Вучні пачатковых класаў Вялікабераставіцкай СШ Аляксандр Карпуць, Ірына Лабовіч, Ганна і Паліна Мелянец, Аляксей Казлоўскі і Паліна Палякова (на здымку) узнагароджаны граматамі і падарункамі, як самыя актыўныя чытачы дзіцячай бібліятэкі. А адбылося такое ўшаноўванне юных аматараў чытання падчас святочнага адкрыцця Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі.
“Книжные советы – добрые секреты” – пад такой назвай у мінулую пятніцу прайшло тэатралізавана-гульнявое свята Кнігі, якое па традыцыі ладзяць супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі-філіяла Бераставіцкай РЦБС сумесна со школьнай бібліятэкай напярэдадні вясенніх канікул.
З прывітальным словам да юных чытачоў звярнулася загадчык дзіцячай бібліятэкі Аксана Кумпель. Яна пажадала школьнікам заўсёды заставацца вернымі сябрамі кнігі, чэрпаць з іх веды і жыццёвую мудрасць.
Пачаткоўцы Вялікабераставіцкай СШ разам з любімымі казачнымі героямі Катом Базіліо, Лісой Алісай, Бурацінам і Каралевай Кнігай адказвалі на пытанні літаратурнай віктарыны, гулялі ў літаратурныя гульні, знаёміліся з правіламі карыстання кнігай і бібліятэкай. Гучалі таксама вершы пра кнігу. Тэатралізаваныя нумары ўдала дапаўнялі музыкальныя выступленні ўдзельніц дзіцячай эстраднай студыі “Арт-плюс” раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці (кіраўнікі Юлія Атрушкевіч і Кацярына Ганчарова) Паліны Хасанавай, Арыны Лукашэвіч, Карыны Жывель і Кацярыны Мікуць.
У падрыхтоўцы свята прынялі ўдзел бібліятэкары Аксана Кумпель, Данута Лагада, Таццяна Васеха, Нэлі Улявічус, а таксама рэжысёр народнага тэатра “Магія ігры” РДК Марына Хамяня і вучні 3 “А” класа Вялікабераставіцкай СШ (кл. кіраўнік Святлана Рыжова) Аляксей Казлоўскі, Ірына Патурынская, Алеся Унуковіч.
На працягу Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі ў дзіцячай бібліятэцы адбыліся такія мерапрыемствы, як літаратурная гасцёўня “Паэзіі радок цудоўны”, гадзіна паэзіі па творчасці Рыгора Барадуліна, літаратурная гульня па творах Джэралда Дарэла, літаратурная гадзіна, прысвечаная кнігам-юбілярам, дзень сучаснай беларускай дзіцячай кнігі. Была наладжана выстава дзіцячых малюнкаў навучэнцаў мастацкага аддзялення Бераставіцкай ДШМ.
Разнастайныя мерапрыемствы ў рамках Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі былі праведзены і ў сельскіх бібліятэках раёна.
Святлана Ганчарова, фота аўтара