Заняць прызавое месца на міжнародным конкурсе нялёгка. А выйграць Гран-пры – увогуле прэстыжна. Менавіта такой узнагароды былі ўдастоены навучэнцы мастацкага аддзялення Бераставіцкай ДШМ.
У снежні мінулага года навучэнцы мастацкага аддзялення прынялі ўдзел у Міжнароднай выставе-конкурсе дзіцячай творчасці «Гісторыя ў асобах», прысвечанай памяці (1000-годдзю з дня смерці) старажытнарускага князя Уладзіміра-Чырвонае Сонейка. Заснавальнікі і арганізатары конкурсу – а гэта Дзяржаўная бюджэтная ўстанова культуры Уладзімірскай вобласці «Цэнтр прапаганды выяўленчага мастацтва» – запрасілі да ўдзелу навучэнцаў мастацкіх ДШМ, мастацкіх аддзяленняў ДШМ, студый і гурткоў выяўленчага мастацтва Расіі і краін блізкага замежжа. Адгукнуліся на запрашэнне больш за 460 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў. І не толькі з Расіі, але таксама з Беларусі і Узбекістана. 260 лепшых жывапісных, графічных і скульптурных работ былі прадстаўлены шырокаму колу аматараў выяўленчага мастацтва Уладзімірскай вобласці і шматлікім гасцям на выставе ў Цэнтры прапаганды выяўленчага мастацтва з 19 снежня мінулага года па 12 студзеня гэтага года. Тэмы твораў вельмі розныя. Гэта вобразы старажытнарускіх князёў і княгінь, волатаў, праваслаўных святых, а таксама гістарычныя падзеі Старажытнай Русі.
Ганарова, што сярод выставачных работ прысутнічалі і малюнкі навучэнцаў Береаставіцкай ДШМ Марыі Кіган, Аляксея Матысіка і Аляксандры Крэйзы. Работы нашых юных мастакоў былі высока ацэнены членамі журы, сярод якіх расійскія прафесійныя мастакі, мастацтвазнаўцы, музейныя работнікі, выкладчыкі мастацкіх ВНУ. Марыя і Аляксей сталі
ўладальнікамі Гран-пры ў сваёй узроставай катэгорыі, Аляксандра атрымала дыплом III ступені. Удзел у конкурсе прынялі таксама Валерый Цярэшка і Вольга Стрыга.
Трэба адзначыць, што юным мастакам нашага гарпасёлка было досыць складана працаваць над гістарычнай тэмай. Яе мастацкая перадача на паперу стала для вучняў вялікім выпрабаваннем. Але з выбарам таго ці іншага вобразу дапамог настаўнік мастацкага аддзялення Андрэй Втарушын, у якога займаюцца юныя мастакі. Перад пачаткам работы над конкурснымі малюнкамі вопытны педагог правёў з дзецьмі гутаркі па гісторыі рускага і савецкага мастацтва, расказаў пра ролю і значнасць рускіх князёў Уладзіміра Святаслававіча, Яраслава Мудрага, Усевалада Юр’евіча і адважнага волата Якава з Полацка, які вызначыўся ў Неўскай бітве 1240 года. Гэтыя героі і сталі галоўнай тэмай творчых работ.
Такая сумесная плённая праца прынесла свае вынікі. Пацверджанне гэтаму – высокія месцы на міжнародным конкурсе. Віншуем Марыю, Аляксея і Аляксандру, а таксама іх настаўніка з такім значным творчым дасягненнем.