Адной з каштоўных рэліквій, якія знаходзіліся ў старым бераставіцкім касцёле яшчэ да перабудовы яго ў 1865-1867 гг. у праваслаўную царкву, быў вялікі абраз з выявай Св. Анёлаў-Ахоўнікаў аўтарства віленскага мастака Францішка Смуглевіча.
Францішак Смуглевіч (1745-1807) – вядомы польскі (беларускі) мастак. У маладосці, будучы ганаровым стыпендыятам караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, вучыўся мастацкай справе ў Італіі. Пазней стаў сябрам рымскай Акадэміі Святога Лукі. Падчас знаходжання ў Рыме выканаў унутраную мастацкую дэкарацыю касцёла Св.Станіслава і палаца Нерона. У 1784 годзе вярнуўся на радзіму і з 1795 года абаснаваўся ў Вільні, узначаліўшы кафедру малюнка і мастацтва Віленскага ўніверсітэта. Па асабістым запрашэнні расійскага імператара Паўла І нейкі час працаваў у Санкт-Пецярбурзе над мастацкім аздабленнем Міхайлаўскага палаца. З’яўляецца стваральнікам знакамітых фрэсак у залах бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта, шматлікіх насценных роспісаў у касцёлах, а таксама аўтарам партрэтаў і абразоў на гістарычна-патрыятычную і рэлігійную тэматыку.
Аб наяўнасці палатна вядомага мастака ў бераставіцкім касцёле Візітацыі Панны Марыі сведчыць “Хроніка бераставіцкага касцёла” з 1849 года. Яе складальнік у адным з раздзелаў зрабіў кароткі запіс: “Маецца абраз Святых Анёлаў-Ахоўнікаў пэндзля Смуглевіча”. Нагадаю, што “Хроніка”, аб якой вядзецца размова, захоўваецца сёння ў аддзеле старажытных рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта.
Паспрабуем высветліць, як з’явілася праца славутага віленскага мастака ў Вялікай Бераставіцы. Адказ на гэта пытанне крыецца ў фондавых сховішчах гэтай самай універсітэцкай бібліятэкі, аб якой ідзе гаворка. Крыніца мае назву “Dokumenty Kosciola Brzostowickiego w Dekanacie Wolkowyskim”. Пералічаныя ў старажытным рукапісе акты датычацца пераважна матэрыяльнага боку дзейнасці местачковага касцёла – апісваецца касцёльная маёмасць, узгадваюцца зробленыя на яго карысць ахвяраванні, указваюцца прозвішчы мецэнатаў і г.д.
У нашым выпадку цікавасць прадстаўляе акт пад тытулам “Rok 1655. Kopia introdukcyi Bractwa S-go Aniola Strurza do Kosciola w Brzostowicy wiekszej, ktorego fundowal JW Jan Kazimierz Chotkiewicz”. Запіс сціплы, але крые вялікі змест. Ён сведчыць, што ў 1655 годзе ў Бераставіцу прыбылі прадстаўнікі каталіцкага брацтва Анёлаў-Ахоўнікаў і аселі пры тутэйшым касцёле, фундатарам якога з’яўляўся тагачасны ўладальнік мястэчка яснавельможны пан Ян Казімір Хадкевіч.
Брацтва Святых Анёлаў-Ахоўнікаў (Пасланцаў Божых) – каталіцкая арганізацыя, якая ў мінулым адыгрывала значную ролю ў грамадскім жыцці Рэчы Паспалітай. Заснавана ў 1626 годзе са згоды караля Уладзіслава IV на Яснай Гары ў Чэнстахове і зацверджана спецыяльнай булай Папы Рымскага Урбана VIII . З часам уплыў брацтва распаўсюдзіўся і ў межах Вялікага Княства Літоўскага. Першапачаткова прадстаўнікамі яго былі выключна духоўныя асобы – ксяндзы і манахі, якія ў сваёй дзейнасці абапіраліся на статут арганізацыі. Нябесным патронам (апекуном) брацтва лічыўся Св.Міхаіл-Архангел, а галоўнай мэтай было ўшанаванне і пашырэнне культу Св.Анёлаў-Ахоўнікаў. Манахі прапагандавалі сціплы набожны лад жыцця, заклікаючы вернікаў слухацца свайго асабістага прызначанага Богам Анёла- Ахоўніка.
Можна меркаваць, што, асадзіўшы некалі ў сваіх уладаннях брацтва, Хадкевіч ставіў перад сабой задачу – палепшыць кіраванне парафіяй і заручыцца большай падтрымкай у колах вышэйшай касцёльнай іерархіі.
З прыбыццём законнікаў у новы касцёл адзін з яго бакавых алтароў быў названы ў гонар Анёлаў-Ахоўнікаў. Каля яго рэгулярна па аўторках адбывалася імша з удзелам усіх сяброў брацтва. Яны даглядалі ўсю касцельную маёмасць, але, у першую чаргу, апекаваліся сваім алтаром – своечасова забяспечвалі яго свечкамі, сачылі за чысцінёй алтарнай бялізны і сакральнага посуду і г.д.
Адначасова праводзілася шырокая дабрачынная дзейнасць. Манахі аказвалі пасільную дапамогу бедным і хворым, давалі часовы прытулак бяздомным і пілігрымам, арганізоўвалі сваімі сродкамі пахаванне памерлых, заказвалі імшу, збіралі грошы на міласціну. Варта ўзгадаць шпіталь і пачатковую школу, якія пры беспасрэдным патранаце брацтва доўгі час дзейнічалі пры местачковым касцёле.
Мясцовыя брацтвы мелі сваю арганізацыйную структуру. На чале згуртавання ў большасці выпадкаў стаяў адміністратар (ксёндз), які меў намесніка. Акрамя гэтага ў згуртаванне ўваходзілі некалькі райцаў, скарбнік, даглядчыкі хворых у шпіталі, школьныя выкладчыкі і г.д. Апраналіся законнікі часцей за ўсё ў белы габіт, падвязаны вяроўкай-поясам. У асобных выпадках на габіце мог быць вышыты герб брацтва, альбо арнаментаваная манаграма “SAC” (Sanctus Angelus Custos). Падчас касцёльных працэсій прадстаўнікі брацтва выкарыстоўвалі харугвы з выявай Анёлаў-Ахоўнікаў і Св.Паўла-Пустэльніка. Пазней у арганізацыю дазволілі ўступаць людзям іншых саслоўяў.
З цягам часу патранальны алтар бераставіцкага брацтва быў аздоблены абразом Францішка Смуглевіча. Адбылося гэта, праўдападобна, у самым пачатку 19 ст. Хутчэй за ўсё палатно ахвяравалі ў касцёл тагачасныя ўладальнікі Вялікай Бераставіцы. Абраз славутага віленскага мастака стаў сапраўднай рэліквіяй. Ён быў не толькі духоўным сімвалам аднайменнага брацтва. У цяжкія хвіліны станавіўся сапраўдным Божым ахоўнікам і заступнікам мясцовага насельніцтва. Да алтара прыходзілі прасіць дапамогі як тутэйшыя парафіяне, так і шматлікія пілігрымы.
Штогод у Вялікай Бераставіцы адзначалася свята Анёлаў-Ахоўнікаў, прыпадаючае на 2 кастрычніка. З гэтай нагоды перад касцёлам адбываўся фэст, аб чым узгадваецца ў “Хроніцы”: “Праводзяцца фэсты ў гонар Візітацыі Найсвяцейшай Панны Марыі, як і назва самога касцёла, а таксама ў гонар Св.Анёлаў-Ахоўнікаў пры ўдзеле Брацтва…”. У гэты дзень у мястэчка сцякалася вялікая колькасць народу. Адбывалася святочная імша, удзельнікі якой атрымлівалі суцэльнае адпушчэнне грахоў (адпуст).
Усё скончылася ў 1864 годзе, калі быў зачынены бераставіцкі касцёл і ліквідавана мясцовая каталіцкая парафія. Будынак перадалі пад праваслаўную царкву, а інвентар вывезлі ў суседнія касцёлы. Падчас гэтых падзеяў у невядомым напрамку быў вывезены і абраз Францішка Смуглевіча.
Сяргей Лушчык,
г. Гродна