«Як жа хораша жыць без вайны!»

Лента новостей

78Слаўная дата Вялікай Перамогі ўсё бліжэй. Да святкавання яе рыхтуюцца ў гарадах і  сельскіх населеных пунктах, надыходзячая вялікая падзея выклікае цэлы спектр пачуццяў у сэрцы кожнага. І асабліва – у сэрцах  тых, хто ваяваў сам ці ваявалі яго родныя, хто працаваў на абарону ў тыле ворага, быў вязнем канцэнтрацыйнага лагера або парабкам на нямецкай зямлі,  чые родныя не вярнуліся з фронту, і тых, чыё маленства вайна пафарбавала ў чорны колер…

Наша даўняя аўтарка Ні­на Варфаламееўна Хабец з вёскі Кавалі Малабераставіцкага сельсавета з кагорты дзяцей вайны. У рэдакцыю яна даслала не толькі свае дзіцячыя ўспаміны пра час акупацыі, але і свой верш. У сэнсе тэхнікі вершаскладання ён далёкі ад дасканаласці, аднак напісаны 85-гадовай жанчынай вельмі шчыра, радкі ідуць з глыбіні яе душы.
– Родам я з вёскі Валотынь. Калі пачалася вайна, мне было адзінаццаць гадоў, – расказала нам жанчына. – Добра помню першыя дні яе, бо надта ж страшна было, калі нізка над вёскай раўлі нямецкія самалёты і ўзрываліся бомбы. Вораг чамусьці бамбіў мясцовасць паміж Валотынню і Масалянамі, можа таму, што тудою незадоўга перад гэтым адступалі нашы салдаты. Пасля ўзрываў на зямлю, казаў татка, было страшна глядзець. А потым па нашай Валотыні ішлі і ехалі немцы. Многія людзі хаваліся ў ямах для бульбы – там, дарэчы, мы хаваліся і тады, калі немцы ў 1944-м адступалі. Старэйшыя вяскоўцы казалі, што ў яме можна выратавацца ад снарада
Помню, як мы, дзеці, баяліся і плакалі, калі немцы ўпершыню ўвайшлі ў вёску. Бо тады нам было не проста страшна, а жудасна: усіх чакала невядомасць, і нават дарослыя не маглі сказаць, што ж будзе далей, як будзем жыць цяпер.
…І вось сядзім мы ў той цёмнай яме без таткі – ён застаўся ўпраўляцца па гаспадарцы, карміць жывёлу – і тулімся да мамы. Час цягнецца марудна, і мама ўсё гаруе, чаму гэтак доўга не вяртаецца да нас татка. Кажа: “Хоць бы ён не пярэчыў ні ў чым немцам, а то яшчэ застрэляць”.
Неўзабаве яму адкрыў татка. Расказаў, што робіцца ў вёсцы. Высветлілася, курэй цяпер у нас няма – немцы разводзяць на падворках і ў садах кастры і смажаць іх. Патрабуюць у людзей яшчэ сала і яек.
Так мы пачалі жыць у акупацыі. Не было ўжо, як раней, такіх галосных і вясёлых дзіцячых забаў на вуліцы – бацькі баяліся, што знянацку наляцяць немцы і хто ведае, што яны могуць зрабіць.
Яшчэ засталося ў памяці, як татка браў мяне з сабою касіць. Звычайна нёс у руках касу і ладны такі вузельчык з ежай – паесці нам з ім і занесці хлеба, сала, малака ці сыру пад бярозку на самым ускрайку лесу. Я ўжо добра ведала тую бярозку, бо не раз і не два бегала да яе з вузельчыкам. Для каго нашу ежу – не ведала. Калі распытвала ў таткі, ён ўсміхаўся і нічога не казаў. Падчас жартаваў: няхай зайкі падсілкуюцца, але ты нікому пра гэта не кажы, будзе ў нас з табою сакрэт. Ужо потым я даведалася, што татка нейкім чынам быў звязаны з партызанамі – касілі мы з ім заўжды непадалёк ад Бурнева, а за Бурневам быў вялікі лес…
Татка мой быў ужо ў гадах, і ў 44-м яго не ўзялі на фронт. А многія хлопцы і маладыя мужчыны з нашай Валотыні ваявалі, і нямала іх не вярнулася дамоў…
– Даўно ўжо роднай стала для мяне вёска Кавалі, – апавядае далей бабуля Ніна. – На мясцовай ферме дваццаць восем гадоў працавала даяркай. Нягледзячы на ўзрост, па-ранейшаму цікаўлюся ўсім, што робіцца ў свеце: слухаю радыё, гляджу тэлевізар, чытаю газеты. І вельмі люблю чытаць кнігі, асабліва пра вайну – іх мне прывозяць з раённай бібліятэкі бібліобусам.
– Ведаеце, для мяне свята 70-годдзя Перамогі – вельмі значнае і вялікае, – прызнаецца бабуля. – Бо і сама вайна, і той галодны, цяжкі пасляваенны час, у якім расло маё пакаленне, не маглі не накласці адбітак на нашы лёсы. Мы бачылі, як цяжка працавалі нашы бацькі, і самі, замест таго каб вучыцца, рана “ўпрагаліся” ў працу. Няхай нашы дзеці, нашы ўнукі і праўнукі не ведаюць таго, што давялося зведаць нам.
Самі сабой у мяне складваюцца радкі:
Як жа хораша жыць на свеце
Без вайны ўжо семдзесят
гадоў!
І трэба шчыра нам Бога
маліць,
Каб не было яе, праклятай,
ізноў.
Хто не бачыў вайны – той
шчаслівы,
Надта цяжкая доля выпала
нам,
Калі ляцелі з франтоў
пахаронкі
Мамам, жонкам, дачушкам,
сынам…
Калі падалі бомбы на нашу
зямельку,
І хаты, і гумны палалі
з людзьмі…
Шанаваць трэба мір усім
разам,
Каб у нас не было больш
вайны.
Марыя Драпеза,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *