“Дрэва кахання і вернасці” з’явілася ў Бераставіцы

Актуально Лента новостей

IMG_1938Многія з жыхароў і гасцей райцэнтра, мабыць, заўважылі, як напярэдадні навагодніх святаў на беразе бераставіцкага возера на невялікай пляцоўцы, вымашчанай пліткай, “вырасла” дрэва. Вядома, не сапраўднае, а дэкаратыўнае.
Ініцыятыва стварэння “Дрэва кахання і вернасці” сыходзіла ад мясцовага кіраўніцтва. А сродкі на добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол возера і бальнічнага парка былі зароблены падчас раённага суботніка восенню мінулага года. З гэтых жа крыніц фінансавалася і будаўніцтва новай скульптурнай кампазіцыі.
Дэкаратыўная кампазіцыя выканана ў тэхніцы мастацкага кавальства і ўяўляе сабой цэльную скульптуру вышынёй два з паловай метры. Яе аўтарамі сталі вядомыя гарадзенскія майстры, якія працавалі над афармленнем інтэр’ера “Музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы”.
Канцэпцыя ўвасаблення галоў­най ідэі мае глыбокія карані ў старажытных традыцыях, якія звязаны з абагаўленнем дрэў. Так з’явіўся вобраз дрэва сусвету, або дрэва шчасця, якое ў многіх культурах з’яўляецца сімвалам жаночага пачатку і носьбітам першаасноў жыцця.
Варта таксама адзначыць беларускую традыцыю, калі маладыя звярталіся менавіта да каваля, каб той мог замацаваць іх саюз, выкаваўшы з жалеза медальён з іх імёнамі. Пазней медальён кідаўся ў палаючае гарно, каб агонь паглынуў яго і ніякая злая моц не паўплывала на іх лёс.
Наша каванае дрэва мае дзевяць галінак, якія пераплятаюцца і цягнуцца ўверх. Лічба дзевяць атаясамліваецца з перыядам выношвання дзіцяці ва ўлонні маці.
У апошні час сярод маладых параў існуе традыцыя вешаць замкі на поручні мастоў у знак вернасці і неразлучнасці. Кажуць, што першы замок як сімвал вечнага кахання быў зашчоўкнуты больш за дзесяць гадоў таму ў Італіі. Потым мода захапіла іншыя краіны і гарады. А ў Маскве нават пабудавалі спецыяльны “Мост кахання”, на якім усталявалі і “Дрэва кахання”.
Між тым каванае “Дрэва кахання і вернасці” на беразе возера ў Вялікай Бераставіцы прыкмецілі маладыя пары і на ім ужо з’явіліся першыя сімвалы вечнага кахання і вернасці. У будучым плануецца ўсталяваць на маляўнічым беразе возера і “Лаўку прымірэння”.

Яўген Волкаў, старшы
навуковы супрацоўнік
“Музея Вавёркі”
Фота Сяргея Хілюты



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *