Дарога да сына

Лента новостей

IMG_2074Далёкая афганская вайна пакінула цяжкі след у памяці не толькі салдат і афіцэраў, якія прайшлі праз яе гарніла, але і іх родных і блізкіх, што  з трывогай і надзеяй чакалі іх вяртання дадому. І, безумоўна,  найбольш давялося перажыць маці салдат, сэрцы якіх ні на хвіліну не пераставалі трывожыцца за лёс сваіх сыноў.

Зінаіда Зямцова з Вялікай Бера­ставіцы таксама адчула на сабе ўвесь боль ад чакання сына з вайны. І нават сёння, калі ўжо мінуў не адзін дзясятак гадоў з таго часу, яна не можа без слёз успамінаць тыя гады.
Зінаіда Мікалаеўна засталася ўдавой у 24 гады і адна выхоўвала дваіх дзетак. Яна ўклала ў іх усю сваю душу і аберагала, як магла.
У лістападзе 1986 года яе сына Юру прызвалі ў армію. Першае пісьмо ад яго прыйшло з вучэбнай часці, якая размяшчалася ў горадзе Кушка (Туркменістан). У той час гэта азначала, што Юру неўзабаве адправяць у Афганістан, усе блізкія і знаёмыя сталі аб гэтым гаварыць Зінаідзе Мікалаеўне. Матчына сэрца не знаходзіла сабе месца ў трывозе за сына. І яна вырашыла паехаць яго праведаць і развітацца перад адпраўкай на вайну. Хуценька сабрала сумкі з пачастункамі для салдата, купіла білет на самалёт з Мінска да Ашхабада. А вось тое, што трэба браць пропуск у ваенкамаце, каб трапіць у вайсковую часць у Кушцы, яна не ведала. Вылет самалёта з Мінска з-за нялётнага надвор’я затрымалі на цэлыя суткі, гэта таксама дабавіла хваляванняў, бо тэлеграма з датай прылёту ўжо была адпраўлена сыну. У дарозе Зінаіда Мікалаеўна пазнаёмілася з Марыяй з Даўгалпілса і Тамарай з Оршы, якія таксама ехалі да сваіх сыноў у Кушку, праўда, служылі яны ў іншых часцях. Марыя ехала са сваім братам Валодзем, яны ведалі, што ў пагранічную зону патрэбны пропускі і атрымалі іх. А вось Зінаіда з Тамарай неабходных дакументаў не мелі.
У Ашхабадзе яны пераселі на цягнік, білеты ім далі толькі да горада Мары, бо далей без пропускаў не пускалі. У цягніку ім адна жанчына параіла не выходзіць у Мары, а ехаць далей. Бо ў Мары адназначна ніхто білета да Кушкі без пропуска не дасць, а ў цягніку, магчыма, і ўдасца дамовіцца з правадніком. Цягнік ехаў паўпусты, людзей у ім было нямнога, і праваднік неўзабаве прыйшоў праверыць білеты. Як яго жанчыны не прасілі, як не прапаноўвалі грошы, ён быў няўмольны і сказаў, што пагранічнікі ў любым выпадку знімуць іх з цягніка. Дзесьці пад ранак прыйшла жанчына — начальнік цягніка і сказала, што не хоча за іх адказваць і што яе расстраляюць разам з імі за парушэнне пагранічнага рэжыму і на станцыі Сарыязы высадзіла іх з цягніка. Сумкі з прадуктамі Зінаіда і Тамара пакінулі Марыі, разам з адрасамі сваіх сыноў, а самі засталіся на пустыннай станцыі. Яны не ўяўлялі нават, што рабіць далей і толькі заліваліся слязьмі. Праз некаторы час на станцыю сталі падыходзіць рабочыя-туркмены, адзін з іх разумеў па-руску і ўбачыўшы, у якую цяжкую сітуацыю трапілі жанчыны, паабяцаў дапамагчы і адвезці іх у Кушку, да якой яшчэ заставалася 220 кіламетраў. Зінаіда Мікалаеўна ўспамінае, што пасадзілі іх у чырвоны “Масквіч”, папярэдзілі, каб у выпадку сустрэчы з пагранічнікамі яны гаварылі, што жывуць тут і едуць у Кушку на працу, а пашпарты забылі дома. Той мужчына, які размаўляў па-руску, сказаў, што паедзе за імі на матацыкле. Праз некалькі кіламетраў машына пад’ехала да нейкай адзінокай пабудовы і туркмен на сваёй мове папрасіў іх выйсці. Але ў жанчын ад страху адняліся ногі, яны ўжо вырашылі, што іх тут заб’юць і зноў заліліся слязьмі. Праз хуткі час пад’ехаў матацыкліст і растлумачыў, што ў машыне прабітае кола і трэба яго замяніць, пастараўся супакоіць жанчын, прапанаваў пакарміць іх. Але, як кажуць, у страха вялікія вочы, і Зінаіда з Тамарай ужо малявалі самыя страшныя карціны свайго далейшага лёсу. Яны ўпалі на калені і прасілі адвезці да сваіх дзяцей…
Пасля рамонту машына зноў адправілася ў дарогу і, на шчасце, з пагранічнікамі яны не сустрэліся, бо туркмены стараліся ехаць аб’язнымі дарогамі, пакуль не дабраліся да гасцініцы ў Кушцы. Марыя з Валодзем ужо таксама сюды засяліліся і пайшлі шукаць вайсковую часць, дзе служыў Юра. Валодзя прадставіўся ў часці як дзядзька Юры і папрасіў адпусціць яго забраць сумкі з гасцініцы. IMGЮра вельмі здзівіўся і занепакоіўся, бо і так перажываў за маці, якая не прыехала ў вызначаны час.
І вось толькі паспела Зінаіда засяліцца ў гасцініцу, як праз акно ўбачыла свайго сына, які спяшаўся сюды. Ад радасці жанчына страціла прытомнасць. А потым яны хуценька пабеглі ў часць, каб паспець застаць камандзіра і прасіць адпусціць сына на ноч у гасцініцу.
На наступны дзень у часці была прысяга, Зінаіда Мікалаеўна была адзінай маці, якая змагла прыехаць да свайго сына (на здымку ўнізе), ёй далі слова, яна выступала перад салдатамі. У Кушцы Зінаіда Зямцова прабыла з сынам сутак пяць, а ўся дарога ў Туркменістан і назад заняла 10 дзён, з вяртаннем назад без пропуска таксама былі праблемы, але добрыя людзі не пакінулі яе ў бядзе, дапамаглі. І сёння Зінаіда Мікалаеўна з удзячнасцю ўспамінае туркменаў, якія прыйшлі ёй на дапамогу, яна яшчэ доўгі час падтрымлівала сувязь з імі.
Праз хуткі час Юру адправілі ў Афганістан, ён служыў у Джалалабадзе, у дэсантна-штурмавой брыгадзе. Маці з нецярпеннем чакала рэдкіх пісем ад сына, хвалявалася і маліла Бога, каб захаваў яму жыццё.
Юра вярнуўся дадому жывым, ён і па сённяшні дзень удзячны маці і ўпэўнены, што яго зберагла яе любоў і малітва, а тое, што яна пераадолела звыш пяці тысяч кіламетраў, каб убачыць яго, лічыць сапраўдным мацярынскім подзвігам.
Ірына Міклаш, фота аўтара і з сямейнага архіва
Зінаіды Зямцовай



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *