На Бераставіччыне рыхтуецца да тэхагляду машынна-транспартны парк гаспадарак

Лента новостей

Не толькі здароўе чалавека, але і жыццё часам залежыць ад таго, наколькі спраўнай бывае тэхніка. Напрамую ад гэтага залежыць і эфектыўная работа ў гаспадарках. Гэта важнае пытанне трымаецца ў полі зроку інжынернай службы пастаянна. А ў мэтах вызначэння тэхнічнага стану машынна-трактарнага парку, наяўнасці ў механізатараў адпаведных пасвед­чанняў, кантролю за своечасовасцю праходжання імі неабходнага медагляду і забеспячэння бяспекі дарожнага руху кожны год праводзіцца дзяржаўны тэхагляд трактароў, прычэпаў да іх, самаходных машын у арганізацыях раёна незалежна ад форм уласнасці. Для гэтага распрацоўваецца графік. Да пачатку правядзення чарговага тэхагляду (да 1 сакавіка 2015 года) кіраўнікам арганізацый неабходна было зарэгістраваць у інспекцыі Дзяржтэхнагляду ўсе трактары, самаходныя, дарожна-будаўнічыя машыны, прычэпы і атрымаць на іх дзяржаўныя нумарныя знакі, тэхнічныя талоны і іншыя неабходныя дакументы. У дзень праходжання агляду да вызначанага часу трэба прадставіць усю падкантрольную тэхніку, забяспечыць наяўнасць у трактарыстаў-машыністаў пасведчання і медыцынскай даведкі аб допуску да работы, заверанай медыцынскай камісіяй. Прадугледжаны і іншыя патрабаванні, абавязковыя да выканання.
У раённую камісію па правядзенні тэхнічнага агляду ўваходзяць начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду (старшыня) Анатолій Станкевіч, а таксама загадчык сектара механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама Віктар Боська, галоўны спецыяліст сектара механізацыі Дзмітрый Шавель і старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення дзяржаўтаінспекцыі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Віктар Котаў.
У гаспадарках раёна стараюцца, каб тэхніка была ў парадку. Вядома, не абыходзіцца і без праблем, выкліканых значным падаражаннем запчастак. Такая карціна зараз у цэлым па рэспубліцы. Гэта стварае пэўныя цяжкасці для аграрыяў. А марудзіць ужо няма куды, зімы сёлета амаль і не было, вясна ж, магчыма, у гэтым годзе будзе ранняя. Страчваць час нельга, сяўбу трэба будзе правесці ў аптымальны тэрмін.
Напрыклад, у СВК “Пархімаўцы” прадставіць на тэхагляд трэба 28 трактароў і 10 трактарных прычэпаў, 4 самаходныя пагрузчыкі. Так 031 037што фронт работ тут дастаткова вялікі. Мне давялося пабачыць, як вопытны механізатар Віктар Арцюхевіч, стаж якога пачаў свой адлік у 1994 годзе, зняў і рыхтуе рухавік са свайго трактара МТЗ-80 (на здымку ўверсе) да адпраўкі на Слонімскі рамонтны завод. Там выконваецца гарантыйны і складаны рамонт. Пра Віктара Мікалаевіча вельмі станоўча выказваюцца ў гаспадарцы. Ён добрасумленны працаўнік і шматдзетны бацька, у яго чацвёра дзяцей. Сям’і далі добраўпарадкаваны дом. Старэйшы сын Арцюхевічаў Арцём ужо выбраў прафесію бацькі і вучыцца на 2 курсе Бераставіцкага дзяржаўнага прафесіянальнага сельскагаспадарчага ліцэя. Вядома, без бацькоўскага добрага прыкладу хлопец не зацікавіўся б такой нялёгкай прафесіяй. Добра, што ў гаспадарцы з’явілася дынастыя, а для механізатараў сельгас­кааператыва рыхтуецца маладая змена. Хлопец ужо неаднаразова дапамагаў бацьку, а ў ліцэі атрымае пасведчанне аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі і будзе дзяліцца з ім сучаснымі ведамі.
А механізатар Мікалай Хілюта (на здымку ўнізе) у мінулым годзе атрымаў новага магутнага “жалезнага каня” – МТЗ-1221. Ён таксама прадстаўнік мясцовай дынастыі, бацька яго быў трактарыстам. Мікалай працуе ў гарачую пару на розных відах тэхнікі, беражэ яе, усе работы выконвае якасна. Зараз у яго, як і ў іншых прадстаўнікоў такой прафесіі, галоўны клопат – тэх­агляд і падрыхтоўка да гарачай напружанай пары. Неўзабаве разам з цёплымі дзянькамі набярэ абароты адвечны калаўрот сялянскіх работ, таму кожнаму механізатару трэба падысці да гэтага “ва ўсеўзбраенні”, каб потым не турбавацца.
У час нядоўгай гутаркі з гэтымі механізатарамі мне прыйшлося яшчэ раз упэўніцца, як даецца працаўнікам сельскай гаспадаркі хлеб і малако. “Моцнае звяно” ў гэтым ланцужку – механізатары, сапраўды незаменныя людзі. “Чыстай”, вядома, такую адказную работу не назавеш, але як важна, што мужчыны любяць свой занятак, хаця ён і зімой, і летам праходзіць у вельмі няпростых умовах.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *