Галіна-Александроўская. У Дзембрава нарадзіўся жывапісец і графік Казімір Альхімовіч, у былым фальварку Пешчын – беларуская паэтка Цётка (Алаіза Пашкевіч), у в. Клешнякі – пачынальнік і арганізатар рэлігійнага, культурна-асветніцкага і палітычнага жыцця беларусаў у ЗША, доктар тэалогіі айцец Янка Тарасевіч.

У райбібліятэку – па зборнікі твораў мясцовых аўтараў
Сучаснае камп’ютарнае абсталяванне дазваляе сёння бібліятэкарам райбіліятэкі ажыццяўляць выпуск як друкаваных, так і электронных выданняў.
Займаюцца гэтай справай супрацоўнікі аддзелаў абслугоўвання і інфармацыі, а таксама бібліятэчнага маркетынгу. Першыя крокі ва ўласнай выдавецкай дзейнасці былі зроблены праз стварэнне друкаваных зборнікаў твораў мясцовых аўтараў і нашых землякоў-літаратараў. Аматарам вершаванага і празаічнага мастацкага слова ў раённай бібліятэцы могуць прапанаваць зборнікі твораў “Малахитовая шкатулка” Святланы Пракопік, “Вдохновение” Зюзанны Капіцы, “Я не прашу ў Бога многа…” Міколы Барэля, “Сніцца мне Бераставіца” Кастуся Станкевіча, “… І ўсё гэта з майго жыцця” Кастуся Богуша, “… Это край мой до боли знакомый” Сяргея Габрусевіча, перавыданні зборнікаў вершаў “Грамы на зімоўцы” і “Тры верасні” Івана Леткі, зборнікі вершаў Алы Лагады і Валянціны Шышпаронак. Уяўляюць цікавасць таксама выдавецкія працы “Бераставіччына і яе ваколіцы” (зборнік вершаў аб Бераставіцы) і “А дзе ж такая крынічанька…” (зборнік народных песень, запісаных на Бераставіччыне, у тым ліку і вядомым беларускім харавым дырыжорам і фалькларыстам Рыгорам Шырмай).

Пісьменнікі Гродзеншчыны

Гродзенскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”створана 21 снежня 2005 года. Старшынёй яго абрана паэтэса Людміла Антонаўна Кебіч. Членамі аддзялення з’яўляюцца каля 40 чалавек. Сярод іх – паэты, празаікі, дзіцячыя пісьменнікі, публіцысты, літаратурныя крытыкі, гумарысты, барды і спевакі.

Пісьменнікі Гродзеншчыны ак­тыўна выступаюць перад насельніцтвам горада Гродна і воб­ласці, а таксама ў сродках масавай інфармацыі з мэтай папулярызацыі літаратурнай творчасці, праводзяць прэзентацыі сваіх новых кніг, аўтарскія вечарыны. У нас на Бераставіччыне, напрыклад, у мінулым годзе адбылася сустрэча аматараў літаратурнага слова з пісьменніцай Ірынай Шатыронак.
Сярод асноўных кірункаў дзей­насці аддзялення – літаратурная праца з таленавітай моладдзю; удзел у мерапрыемствах, прысвечаных памятным літаратурным датам; паездкі па літаратурных мясцінах, цеснае супрацоўніцтва з установамі адукацыі і культуры, працоўнымі, ветэранскімі і грамадскімі арганізацыямі Гродзеншчыны. Пісьменнікі Гродзеншчыны выдаюць аўтарскія і калектыўныя зборнікі, у прыватнасці ў мінулым го­дзе выда­дзена 21 кніга. Яны адрадзілі традыцыю выдання літаратурных альманахаў. Так, з 2009 года пачаў выдавацца альманах “На Нёманскай хвалі”. Адзін раз у два гады арганізавана правядзенне абласнога літаратурнага конкурсу імя Цёткі.
Сваёй галоўнай задачай гродзен­скія літаратары лічаць адлюстраванне праз мастацкае слова вобраз цудоўнага Прынёманскага краю, падзей і з’яў, што адбываліся і адбываюцца тут; партрэт сучаснага чалавека, яго асобаснага станаўлення і суадносін з навакольным асяроддзем.
Сярод кніг, выдадзеных гродзен­скімі аўтарамі ў мінулым годзе, – “Малышам” Раісы Байковай, “Дамінанты лёсу” і “Гродно – город королей” Людмілы Кебіч, “Прилетают ночью сны” і “Книга стихов для незрячих детей”(по Брайлю) Віктара Кудлачова, “Созвездие фарфоровых щенков” Пятра Сямінскага, “О Настиной улыбке и госпоже Печали” Таццяны Сучковай, “Надзейка-чарадзейка”, “Кветка малой радзімы” і “Вавёрчын баравік” Ганны Скаржынскай, “Все мы родом из детства” і “Смех для всех” Ірыны Фамянковай, “Величие советской эпохи” і “Когда говорит история. Без умолчаний и фальсификаций” Уладзіміра Ягорычава.
Адметнай падзеяй з’яўляецца стварэнне на сайце Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” відэапартала “В зеркале времени”, які вядзе паэт Дзмітрый Радзівончык і дзе змешчаны фільм пра паэтэсу Раісу Байкову, разгорнутыя інтэрв’ю з пісьменнікамі Нінай Рыбік, Тамарай Мазур, Алай Клемянок, Віктарам Кудлачовым, канцэрт-падзея і прэзентацыя альманаха “На Нёманскай хвалі” №4, фінал конкурсу “Гродна – культурная сталіца”. Цікавую рубрыку “С миру по книжке” распачаў Дзмітрый Радзівончык, у якой ён распавядае пра кнігі пісьменнікаў з уласнай кніжнай палічкі і бібліятэчкі аддзялення. Наогул, сайт аддзялення працуе вельмі актыўна і адлюстроўвае самыя цікавыя падзеі, якія адбываюцца ў пісьменніцкай арганізацыі.
Ад рэдакцыі: Гродзенскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” размяшчаецца па адрасу: г. Гродна вуліца Савецкая, 31, пакой № 39. З некаторымі творамі гродзенскіх пісьменнікаў можна пазнаёміцца на сайце аддзялення www.pisateli.by
Падрыхтавала Святлана Ганчарова з выкарыстаннем інфармацыі з сайта www.pisateli.by



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *