Адразу два творчыя калектывы Бераставіччыны атрымалі ганаровае званне “народны”. Гэта інструментальны ансамбль настаўнікаў Пагранічнага філіяла Бераставіцкай ДШМ “Вереск” і аматарскае аб’яднанне раённага Дома культуры “Вінт”.
Адпаведная пастанова міністэрства культуры была прынята напрыканцы мінулага года на падставе п.1. арт.32 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь” і Палажэння аб народным (узорным) непрафесійным (аматарскім) калектыве мастацкай творчасці ў Рэспубліцы Беларусь. “Вереск” і “ВІНТ” у ліку іншых калектываў краіны адзначаны званнем “народны” за дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай творчасці, адпаведны мастацкі ўзровень і творчыя дасягненні, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, актыўную канцэртную і выставачную дзейнасць. Аднак папярэднічала гэтаму сур’ёзная падрыхтоўка. Як расказала загадчык Пагранічнага філіяла Бераставіцкай ДШМ і кіраўнік цяпер ужо народнага інструментальнага ансамбля «Вереск» Святлана Баран, у лістападзе мінулага года калектыў трымаў творчую абарону перад кампетэнтнай камісіяй з вобласці. Была падрыхтавана 40-мінутная праграма з разнажанравых твораў, якую музыканты паспяхова выканалі на сцэне Свіслацкай дзіцячай школы мастацтваў.
Нагадаем, інструментальны ансамбль “Вереск” дзейнічае з 2008 года. У ансамблі сем удзельнікаў – Святлана Баран (акардэон), Ганна Белавусава і Святлана Клімчук (домры), Вольга Купрыянава і Таццяна Сідаровіч (балалайкі), Галіна Антоненка (клавішныя) і Ілья Худзякоў (бас-гітара).
Аматарскае аб’яднанне РДК “Вінт” – унікальнае ў сваім родзе на Гродзеншчыне, ва ўсякім выпадку сярод афіцыйна дзейнічаючых. Яго кіраўнік Аляксандр Унуковіч – чалавек, для якога авіямадэляванне – захапленне ўсяго жыцця. Аляксандр Вацлававіч змог захапіць гэтай справай многіх бераставіцкіх хлопчыкаў. За доўгія гады свайго існавання “Вінт” стаў сапраўдным клубам аднадумцаў, людзей з агульнымі інтарэсамі. Прычым сярод яго ўдзельнікаў не толькі школьнікі, але і дарослыя. У гарпасёлку вырасла ўжо не адно пакаленне авіямадэлістаў, а захапленне па стварэнні і запуску мадэляў стала для многіх сямейным хоббі.
Для атрымання звання “народны” калектывам быў падрыхтаваны адпаведны пакет дакументаў, свайго роду прэзентацыя дзейнасці аб’яднання ў розных напрамках, у тым ліку з копіямі дыпломаў і грамат, фота- і відэаматэрыяламі і г.д. Камісіяй была ўлічана і выставачная дзейнасць клуба, а таксама ініцыятыва бераставіцкіх авіямадэлістаў па правядзенні адкрытага раённага фестывалю авіямадэляў «Бераставіца запрашае сяброў», які традыцыйна праходзіць летам і куды прыязджаюць аматары-авіямадэлісты далёка з-за межаў раёна.
Калектывы, якія маюць званні народных і ўзорных, павінны прымаць актыўны ўдзел у культурным жыцці свайго рэгіёна, выступаць з канцэртнымі праграмамі на раённых і абласных сцэнічных пляцоўках, арганізоўваць выставы і папулярызаваць сваю дзейнасць сярод насельніцтва. Спадзяёмся, што “Вереск” і “Вінт” сваёй творчай дзейнасцю будуць адпавядаць гэтым патрабаваннямі і надалей трымаць у рабоце высокую планку.
Святлана Ганчарова